ISW: Расея перакідвае войскі для наступу на Харкаў
13- 6.05.2024, 10:27
- 13,654
Фармуецца паўночная групоўка войскаў.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай справаздачы адзначае, што паведамленні аб перадыслакацыі расейскага дэсантнага батальёна з паўднёвага фронту ў Курскую вобласць сведчаць аб тым, што Расея працягвае нарошчваць паўночную групоўку. Гэтая групоўка можа зноў атакаваць паўночны ўсход Украіны, у тым ліку Харкаў. Зрэшты, сіл для штурму Харкава ў Расеі на гэтым кірунку, на думку ISW, пакуль няма.
Аналітыкі ISW, спасылаючыся на ўкраінскага вайсковага аглядальніка Канстанціна Машоўца і расейскага ваеннага блогера, паведамляюць, што нядаўна ў Курскую вобласць з фронту ў Запарожскай вобласці быў перакінуты батальён са складу 76-й (Пскоўскай) дывізіі ПДВ.
Машавец мяркуе, што паўночная групоўка Расеі можа налічваць блізу 50 тысяч салдат. Больш за 31 тысячу сканцэнтравана ў Белгарадскай вобласці, больш за 10 тысяч - у Курскай і больш за 8 тысяч - у Бранскай.
Машавец сцвярджае, што расейскія часткі дзеля маскавання выгружаюцца на станцыях у Курскай вобласці, а затым адпраўляюцца ўласным ходам у Белгарадскую, бліжэй да Харкава.
Раней многія аглядальнікі адзначалі, што апошнім часам расейцы актывізавалі ўдары па Харкаве і паўночна-ўсходніх абласцям, а таксама аэравыведку ў гэтым рэгіёне.
“Расейскае войска, як паведамляецца, фармуе і рыхтуе паўночную групоўку з частак Ленінградскай ваеннай акругі для аперацый перш за ўсё на аператыўным кірунку Белгарад – Харкаў”, – рэзюмуе ISW.
“ISW працягвае меркаваць, што ў расейскім войску няма дастатковых сіл, каб захапіць горад [Харкаў], але расейскія наступальныя аперацыі супраць Харкава або Сум адцягнуць і звяжуць ўкраінскія часткі з іншых, больш важных адцінкаў фронту”, - пішуць аналітыкі амерыканскага інстытута.