29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адная расейская вайсковая база ў Беларусі?

619
Яшчэ адная расейская вайсковая база ў Беларусі?

Не выключана, што расейская авіябаза ў Лідзе - толькі першая ластаўка.

Не выключана, што праз скарачэнне баявых магчымасцяў айчыннай авіяцыі функцыі аховы паветраных межаў Беларусі ўсё больш будуць пераходзіць да расейскіх вайсковых лётчыкаў.

26 чэрвеня галоўнакамандуючы Вайскова-паветранымі сіламі Расеі генерал-лейтэнант Віктар Бондараў падвёў вынік трохтыднёвай працы рэкагнасцыровачнай групы, якую ён узначальвае, па падборы аэрадрома для размяшчэння першай на тэрыторыі незалежнай Беларусі расейскай авіябазы.

Нагадаем, што яшчэ ў красавіку міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што да 2015 года Масква плануе размясціць на беларускай тэрыторыі авіяполк для абароны паветраных межаў «саюзнай дзяржавы». На першым этапе, у 2013 годзе плануецца стварыць авіяцыйную камендатуру і паставіць на дзяжурства звяно знішчальнікаў.

У мэтах выканання дамоўленасцей 6 чэрвеня група расейскіх вайскоўцаў на чале з галоўнакамандуючым ВПС Бондаравым прыбыла ў Беларусь і азнаёмілася са станам больш двух дзясяткаў вайсковых аэрадромаў. У часы СССР іх тут было размешчана вельмі шмат. Цяпер большасць не эксплуатуецца і знаходзіцца ў непрыдатным да працы стане. І для іх рэанімацыі патрабуюцца значныя выдаткі часу і сродкаў.

З мэтай мінімізацыі выдаткаў асноўная ўвага была звернутая на дзеючыя аб'екты. З іх ліку расейцам найбольш спадабаўся лідскі аэрадром, размешчаны ў 35 км ад мяжы з Літвой і ў 120 км ад мяжы з Польшчай. У часы СССР тут размяшчаліся 911 знішчальна-бамбардзіровачны авіяцыйны полк на МіГ-27 і 497 бамбардзіровачны авіяполк са складу 26-й паветранай арміі, узброены Су-24.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі там дыслакавалася 206-я штурмавая авіябаза, эксплуатаваўся Су-25. Затым яе аб'ядналі з 116-й бамбардзіровачнай разведвальнай авіябазай на Су-24, якая была перадыслакавая з гарадскога пасёлка Рось, і сталі называць 116-й штурмавой авіябазай. На гэтай жа пляцоўцы быў утвораны 206-ы цэнтр падрыхтоўкі лётнага складу, які мае ў сваім распараджэнні вучэбна-баявыя самалёты L-39. У гэтым цэнтры не толькі трэніруюцца страявыя лётчыкі, але і праходзяць навучанне курсанты Беларускай вайсковай акадэміі.

Паколькі аэрадром у Лідзе пастаянна эксплуатаваўся, там у досыць прыдатным стане засталася практычна ўся неабходная для нармальнай жыццядзейнасці авіяцыйных падраздзяленняў інфраструктура. І не толькі сродкі абслугоўвання авіятэхнікі, але і комплекс абсталявання для забеспячэння паветранай навігацыі. А гэта дазваляе прымаць сучасныя баявыя самалёты.

Такім чынам, як адзначыў галоўнакамандуючы ВПС Расеі, на лідскім аэрадроме не патрабуецца ўзводзіць якіх-небудзь новых аб'ектаў. Па словах Бондарава, «там усё ёсць». Пры гэтым добраўпарадкаваннем наземных збудаванняў авіябазы зоймецца беларуская старана, а Расея абяцае аказваць усю неабходную дапамогу. Цяперашні стан аб'екта дазваляе запусціць яго ў эксплуатацыю літаральна праз некалькі месяцаў, яшчэ да канца гэтага года.

Гаворачы аб баявых самалётах, якія мяркуецца размясціць у Лідзе, галоўнакамандуючы ВПС Расеі паведаміў, што там спачатку будуць базіравацца сучасныя шмат функцыянальныя знішчальнікі Су-27СМ3. Пры гэтым ён не выключыў верагоднасці ўзмацнення авіягрупіроўкі іншымі тыпамі вайсковых самалётаў. «Пакуль мы там размесцім Су-27СМ3, а потым паглядзім, што з гэтага атрымаецца, і прымем канчатковую пастанову», - заявіў Бондараў.

З нагоды таго, ці стане вайсковая база ў Лідзе толькі расейскай, ці яе будуць выкарыстоўваць абодва саюзнікі, расейскі генерал выказаўся таксама няпэўна: «Спачатку яна будзе расейскай, а потым паглядзім».

Але каментуючы маскоўскаму інтэрнэт-выданню «Взгляд» выбар месца дыслакацыі расейскай авіябазы ў Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблем (Расея) Уладзімір Анохін выказаўся ў тым духу, што для забеспячэння бяспекі расейскіх межаў на заходнім кірунку на базе павінна быць размешчана змяшаная авіядывізія - полк франтавых бамбавікоў, полк знішчальнікаў-бамбавікоў і полк знішчальнікаў.

З вайсковага пункту гледжання там павінны быць самалёты бамбардзіровачнай авіяцыі з магутнымі носьбітамі і знішчальнікі прыкрыцця, растлумачыў Анохін. Акрамя асноўнай пляцоўкі, расейскаму генеральнаму штабу варта было б прадугледзець і аэрадромы забеспячэння, і аэрадромы падскоку, і магчымасці разгрупавання гэтай базы, мяркуе маскоўскі экспэрт.

Такім чынам, не выключана, што расейская авіябаза ў Лідзе - толькі першая ластаўка.

Аляксандр Алесін, «Беларускія навіны»

Фота: Ітар-ТАСС

Напісаць каментар 619

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках