25 красавiка 2024, Чацвер, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці яшчэ аднаго жаўнера ў Печах: «Мы кожны тыдзень перасылаем яму на нейкую картку грошы»

62
Маці яшчэ аднаго жаўнера ў Печах: «Мы кожны тыдзень перасылаем яму на нейкую картку грошы»
Архіўнае фота belsat.eu

Кожны раз жаўнер прыдумляе недарэчныя гісторыі, навошта яму патрэбныя грошы.

Святлана распавяла «Белсату» гісторыю свайго сына Паўла, што знаходзіцца зараз на службе ў Печах. Яго пастаянная вайсковая частка – іншая, але ў час, калі здарылася трагедыя Аляксандра Коржыча, Павел ужо знаходзіўся нейкі час у вучэбцы ў Печах . Па просьбе маці, мы не публікуем іх сапраўдныя імёны, а таксама асабістыя падрабязнасці.

«Атрымала паведамленне, каб больш нікуды не хадзіла»

«Павал зараз просіць не прыязджаць да яго, яму засталося прабыць у Печах некалькі тыдняў. Але ўсё, што распавядае цяпер маці Аляксандра Коржыча, я чую ад свайго дзіцяці. Я вельмі чакаю, калі яго перавядуць у ягоную частку, але не думаю, што там будзе нашмат лепш.

Рэч у тым, што калі ён праходзіў камісію перад войскам, яму не зрабілі поўнага даследавання, хоць ведалі, які ў яго дыягназ. У ваенкамаце сказалі, што служба будзе лёгкая, і ён будзе пазбаўлены страявой падрыхтоўкі, бо з яго дыягназам магчымае пагаршэнне здароўя. Але калі ён прыбыў у частку, апынулася, што ён здаровы – так было напісана ў медычнай карце.

Ён праходзіў усе страявыя, яго стан стаў пагаршацца. Кожны раз, калі ён скардзіўся, яму не верылі, думалі, што ён сімулюе. Пазней сказалі, што яго паглядзіць доктар, але так і кармілі далей абяцанкамі.

Я не вытрывала і пайшла ў ваенкамат, мне далі нумар афіцэра. Я да яго датэлефанавалася. Ён спытаўся, чаму я не казала нічога раней, бо заўтра сына пераводзяць у Печы. Паабяцаў, што ўсё вырашыць і асабіста мне патэлефануе. Праз некалькі гадзін я атрымала паведамленне ад сына, каб я больш не тэлефанавала і нікуды не хадзіла».

Паўла перавялі ў Печы

«Кажа, каб мы не ехалі да яго, але грошы мы яму кожны тыдзень перасылаем на нейкую картку. Кожны раз ён прыдумляе бязглуздыя гісторыі, навошта яму патрэбны грошы. Але ж я разумею, што ўсё гэта хлусня. Ён нават піша мне, калі ў яго ёсць тэлефон, аднымі і тымі ж сказамі «у мяне ўсё добра, не перажывай».

Дыягназ яго пагоршыўся і ён ужо не можа служыць. Яго вазілі на даследаванне, але дыягназ ніхто не сказаў і не паказаў. Павел думае, што справа ў грашах, бо яму павінны выплаціць кампенсацыю за тое, што медкамісія накіравала яго служыць з такім дыягназам.

Пакуль ён у Печах, тата некалькі разоў перасылаў яму па 50 рублёў, а так у асноўным па 20, ужо на працягу некалькіх тыдняў. Да гэтага, у сваёй частцы, ён не прасіў грошай і не прасіў таксама ў апошні тыдзень у Печах. Таксама не выходзіў на сувязь, я не разумела чаму. А потым ён сказаў мне: пачытай навіны. І я зразумела.

«Не гэтага чакаюць маці»

У мяне падрастае другое дзіця і я зраблю ўсё, што хочаш, толькі б ён не трапіў туды. Не гэтага чакаюць маці, калі адпускаюць сваіх сыноў Радзіму бараніць.

І калі б маці не баяліся і казалі усё, як ёсць, і салдаты разам бы распавялі, то магчыма, штосьці змянілася б.

Але сыны баяцца прызнавацца, што нешта не так. Кажуць, што ўсё добра. А я толькі сінякі знаходжу, разумею ўсё і маўчу. Уяўляю сабе, як там цяжка. Я ведаю, які Павел жыццелюбівы, шпаркі, усё на ім гарыць. А пасля пераводу я прыязджаю ў Печы, бачу пусты погляд, твару на ім няма. Кажа, яго вадзілі да псіхолага. А я ў паніку, бо ў такім стане можна і рукі на сябе накласці. А яшчэ і боль, які ён церпіць праз сваю хваробу! Распавядае мне, як хлопцы вены рэжуць, іхныя версіі пра хлопца, якога з пятлі здымалі. Быццам ад яго дзяўчына сышла і бацькі развяліся».

Паўлу служыць яшчэ год, калі не ўлічваць, што яго павінны даследаваць, паставіць дыягназ і, магчыма, адпусціць. Праз некалькі тыдняў ён вернецца ў сваю частку. Маці кажа, што там такіх жахаў, як у Печах, не бывала.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках