Беларуска Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру ў Рыме
- 7.05.2024, 21:55
- 1,668
У італьянскай сталіцы згуляюць адразу тры беларускія тэнісісткі.
Аляксандра Сасновіч, якая займае 113-е месца ў сусветным рэйтынгу, удала прайшла кваліфікацыю турніру WTA 1000 у Рыме. У асноўную сетку ў адзіночным разрадзе яна патрапіла пасля перамогі над Аляксандрай Круніч (№508) з Сербіі.
У беларускі не ўсё ладзілася з падачай, яна здзейсніла пяць падвойных памылак за гульню. Першы сэт быў упартым – 7:5. У другім ініцыятыва цалкам перайшла да Сасновіч – 6:2.
У першым жа матчы кваліфікацыі Аляксандра без праблемаў перамагла Алісію Паркс (№137) з ЗША – 6:1, 6:1.
Сваё еўрапейскае турнэ прадаўжаюць і Арына Сабаленка (№2) з Вікторыяй Азаранкай (№24). З Мадрыда яны скіраваліся ў Рым. Яны пачнуць турнір з другога кола дзякуючы свайму высокаму рэйтынгу.