20 красавiка 2024, Субота, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца завода ў Шчучыне збунтаваўся супраць начальства

11
Кіроўца завода ў Шчучыне збунтаваўся супраць начальства

Завод абавязаў кіроўцу аплаціць штраф BelToll 1200 еўраў, але працаўнік не пагадзіўся і пайшоў у суд.

Кіроўца завода «Аўтапровад» у Шчучыне, выконваючы рэйс на працоўным грузавіку МАЗ, атрымаў штраф BelToll праз не аплату праезду па платных дарогах рэспублікі. Бартавая прылада, усталяваная ў аўто, падчас праезду пад кантрольнымі рамкамі, не спрацавала. Кіраўніцтва завода ўсклала выплату штрафу на сваіх работнікаў, якія з гэтай пастановай не пагадзіліся і пайшлі ў суд.

- Выехаў у рэйс 26 траўня на МАЗе з устаноўленай у кабіне бартавой прыладай. Раней ніякіх праблем з працай прыбора не было. У той дзень я таксама праязджаў пад рамкай і чуў, як пішчыць прыбор, - значыць, счытванне адбылося і аплата праезду таксама, - распавёў tut.by кіроўца Сяргей Рудскі.

А амаль праз тыдзень з Транспартнай інспекцыі прыйшоў пратакол, у якім паведамлялася, што з 26 траўня МАЗ Сяргея праехаў пяць рамак, пад якімі бартавая прылада не спрацавала. Праз гэта парушэнне на прадпрыемства ўсклалі павышаную суму аплаты праезду па платных дарогах - 2700 рублёў (амаль 1200 еўраў), па 260 еўра за кожную кантрольную рамку.

Адміністрацыя заводу ўсклала выплату штрафу на сваіх работнікаў, а Сяргей яшчэ атрымаў вымову. Па загаду кіраўніцтва завода кіроўца павінен быў выплаціць 1800 рублёў, аператарка ЭВМ, якая не адсачыла парушэнне, - 300 рублёў. Яшчэ 600 рублёў добраахвотна «ўзяў» на сябе механік.

- Мяне такая сітуацыя абурыла. Чаму я павінен плаціць такія велізарныя сумы? Магчыма, адбыўся збой у сістэме, таму счытвання не адбылося, - кажа кіроўца.

Сяргей Рудскі з дапамогай юрыстаў Федэрацыі прафсаюзаў наважыў абскардзіць пастанову адміністрацыі завода ў судзе.

- Было некалькі судовых пасяджэнняў, і 6 кастрычніка суд вынес пастанову: загад прадпрыемства аб прыцягненні мяне да матэрыяльнай адказнасці і вылічэння грошай з заробку прызналі незаконным. Але вымова засталася ў сіле.

Цяпер кіроўца працягвае працаваць на заводзе, хоць адзначае, што стаўленне адміністрацыі прадпрыемства да яго стала горшым.

- Вядома, страшна застацца без працы, тым больш новую працу знайсці зараз вельмі цяжка. Але выплачваць такія сумы я проста не мог: за што тады карміць дзяцей і ўтрымліваць жонку-дэкрэтніцу?

Сяргей Рудскі перакананы: у такую сітуацыю, як ён, трапляюць многія прадпрыемствы, не толькі беларускія, але і замежныя.

- Выплату штрафаў многія працадаўцы ўскладаюць на кіроўцаў. Многія людзі плацяць, таму што не ведаюць, як з гэтым змагацца. Нават юрыстаў, здольных аказаць пісьменную кансультацыю, звязаную з аплатай праезду па сістэме BelToll, у нас практычна няма. А ў гэтай сістэме вельмі шмат нюансаў і розных тонкасцяў, у якіх з ходу і не разбярэшся.

Каментаваць сітуацыю дырэктар заводу «Аўтапровад» Андрэй Блавацкі адмовіўся.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках