29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцы Курапатаў звярнуліся да генеральнага пракурора

4
Абаронцы Курапатаў звярнуліся да генеральнага пракурора

Сябры ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» патрабуюць разгледзець іх зварот паводле факту парушэння заканадаўства пры будаўніцтве паблізу ўрочышча.

Пра гэта БелаПАН паведаміў журналіст і сябра ініцыятывы Марат Гаравы.

Раней грамадскія актывісты звярталіся ў Генпракуратуру 4 снежня 2014. У сваім звароце сябры ініцыятывы нагадалі, што больш за два гады таму Генпракуратура ўгледзела парушэнне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў тым, што СТАА «БелРэстІнвест» узвяло паблізу ўрочышча чатыры пабудовы запланаванага ў гэтым месцы забаўляльнага комплексу, які раней насіў назву «Бульбаш -холл». Гэтыя пабудовы апынуліся ў межах ахоўных зон Курапат, зацверджаных Мінкультуры ў 2004 годзе. Нягледзячы на тое, што Генпракуратура прадпісала ў месячны тэрмін ліквідаваць парушэнне, а таксама прычыны і ўмовы, якія яму спрыяюць, аб'екты дагэтуль застаюцца на ранейшым месцы.

Сябры ініцыятывы папрасілі Генпракуратуру правесці праверку і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да асоб, якія не выканалі прадпісанне гэтай установы. Праз пэўны час ім стала вядома, што пракуратура выклікала шэраг асоб для дачы тлумачэнняў паводле фактаў, выкладзеных у гэтай заяве, з чаго актывісты зрабілі выснову, што праверка ўжо вядзецца.

Міністэрства культуры летась 1 снежня прыняло пастанову «Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930-1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Менскі раён)», якая скасавала ранейшую схему ахоўных зон і ўстанавіла новую. Гэтым дакументам апроч іншага тэрыторыя, на якой былі пабудаваныя спрэчныя аб'екты, выведзена з ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Неўзабаве, са слоў Гаравога, абаронцы Курапатаў атрымалі з Генпракуратуры адмову ў правядзенні праверкі і распачынанні крымінальнай справы. Сваю пазіцыю дзяржаўная ўстанова аргументавала тым, што 1 снежня 2014 Міністэрства культуры сваёй пастановай зацвердзіла праект ахоўных зон Курапат, а пастанова ад 12 траўня 2004 года, у якой ахоўныя зоны Курапатаў былі паказаныя на схеме, сваю сілу страціла. «У сувязі з гэтым аб'ект прыдарожнага сэрвісу выйшаў за межы ахоўнай зоны. Раз ён па-за ахоўнай зонай, як яны напісалі, адсутнічаюць падставы для правядзення праверкі паводле фактаў невыканання патрабаванняў Генпракуратуры», - растлумачыў сябра ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў».

Пасля гэтай няўдалай спробы грамадскія актывісты паўторна перадалі ў Генпракуратуру аналагічны зварот, аднак дзяржаўная ўстанова зноў не стала на іх бок. Тым не менш, сказаў Гаравы, у апошнім адказе за подпісам намесніка генпракурора не было адсылкі да пэўнага нарматыўна-прававога акта, паводле якога абаронцам Курапатаў адмовілі ў іх просьбе.

Гэты пралік сябры ініцыятывы выказалі ў звароце да генпракурора Канюка, які быў перададзены 19 лютага.

«У сваім звароце да генпракурора мы таксама напісалі: уважаем, што праект ахоўных зон Курапат, зацверджаны пастановай Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года, спрабуе надаць законнасць схеме адабрання земляў у ахоўнай зоны гэтага велічнага помніка трагедыі беларускага народа, - распавёў Гаравы. - Сітуацыя патрабуе расследавання з пункту гледжання прысутнасці ў дзеяннях службовых асоб прыкмет карупцыі. Звяртаем увагу, што асобаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай карупцыйнай схеме, не спыніла нават уяўленне Генпракуратуры ад 27 лістапада 2012 года».

Грамадскія актывісты таксама падалі заяўку на прыём да кіраўніка Генпракуратуры.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках