25 красавiка 2024, Чацвер, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт салдацкіх маці: Печы — наш галаўны боль

21
Камітэт салдацкіх маці: Печы — наш галаўны боль
Фота: tut.by

Вайсковае начальства найперш хвалюецца за ўласную шкуру.

Беларуская грамадская арганізацыя салдацкіх маці была створаная ў 1992 годзе. Яна аб'ядноўвае больш за 4 тысячы бацькоў з усёй Беларусі, чые сыны загінулі ў мірны час падчас праходжання вайсковай службы, у тым ліку яшчэ за часамі СССР. У гутарцы з Еўрарадыё кіраўніца арганізацыі Галіна Чыгрынава распавяла аб рэальнай дапамозе вайскоўцам, праблемах, з якімі сутыкаюцца салдацкія маці, і куды трэба звяртацца, каб выратаваць сына ад дзедаўшчыны.

- Галіна Мікалаеўна, што рабіць жаўнеру, калі ён сутыкаецца з нестатутнымі стасункамі падчас службы?

- Цяпер у іх вельмі вольны доступ да камандзіра часткі. Таму трэба звяртацца менавіта да яго. Але не да ніжэйшага рангу! Ну, а таксама ёсць ж Міністэрства абароны, куды можна напісаць ліст і ўсё расказаць. А каб ліст сапраўды дайшоў, пасылаць трэба не проста поштай, а лістом з даручэннем. Ну і, натуральна, адправіць нам ліст, у Камітэт салдацкіх маці, што можа быць больш дзейсным. Бо ў гэтым выпадку мы самі выходзім на Міністэрства і займаемся гэтым пытаннем. Скажу, што такіх зваротаў у нас шмат, і мы дапамаглі шмат каму. Наш зварот да жаўнераў мае быць вывешаны ў кожнай вайсковай частцы. Там прапісаныя канкрэтныя парады для жаўнераў, якія апынуліся ў складаных абставінах. Раней яно так і было, цяпер мы ездзім па частках і, на жаль, ужо не ўсюды гэтыя нашы звароты бачым.

- А якім чынам вы дапамагаеце, з дапамогай якіх рэсурсаў, структур?

- Мы грамадскае аб'яднанне, ніякай фінансавай дапамогі ад дзяржавы няма. Але мы павінны і здымаць кантору, і нейкія выдаткі на выезд да бацькоў загінулых, у тыя ж вайсковыя часткі. Спрабуем дамаўляцца, шукаць нешта...

Некаторым сем'ям загінулых пасля высвятлення дакладнай прычыны загубы прызначылі льготы. Зазвычай гэтымі пытаннямі займаецца Міністэрства абароны. Яны дасылаюць камісію, куды і мы далучаемся. Але ўсе гэтыя расследавання вельмі складана весці, бо адна рэч - для гэтых хлопцаў што-небудзь напісаць у інтэрнэце, іншае — калі прыязджаеш да жаўнера і пытаешся. Зазвычай яны заціскаюцца і кажуць, што нічога не ведаюць, нічога не бачылі і гэтак далей.

- Але вы ж разумееце, што ў варунках, калі адбіраюць мабільныя тэлефоны, патэлефанаваць і паскардзіцца вельмі складана. Хіба толькі з якога таксафона ў частцы, але там жа заўсёды ёсць хтосьці, хто пачуе, раскажа. З лістамі тая ж сітуацыя, напісаць яго трэба таксама мець пэўны час на самоце. А потым яшчэ і лістом з даручэннем неўпрыкмет адправіць...

- Ведаеце, неяк я не думала, што гэта праблема. Але раней нам сапраўды пісалі самі жаўнеры. Цяпер жа больш бацькі. Таму, калі ёсць жаданне, то знойдзеш магчымасць напісаць. Але колькі ім у Міністэрстве абароны ні кажы аб тым, што трэба стварыць адпаведныя варункі... Я разумею, што кожны найперш хвалюецца за ўласную шкуру: як бы не выйшла інфармацыя за тэрыторыю часткі, як бы не даказалі кіраўніцтву. Добра, што вы сказалі аб лістах і тэлефанавання, гэтую тэму трэба разглядаць. Будзем у тых жа Печах, будзем высвятляць, якія ў жаўнераў для гэтага магчымасці. Але я ведаю, што ў некаторых частках проста вісіць скрыня, можна выйсці на камандзіра часткі, начальніка, арганізуюць адмысловыя бацькоўскія дні, дзе хлопцы могуць пра ўсё расказаць. Але сапраўды, гэтым пытаннем таксама трэба займацца.

- Вы чулі аб выпадку загубы жаўнера ў адной з вайсковых частак у Печах, які здарыўся 3 кастрычніка? А таксама аб папярэднім сакавіцкім выпадку самагубства там жа?

- Я аб гэтым выпадку даведалася толькі ўчора. Нам жа ніхто ніякіх звестак не дае. Мы пра гэтыя выпадкі даведаемся толькі, калі самі знойдзем інфармацыю ў тым жа інтэрнэце, або маці звернецца. Бывае, што з фронту нашага апазіцыйнага тэлефануюць. І тады мы ўжо пачынаем высвятляць і разбірацца. Таму пакуль з гэтай нагоды я нічога не ведаю. Але заўтра плануецца акцыя, прысвечаная дню маці ў Міністэрстве абароны, дзе будуць віншаваць маці загінулых вайскоўцаў, сябраў нашай арганізацыі, афганскіх маці, гэтае пытанне я там буду абавязкова закранаць. І сёння маё першае тэлефанаванне на працы будзе ў Міністэрства абароны з патрабаваннем растлумачыць, што там адбылося. Ну, а ў панядзелак, мабыць, паедзем ужо ў вайсковую частку. Але дакладна трэба высвятляць прычыну смерці, і мы будзем гэтым займацца. Кожны загінулы жаўнер усё роўна што сын, бо мы ўсе ў камітэце таксама зазналі гэтае гора.

І аб папярэднім выпадку мы таксама ведаем. А калі ўжо шчыра казаць, то Печы для нас — гэта такі галаўны боль, менавіта гэтае месца службы выклікае вельмі вялікую трывогу. У нашым камітэце ёсць бацька, у якога ў Печах таксама загінуў сын. Нам адтуль прыходзілі трывожныя лісты, таму мы шмат разоў туды ездзілі... Але паводле гэтага здарэння пакуль яшчэ ідзе следства. Калі ідзе следства, нам не дазваляюць мяшацца. Але наведаць частку, паглядзець, пагаварыць аб варунках службы мы можам. А вось калі следства закончанае, пастанова прынятая, і там нешта не так, то мы ўжо пачынаем біць ва ўсе званы, мяшацца.

- Былі выпадкі, калі выпадала прымусіць правесці следства паўторна або падоўжыць яго і змяніць вынік?

- Ва Уруччы быў выпадак, калі праз зварот да нас жаўнера быў расфармаваны ўвесь камандны склад часткі. Але зноў жа, усё вельмі залежыць ад саміх хлопцаў. Калі яны моцныя, валявыя, разам даюць сведчанні, то справа хутка пойдзе. А калі хаваюцца і маўчаць, то ўжо складана будзе ім дапамагчы і штосьці змяніць. Але гэта таксама можна зразумець, бо ім служыць, яны баяцца.

- Як шмат такіх выпадкаў, калі вы дапамаглі ў гэтым годзе?

- Пра гэты год я вам не скажу пакуль. А пра мінулы — больш за два дзясяткі. Гэта была рэакцыя і на пісьмовыя звароты, і прыязджалі маці да нас па дапамогу... Ну, і вынікі былі розныя. Шмат каго камісуюць, бо набіраюць хворых хлопчыкаў і дзяўчатак. Мы дапамагаем размеркаваць жаўнера ў шпіталь, і там прызнаюць, што ягоны стан здароўя не адпавядае. Розныя бываюць выпадкі. Бо дзедаўшчына пачынаецца менавіта з гэтага. Маўляў, вось ты ўдаеш, нічога не робіш, а я за цябе ўсё раблю! Тут аплявуха, хтосьці далучыўся, нос зламалі...

Калі камітэт толькі пачынаў працаваць, да нас прыходзілі тысячы трывожных лістоў. Цяпер некалькі сотняў на год. Але яны ўсё адно ідуць, і мы рэагуем на іх. Без увагі не застаецца ніводзін ні пісьмовы, ні вусны зварот да нас, будзьце ў гэтым упэўненыя.

- Можа, вы маеце статыстыку смерцяў у войску?

- Не, нам яе ніхто не дае. А тыя выпадкі, аб якіх мы ведаем, не могуць быць статыстычнымі звесткамі.

Нагадаем, 3 кастрычніка паведамілі аб другім выпадку самагубства ў вайсковым гарадку Печы. 21-гадовага пінчука Аляксандра Коржыча, жаўнера тэрміновай службы, знайшлі ў пятлі. Колькі жаўнер правісеў мёртвы ў склепе медсанчасткі, стане вядома толькі праз два тыдні, калі закончыцца экспэртыза: на тэлефанаванні сяброў і блізкіх Саша перастаў адказваць яшчэ 26 верасня. Афіцыйна, асноўная версія гібелі жаўнера — суіцыд, але ні сваякі, ні сябры Аляксандра ў яе не вераць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках