Маск ацаніў, колькі яшчэ праіснуе наша цывілізацыя
48- 7.04.2024, 15:43
- 9,204
Бізнэсовец мяркуе, што людзям трэба асвойваць іншыя планеты.
Наша цывілізацыя зможа праіснаваць «мільёны гадоў» пры засваенні іншых планет, мяркуе заснавальнік Tesla і SpaceX, уладальнік сацыяльнай сеткі X (ранейшая назва – Twitter), адзін з найбагацейшых людзей свету Ілан Маск (Forbes ацэньвае яго багацце на $189,2 млрд).
«Калі мы станем міжпланетнымі, а пасля і міжзорнымі, наша цывілізацыя праіснуе мільёны гадоў. Калі не, то, магчыма, усяго некалькі сотняў гадоў», - напісаў ён у X у адказ на адпаведнае пытанне.
З яго слоў, чалавецтву трэба «захоўваць цяперашні ўзровень тэхналагічнага развіцця», пакуль «Марс не стане самадастатковым», на што спатрэбіцца блізу 20 гадоў.
Маск не раз казаў, што хацеў каланізаваць Марс. У лютым 2023 года ён сцвярджаў, што самая цяжкая ў свеце ракета-носьбіт Starship зможа даставіць людзей на гэтую планету ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, а ў верасні не выключаў, што праз 15 гадоў там можа быць створаная «квітнеючая база». У лістападзе кампанія Маска SpaceX правяла другі няўдалы запуск ракеты Super Heavy і касмічнага карабля Starship, ракета ўзарвалася.
Прадпрымальнік не выключаў наступлення канца свету праз штучны інтэлект, які выйшаў з-пад кантролю, імавернасць гэтага ён ацаніў прыкладна на 10-20%.