15 траўня 2024, Серада, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Расейская авіябаза ў Беларусі - толькі пачатак

254
Deutsche Welle: Расейская авіябаза ў Беларусі - толькі пачатак

Услед за авіяпалком Расея можа размясціць у нашай краіне і іншыя вайсковыя фармаванні.

Паўторная заява міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, зробленая ім 4 чэрвеня ў Менску, аб базаванні бліжэйшым часам палка расейскіх ВПС у Беларусі і аб пошуку прыдатнага аэрадрома стала сведчаннем таго, што беларускае кіраўніцтва паступова губляе вагары вядзення самастойнай замежнай палітыкі, паведамляе Deutsche Welle.

Спадзеючыся на далейшыя расейскія крэдыты і прэферэнцыі для ўмацавання ўласнай улады ў абмен на дыслакацыю трэцяга лікам вайсковага аб'екта Расеі, Лукашэнка ўцягвае Беларусь у сфэру вайсковых гульняў Крамля з Захадам.

З красавіка 2013 года паведамленне аб базаванні расейскай авіябазы ў Беларусі - ужо другое, якое прагучала не ад імя беларускага кіраўніцтва, а з вуснаў кіраўніка мінабароны Расеі Сяргея Шайгу. Гэтым разам Лукашэнка не стаў аспрэчваць словы расейскага міністра, хоць яшчэ надоечы сцвярджаў, што «база» - гэта гучна сказана і што Расея толькі перадасць ВПС Беларусі пару дзясяткаў сучасных самалётаў, якіх яму «як галоўнаначальніку не стае».

Але Масква ўпэўнена спасылаецца на ранейшыя дамоўленасці з беларускім правадыром - гаворка на перамовах з самага пачатку ішла менавіта пра вайсковую базу, а не пра пастаўкі самалётаў.

Цяпер, у адсутнасць камэнтароў Менска, расейскія афіцыйныя асобы канкрэтызуюць дэталі паэтапнага ўвасаблення гэтага праекта ў жыццё: спачатку ў Беларусі з'явіцца авіяцыйная камендатура, затым да канца 2013 года заступіць на дзяжурства першае звяно баявых знішчальнікаў Расеі, а ў 2015 годзе на беларускай зямлі размесціцца авіяполк з расейскімі экіпажамі і камандаваннем. Акрамя таго, у наступным годзе для абароны паветранай прасторы Масква абяцае паставіць да ўжо існых яшчэ чатыры дывізіёны ракетных сістэм С-300.

Для Беларусі, канстытуцыя якой абавязвае імкнуцца да нейтралітэту, з'яўленне чарговага вайсковага аб'екта Расеі - услед за расейскай вайсковай радыёлакацыйнай станцыяй папярэджання аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і вузлом сувязі расейскага ВМФ у Вілейцы - з'яўляецца парушэннем уласнага заканадаўства. На якія б ранейшыя дамовы аб супрацоўніцтве з Масквой Менск ні спасылаўся, павелічэнне колькасці замежных вайсковых баз у Беларусі наўрад сведчыць аб імкненні быць нейтральнай дзяржавай. Умацаванне расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі ўжо выклікала неспакой у суседніх Літве і Польшчы.

Сапраўды, дзе гарантыі таго, што ўслед за палком сваіх ВПС Расея не пажадае размясціць непасрэдна ля ўсходніх межаў Еўразвязу і іншыя вайсковыя фармаванні, спасылаючыся на «ўмацаванне абараназдольнасці Беларусі» і вусныя дамоўленасці з Лукашэнкам?

Пры адсутнасці вайсковай пагрозы Еўразвязу беларускай дзяржаве дзеянні Менска такога кшталту будуць спрыяць росту напружанасці ў рэгіёне і могуць стаць сур'ёзнай перашкодай для паглыблення інтэграцыйных працэсаў з ЕЗ пасля сыходу Лукашэнкі.

«Пасля мяне хоць патоп»?

Новая расейская вайсковая база наўрад забяспечыць беларусам асаблівы спакой у плане абароны ад невядомага ворага. Тым больш што прапагандысцкае абгрунтаванне ўзмацнення абароннага патэнцыялу Беларусі дзякуючы дыслакацыі аб'ектаў узброеных сілаў Расеі стварае толькі ілюзію бяспекі, бо ў выпадку рэальнай пагрозы беларускі тэрыторыя стане асноўным плацдармам для баявых дзеянняў.

Маніпуляцыі грамадскай думкай з нагоды размяшчэння палка расейскіх ВПС шытыя белымі ніткамі. За імі прасочваецца відавочнае імкненне Лукашэнкі выбавіць у Крамля матэрыяльную дапамогу наўзамен за саступкі ў вайсковым супрацоўніцтве. Акрамя таго, нават коштам страты вобразу міралюбнай краіны беларускі правадыр спадзяецца забяспечыць сабе падтрымку Расеі на чарговых «выбарах» у 2015 годзе.

У сваю чаргу Крэмль для прасоўвання сваіх праектаў на постсавецкай прасторы даўно і паспяхова выкарыстоўвае жаданне Лукашэнкі усялякім коштам утрымаць уладу. Вынікам тактыкі «пасля мяне хоць патоп», якую ажыццяўляе беларускі правадыр, становіцца ўсё большы ўплыў Масквы на замежную палітыку Менска, што ўжо прычынілася да сур'ёзных праблем у стасунках з Захадам. Хранічная залежнасць ад расейскіх прэферэнцый, якімі Лукашэнка падмяняе рэформы, небяспечная тым, што пазбаўляе Беларусь магчымасці прымаць самастойныя палітычныя пастановы, у тым ліку ў сфэры вайсковага супрацоўніцтва.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 254

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках