19 траўня 2024, Нядзеля, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узбуджаная новая крымінальная справа па факце вандалізму ў Курапатах

Да 30 траўня падоўжанае расследаванне крымінальнай справы па факце знішчэння памятных крыжоў у Курапатах двума непаўнагадовымі менчукамі, затрыманымі на месцы злачынства 1 лістапада 2008 года.

Пра гэта паведаміў БелаПАН следчы Менскага РУУС маёр міліцыі Сяргей Булка.

Такое рашэнне праваахоўных органаў ён матываваў пазіцыяй вышэйшых інстанцыяў аб неабходнасці прыкладання да справы дакументаў, якія пацвярджаюць статус мемарыяльных крыжоў.

11 студзеня следчай Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС Аленай Хільчук быў спынены крымінальны пераслед двух непаўнагадовых менчукоў, затрыманых грамадскімі актывістамі Аляксандрам Макавым і Алегам Свірыдавым увечары 1 лістапада 2008 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» і падазраваных у знішчэнні памятных крыжоў. Сваё рашэнне следчая матывавала тым, што доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці маладых людзей — навучэнцаў школы і прафтэхвучэльні.

У канцы студзеня намеснік пракурора Менскага раёна Эрнэст Кайро прызнаў «незаконным і неабгрунтаваным» рашэнне Хільчук аб спыненні крымінальнага пераследу маладых людзей, а таксама аб прыпыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з-за таго, што не вызначаная асоба, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачванага. 29 студзеня крымінальная справа з указаннямі была накіраваная ў Менскае РУУС для дадатковага папярэдняга расследавання.

З 28 лютага следчы С.Булка вядзе гэтую справу, рашэнне па якой ён меў намер прыняць пасля атрымання матэрыялаў псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы падазраваных і псіхіятрычнай — сведкі Аляксандра Макава. 6 красавіка экспертнае заключэнне было атрыманае.

За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года занесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння, у трэці раз узбуджаецца крымінальная справа.

Па факце знішчэння шасці памятных крыжоў у Курапатах 20 красавіка ўзбуджаная новая справа па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), паведаміў БелаПАН супрацоўнік Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС, які пажадаў застацца невядомым.

Ва ўрочышчы невядомымі зламаныя шэсць мемарыяльных крыжоў, усталяваных грамадскасцю па межах урочышча. Чатыры крыжы знішчаныя на ўсходняй ускраіне Курапатаў, два — на паўночнай, якая прымыкае да аўтадарогі Заслаўе — Калодзішчы. Зламаныя крыжы былі знойдзеныя актывістамі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ раніцай 17 красавіка. Выкліканыя на месца злачынства супрацоўнікі міліцыі правялі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку фотаздымку, абмеры і апытанні актывістаў КХП БНФ.

10 красавіка старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў Міністэрству ўнутраных справаў арганізаваць пастаяннае пешае патруляванне Курапатаў сіламі вайскоўцаў вайсковай часткі 3310 — другой асобнай спецыяльнай брыгады міліцыі, дыслакаванай у вёсцы Ваколіца Менскага раёна.

На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», занесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, пахаваныя, па розных ацэнках, ад 30 да 200 тысячаў ахвяраў сталінізму.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках