5 траўня 2024, Нядзеля, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ могуць прадаць Расеі

9

Незалежныя эксперты лічаць, што акцыянаванне МАЗа носіць «палітычны характар».

Буйнейшы ў СНД вытворца самазвалаў і цягачоў Менскі аўтамабільны завод перастаў быць унітарным прадпрыемствам і стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі у апошні час не раз заяўляў аб неабходнасці паскарэння працэсу прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Але мала хто чакаў, што ўлады дапусцяць акцыянаванне Менскага аўтазавода. Што мае пад сабой гэты крок улад, прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў пракаментаваць сустаршыню прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандра Бухвостава.

«Пакуль гэта тайна за сям'ю пячаткамі, -- кажа Аляксандр Бухвостаў. -- Невядома, што рушыць услед за акцыянаваннем. Думаю, што ў дадзеным выпадку – кантрольны пакет акцый застанецца ў Лукашэнкі. Таму што ён – «уласнік» усіх буйных прадпрыемстваў у Беларусі. І усё будзе залежаць ад таго, каму будуць прададзеныя пакінутыя акцыі і як новы гаспадар вырашыць з імі распарадзіцца».

Па меркаванні старшыні прафсаюзу РЭП, акцыянаванне МАЗа верагодней за ўсё праводзіцца ў інтэрасах Расеі.

«Акцыянаванне завода ў першую чаргу праводзіцца ў расейскіх інтэрасах, -- лічыць Аляксандр Бухвостаў. -- Не думаю, што нейкія заходнія транснацыянальныя карпарацыі зацікавяцца ў набыцці МАЗа. Асабліва ў сувязі з вострым крызісам аўтамабільнай прамысловасці».

Аляксандр Бухвостаў лічыць, што рашэнне беларускіх улад аб акцыянаванні МАЗа носіць палітычную падаплёку. Па ягоным меркаванні, працоўны калектыў завода не прыме ўдзел у акцыянаванні.

«У акцыянаванні МАЗа пераследуецца нейкі інтарэс. І, хутчэй за ўсё, інтарэс палітычны, а не эканамічны, -- лічыць сустаршыня прафсаюзу РЭП. -- Мы даўно падлічылі, што для вывядзення МАЗа на высокатэхналагічны ўзровень неабходна больш за 300 млн. даляраў. У нас у краіне інвестараў, якія здольныя ўзяць на сябе МАЗ, няма».

Таксама эксперт лічыць, што пераход МАЗа з унітарнага прадпрыемства ў ААТ не з'яўляецца канчатковай стадыяй акцыянавання прадпрыемства.

«Трэба ўлічваць, што МАЗ – гэта яшчэ дзясятак заводаў у Беларусі, якія працуюць на ягоны галоўны канвеер. Варта чакаць, што гэтыя прадпрыемствы таксама ў хуткім часе будуць пераведзеныя ў ААТ».

Аляксандр Бухвостаў нагадвае, што сёння на МАЗе працуюць больш за 20 тысяч чалавек. І пераход заводу ў акцыянернае таварыства трэба ацэньваць менавіта з пункту гледжання пытання беспрацоўя.

«Натуральна акцыянаванне пацягне за сабой змены, магчыма, дэструктурызацыю МАЗа, -- кажа эксперт. -- Таму, сёння галоўнае – каб пры новым уладальніку захаваліся працоўныя месцы. Думаю, што гэтае пытанне будзе вырашанае, таму што МАЗ цікавы расейскім аўтамабільным заводам».

У той жа час эксперт адзначае і іншы варыянт развіцця падзей:

«Мы маем прэцэдэнт з «Мотавелазаводам», -- распавядае Аляксандр Бухвостаў. -- Завод прадалі, а людзі не працуюць. Прадалі дарагую зямлю ў цэнтры Менска – і ўсё. У дадзенай сітуацыі працаўнікі нічога не выйгралі».

Пакуль невядома, хто стане асноўным інвестарам МАЗа. Раней аб намеры набыцця заводу заяўлялі:

Аўтамабільны холдынг Алега Дзерыпаскі (2001 г., чэрвень 2008 г.).

Аўтапрамысловы холдынг «Сібірскі алюміній» (2001 г.).

Дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі», якая кіруе актывамі КамАЗа (лістапад, 2008 г.).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках