МЗС Беларусі выказаўся за захаванне смяротнага пакарання
44- 10.03.2016, 11:14
- 19,859
Намеснік кіраўніка беларускага МЗС Валянцін Рыбакоў сцвярджае, што такое меркаванне большасці беларусаў.
Пра гэта намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў заявіў на міжнароднай канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў», якая праходзіць 10 сакавіка ў Менску, паведамляе БелаПАН.
«Як усім нам добра вядома, большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме 1996 года выказалася за захаванне смяротнага пакарання. І неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся, сведчаць пра тое, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве і па-ранейшаму маецца большасць прыхільнікаў яго захавання. Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку і ў кантэксце нашага дыялогу з нашымі паважанымі еўрапейскімі партнёрамі», - заявіў Рыбакоў.
Ён нагадаў, што ў айчынным заканадаўстве замацаваны часовы характар прымянення смяротнай кары, і адзначыў, што ў краіне пры ўжыванні пакаранняў дзейнічаюць больш жорсткія абмежаванні, чым устаноўленыя для смяротнага пакарання ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
«Наша краіна займае на міжнароднай арэне ўзважаную пазіцыю ў пытанні прымянення смяротнага пакарання. Пры разглядзе Генасамблеяй ААН пытання аб мараторыі на смяротнае пакаранне мы традыцыйна ўстрымліваемся пры галасаванні», - сказаў Рыбакоў.
Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь гатова абмяркоўваць пытанні смяротнага пакарання, аднак «развязання любых праблем варта шукаць не ў плоскасці канфрантацыі, а шляхам паважлівага дыялогу, улічваючы асаблівасці і нацыянальныя інтарэсы краіны».
Канферэнцыя арганізавана прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства - спецпрадстаўнік ЕЗ у правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта замежных спраў Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспэртаў.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. З гэтай прычыны Беларусь таксама з'яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, прычым два апошнія - з пачатку 2016 года. Адзін з іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое, што ў пастанове Рады ЕЗ аб зняцці санкцый асобным радком гаворыцца пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яго поўнага скасавання.