29 красавiка 2024, панядзелак, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Стварэнне расейскай авіябазы парушае Канстытуцыю

50
Станіслаў Шушкевіч: Стварэнне расейскай авіябазы парушае Канстытуцыю

Імкненне Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі ваенную базу парушае як беларускія законы, так і некаторыя міжнародныя дамовы.

Прычым, па словах першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, гаворка ідзе пра дамовы, ратыфікаваныя самай Масквой. У прыватнасці, парушаецца Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перадае «Радыё Рацыя».

«Шосты артыкул гэтага пагаднення. Што там пішацца? «Бакі будуць паважаць імкненне адзін аднаго ў дасягненні статусу бяз'ядзернай зоны і нейтральнай дзяржавы». Я думаю, што гэта (стварэнне авіябазы) - першы крок, які парушае нашу Канстытуцыю. Расея паказвае, што яна, зацвердзіўшы і ратыфікаваўшы Белавежскае пагадненне, яго не выконвае. Таму што яна не паважае наша імкненне да стварэння нейтральнай дзяржавы. Гэта не маё жаданне, быць нейтральнай дзяржавай, гэта тое, што запісана ў нашай Канстытуцыі», - сказаў палітык.

На думку Станіслава Шушкевіча, кіраўніцтва Расеі разам з сённяшнім кіраўніцтвам Беларусі робіць яшчэ адзін крок да таго, каб Беларусь страціла сваю незалежнасць і суверэнітэт.

Планы па стварэнні сумеснай авіябазы былі агучаныя на сустрэчы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і беларускага кіраўніка, якая прайшла 23 красавіка ў Менску.

«Мы пачынаем разглядаць план па стварэнні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі, спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк. У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру тут і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў», - адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства Расеі.

Сяргей Шайгу таксама заявіў, што на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрства абароны Расеі і Беларусі сёння ў Менску будзе разгледжаны вялікі комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.

Учора стала вядома, што новая расейская авіябаза будзе размешчаная ў 80 кіламетрах ад беларуска-польскай мяжы. Яе стварэнне падвергнулі крытыцы прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках