18 траўня 2024, Субота, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На горналыжны курорт беларускага дыктатара запрасіў сербскі алігарх Косціч

32

Стала вядома, чаму Лукашэнка абраў для зімовага адпачынку сербскую «Капаоніку».

Як паведамляе Press online, на гэты курорт беларускі кіраўнік прыбыў па асабістым запрашэнні ўладальніка гатэля «Гранд» буйнога сербскага бізнэсмэна Міодрага Косціча. Нагадаем, што менавіта ў гэтым гатэлі спыніўся Лукашэнка і ўсе, каго ён прывёз з сабой.

Press online адзначае, што зараз на курорце «Капаоніка» праходзіць бізнэс-форум, у якім прымае ўдзел прэзідэнт Сербіі Борыс Тадзіч і прэзідэнт Рэспублікі Сербскай (частка Босніі і Герцагавіны) Мілорад Додзік. Міодраг Косціч лічыць, што з часам гэты бізнэс-форум па прадстаўніцтве ягоных ўдзельнікаў можна будзе называць сербскім Давосам. У той жа час, Косціч не стаў казаць, ці будзе Лукашэнка сустракацца з кімсьці з удзельнікаў бізнэс-форума прадстаўнікоў урада Сербіі.

Нягледзячы на таўшчыню кашалька, рэпутацыя ў Міодрага Косціча, які валодае аграрнай кампаніяй «MK grupa», у Сербіі неадназначная. Яго падазраюць у не зусім карэктных, а часта і незаконных метадах вядзення бізнэсу, пішуць «Белорусские новости».

У чэрвені 2004 года ён нават быў арыштаваны ўладамі на той момант адзінай Сербіі і Чарнагорыі па абвінавачванні ў фінансавых махінацыях, у прыватнасці, у махлярстве з пастаўкамі цукру ў Еўрапейскі звяз. Брусэль сцвярджаў, што Косціч набываў цукар па невялікіх коштах у трэціх краінах і пастаўляў яго ў ЕЗ з парушэннем ільготнага рэжыму.

Кажуць, што менавіта на цукровых спекуляцыях Міодраг Косціч зарабіў не толькі свае мільёны, але і мянушку «цукровы кароль Сербіі». У 2005 годзе Міодраг Косціч з 300 млн. еўра замкнуў сотню найбагацейшых бізнэсмэнаў пост-сацыялістычных краін па версіі польскага штотыднёвіка «Wprost».

Ёсць у Косціча інтэрасы і ва Ўкраіне, дзе ён праз кіеўскую кампанію «Аграінвест» займаецца сельскай гаспадаркай. У прыватнасці, гадоўляй і продажам збожжа. Там жа Косціч мае намер пабудаваць завод па вытворчасці біяэтанолу з кукурузы.

У ідэале Косціч хацеў бы, каб вытворчы цыкл ягонай кампаніі доўжыўся ўсе 12 месяцаў у годзе, для чаго ён мае намер пашырыць бізнэс за кошт Казахстана, Аргентыны і краін Афрыкі. Ёсць у прыцэле «MK grupa» і Беларусь. У красавіку мінулага года Міодраг Косціч прыязджаў у нашую краіну і наведаў Баранавіцкі і Бабруйскі раёны. Сербскі бізнэсмэн хацеў бы ўзяць у Беларусі ў арэнду да 50 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Але ў Баранавічах, да прыкладу, мясцовае кіраўніцтва было гатовае выключыць з абарачэння пад сербскія патрэбы толькі 10 тысяч га.

Гатэль «Гранд», дзе сягоння кватаруе Аляксандр Лукашэнка, а таксама некалькі рэстаранаў і дамоў на курорце «Капаоніка» Міодраг Косціч набыў летась. Сербскія СМІ адзначалі шматлікія дзівацтвы гэтай угоды. Тэндэр кампанія «MK grupa» выйграла без канкурэнцыі, прычым кошт набытых актываў быў ўдаве меншы за першапачаткова заяўлены — 23 млн. еўра супраць 45 млн. Таксама кампанія Косціча выяўляла цікавасць да аздараўленчых аб'ектаў у Чарнагорыі.

У сябе ў краіне 48-гадовы Міодраг Косціч вядомы яшчэ і тым, што ягоная былая жонка Мар'яна Косціч выйшла замуж за папулярнага нямецкага футбаліста Лотара Матэўса (з якім, зрэшты, таксама развялася), а сваю 50-метровую яхту Косціч назваў «Аleksandr V» — у гонар сына Аляксандра, якому на момант пакупкі дарагой цацкі было пяць год.

Стала таксама вядома, што сёння дзесьці ў перапынку паміж забегам па лыжні і рэлаксуючым заплывам у басейне Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Сербіі Мірка Цвятковічам і віцэ-прэм'ерам — міністрам эканомікі і рэгіянальнага развіцця Младанам Дзінкічам. Гутаркі насілі нефармальны характар.

Лукашэнка з прэм'ер міністрам Сербіі Мірка Цвятковічам, фота yahoo.com

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках