29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Печы - гэта велізарная машына для вымагання грошай»

141
«Печы - гэта велізарная машына для вымагання грошай»
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Родныя загінулага ў Печах жаўнера падзяліліся апошнімі падрабязнасьцямі справы.

Родныя Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай частцы пад Барысавам, лічаць, што вэрсія пра суіцыд проста не вытрымлівае крытыкі. Сваякі і сябры Аляксандра кажуць, што не адчуваюць нейкага ціску з боку праваахоўнікаў ці вайскоўцаў, але перакананыя, што калі б не было такога рэзанансу, то, магчыма, і сьледзтва не было б, паведамляе «Радыё свабода»

Сяргей, блізкі сваяк Аляксандра Коржыча, спадзяецца, што людзі, якія вядуць сьледзтва, зробяць сваю працу сумленна:

«Вэрсія сьледзтва пра тое, што гэта самагубства, — проста глупства. Ня будзе чалавек сыходзіць такім чынам з жыцьця: зьвязваць сабе ногі, накідваць майку на галаву. Вэрсія, паводле якой прапаршчык забраў картку і прысабечваў грошы, таксама ўжо іншы артыкул Крымінальнага кодэксу. Але хоць нейкія зрухі ёсьць. Пакуль рана даваць ацэнку дзеяньням сьледчых. Але справа разьвярнулася. Таму пабачым. Будзе зразумела ўсё па выніках дадзеных экспэртызы.

Мне здаецца, што гэта ўвогуле вялікая машына для вымаганьня грошай. Выцягваюцца грошы з кішэняў бацькоў маладых салдат. Я думаю, што там замяшаныя ня толькі сяржанты, магчыма, што яны не забіраюць усё сабе, але існуе сыстэма».

Пытаньні да сьледчых

Сяргей кажа, што мае некалькі пытаньняў, на якія пакуль няма адказу:

«Зьвяртае на сябе ўвагу вельмі важны момант: салдат, які знайшоў Сашу ў пятлі. Афіцыйна паведамлялася пра тое, што гэты вайсковец зьмешчаны ў Навінкі. Нібыта ў яго зафіксаваныя псыхічныя адхіленьні і ён ў адной з клінік Менску. Але пра яго цяпер ніхто нічога не гаворыць: ні хто ён, ні што ён. Хоць для сьледзтва ён вельмі важны. Мы спрабавалі нешта пра яго даведацца, але пакуль аніякіх зьвестак няма.

Другі момант — зьяўленьне загадкавай дзяўчыны. Паводле Сашыных сяброў, якія служылі зь ім, недзе ў канцы верасьня зьявілася нейкая дзяўчына, якая нібыта прыяжджала да яго, прывозіла грошы, лекі. Пасьля сьмерці Сашы яна пачала размаўляць у сацыяльных сетках зь ягонымі сябрамі. Пісала, што пасябравала зь ім, і досыць падрабязна апісвала апошні месяц ягонага жыцьця ў войску. Але адмаўлялася ад наўпроставага кантакту. А калі стала вядома пра допыт прапаршчыка Артура Вірбала, то выявілася, што гэтая дзяўчына — ягоная сяброўка ў сацсетках. Гэта незразумела, бо Саша не расказваў пра яе сваім сябрам. Можа, гэта ўсё плёткі, але агучваецца, што яна сястра таго прапаршчыка. Але для сьледзтва высьветліць, хто яна, ня будзе складана».

Такое войска нам не патрэбнае

Мама Аляксандра Коржыча спадзяецца, што вінаватыя ў сьмерці яе сына будуць пакараныя згодна з законам.

«Для мяне ўсе гэтыя падзеі — нібы страшны сон. Я нават не магла сабе ўявіць, што нашы вайскоўцы, што наша армія, што нашы вайсковыя кіраўнікі, якіх мы ўтрымліваем за свой кошт, могуць такое рабіць. Я спадзяюся, што гэта не застанецца беспакараным. Але пачынаць трэба ня з тых сяржантаў, кшталту Бэйрана ці Бараноўскага. А пачынаць з камандзіра часткі і ротнага. Гэтага не аднаго рук справа, там сапраўдная група забойцаў.

Я мяркую, што такое войска нам не патрэбнае. Ня ведаю, навошта зьбіраць у арміі забойцаў. Яны ж ня могуць нас абараніць — ні нас, ні нашу дзяржаву, ні нашага прэзыдэнта. Яны нікога не абароняць. Я лічу, што такія людзі — забойцы ў пагонах —нас жа першых і расстраляюць, бо яны маюць доступ да зброі. Яны першымі нас абрабуюць і заб’юць».

«Чакаю, калі Саша разьвітаецца са мной»

Найлепшы сябар Аляксандра Коржыча Ільля кажа, што Саша ніколі ня быў канфліктным чалавекам. Камунікаваў ён у асноўным са старэйшымі ад сябе. Але звычайна знаходзіў агульную мову з усімі. Ільля кажа, што нават ня мог уявіць, што нешта падобнае адбудзецца зь ягоным сябрам:

«Сьмерць Сашы для мяне шок. Ён ня мог проста так закончыць сваё жыцьцё. Зараз я чакаю, калі мой найлепшы сябар прыйдзе да мяне ў сьне. Знаёмыя расказвалі, што сьнілі яго. Адзін з нашых агульных знаёмых бачыў у сьне Сашу. Былі я, мой тата і Саша, адзеты ў белае. Саша хацеў нешта пакласьці ў рот, а ў яго запыталі, маўляў, а ці ён ужо гатовы? А той адказаў: можна, я яшчэ не пайду, пабуду тут».

Найбольш складана ў Печах у так званым «Тэхасе»

У сацыяльных сетках існуе досыць шмат груп, якія складаюць салдаты, што цяпер служаць у вайсковых частках пад Барысавам. Ёсьць акаўнты і прапаршчыка Артура Вірбала. Большасьць вайскоўцаў не адказваюць на звароты. Не адказваюць і на тэлефанаваньні. Верагодна, што мабільнікі цяпер у сьледчых, якія вядуць справу.

Максім Агароднік, жыхар Гомлю, служыў у Печах некалькі гадоў таму. Пра выпадак з Сашам Коржычам ён даведаўся з інтэрнэту:

«Я не сутыкаўся зь нечым падобным, што апісваюць цяпер некаторыя. Але адзначу, што заўсёды найбольш складана ў Печах было ў так званым „Тэхасе“. Верагодна, што загінулы юнак там і служыў. У гэтай частцы заўсёды былі незразумелыя сытуацыі, было вельмі складана. „Тэхас“ — гэта кшталту тэхнічнага абслугоўваньня. Зрэшты, хлопцы, якія служылі ў Печах, могуць гэта пацьвердзіць. Чаму такое адбылося з Коржычам, нават уявіць складана. Тут немагчыма штосьці камэнтаваць, ня ведаючы дасканала ўсе падрабязнасьці справы».

Аляксандр Чаркоў, жыхар Янава, што на Берасьцешчыне, літаральна тыдзень як звольнены з арміі, таксама прайшоў Печы. Юнак пацьвердзіў пра так званы «Тэхас»:

«Ведаю, што ў „Тэхасе“ сапраўдныя „таскі“. Гэта значыць, усё вельмі распушчана і досыць складана. Аляксандру не пашанцавала, што ён трапіў менавіта туды. Але ў цэлым у мяне было ўсё ў парадку. Тут шмат што залежыць ад таго, якая школа, які нумар роты».

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках