СБУ адрэагавала на пагрозы Церцеля ўдарыць па дзіцячай лякарні
31- 26.04.2024, 22:30
- 35,464
І нагадала лукашысцкаму рэжыму пра Гаагу.
Служба бяспекі Украіны адрэагавала на пагрозу кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля ўдарыць па дзіцячай лякарні ў Кіеве.
СБУ заклікала ўспрымаць заявы прадстаўнікоў беларускіх уладаў наконт міфічных тэрарыстаў у кіеўскіх лякарнях як праяву інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый.
«СБУ заклікае ўспрымаць любыя заявы прадстаўнікоў беларускіх уладаў наконт міфічных тэрарыстаў, якія нібыта знаходзяцца ва ўкраінскіх лякарнях, як праяву інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый, якія гуляюць на руку РФ.
У той самы час наша краіна ўжо трэці год процідзейнічае ворагу ў поўнамаштабнай вайне, і ўсе грамадзяне разумеюць важнасць прытрымлівання правілаў бяспекі.
Таму і спецыяльныя службы, і прадстаўнікі мясцовай улады рэагуюць на кожную патэнцыйную пагрозу згодна з прадугледжанымі пратаколамі дзеянняў. Цяпер ужываюцца ўсе неабходныя захады, каб нівеляваць любыя негатыўныя наступствы нават тэарэтычнай пагрозы», – паведаміла СБУ.
У СБУ дадалі, што беларускім уладам трэба не палохаць украінцаў псеўдазаявамі, а думаць, «як не апынуцца на лаве падсудных у Гаазе побач з крамлёўскім дыктатарам».