Банкі Кітая прамянялі сяброўства з Расеяй на лаяльнасць ЗША
2- 27.04.2024, 21:12
- 5,268
Кітайскія банкі старанна правяраюць плацяжы ад кампаній РФ.
Ціск Злучаных Штатаў на Кітай у пытанні яго супрацоўніцтва з Расеяй, у тым ліку візіт у КНР кіраўніка Дзярждэпа Энтані Блінкена, падобна, мае свой плён. Кітайскія банкі прадаўжаюць затрымліваць і вяртаць знешнегандлёвыя плацяжы расейскіх кампаній, баючыся трапляння ў другасныя санкцыі з боку ЗША, піша Reuters (пераклад – dialog.ua).
Цяпер банкі Паднябеснай апрацоўваюць транзакцыі расейскіх фірмаў у ручным рэжыме, старанна правяраючы, ці не звязаныя яны з падсанкцыйнымі таварамі. Больш за тое, фінансавыя арганізацыі запытваюць транспартныя дакументы і ў выпадку ўстанаўлення знаходжання расейскага чыгуначнага перавозніка ў санкцыйных спісах вяртаюць плацеж.
Праз рост праблемаў расейскія кампаніі вымушаныя звяртацца да пасярэднікаў у трэціх краінах, праз якіх цяпер праходзіць палова транзакцый.
Напалоханыя пагрозай фінансавыя ўстановы Паднябеснай абмяжоўваюць свае стасункі з расейскімі фірмамі, якія, у сваю чаргу, спяшаюцца адкрыць рахункі ў адзіным філіяле расейскага банка ў Кітаі – «ВТБ», аднак праз вялізны попыт чарга задоўжылася на некалькі месяцаў.
Крыніцы, у тым ліку гандлёвыя кансультанты, банкіры, імпарцёры і экспарцёры, якія хочуць застацца ананімнымі, каб падзяліцца канфідэнцыйнай інфармацыяй, паведамілі, што затрымкі транзакцый змушаюць расейскія кампаніі звяртацца да паслуг пасярэднікаў у трэціх краінах, нягледзячы на звязаныя з гэтым рызыкі.
Такімі пасярэднікамі выступаюць юрыдычныя асобы з Ганконга, Кыргызстана, Казахстана, ААЭ.
Пры гэтым буйныя расейскія кампаніі, многія з якіх знаходзяцца ў санкцыйных спісах, адладзілі гэтую схему яшчэ год таму.
У той самы час выкарыстанне пасярэднікаў мае свае праблемы. Так, яны могуць спаганяць камісію некалькі тысячаў даляраў за адзін плацеж. Акрамя гэтага, нельга выключаць рызыкі канфіскацыі тавараў у выпадку ўдзелу трэціх краінаў. Крыніца агенцтва расказала пра канфіскаваную буйную партыю сэрвераў, якая перавозілася з КНР у РФ праз Казахстан, паколькі гэтая прадукцыя знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША.
Тым часам адзін расейскі імпарцёр паведаміў, што ў яго знікла пэўная частка юаняў, якую ён спрабаваў адправіць у КНР цягам месяца.