23 красавiка 2024, aўторак, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры жаўнеры з Печаў знаходзяцца ў Навінках

52
Тры жаўнеры з Печаў знаходзяцца ў Навінках

Адзін з іх спрабаваў учыніць суіцыд.

Сярод пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя - жаўнер, які зрабіў спробу суіцыду напярэдадні гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах.

- Мой сын цяпер сапраўды ў Навінках, яго прывезлі туды на мінулым тыдні, - распавядае tut.by мама аднаго з жаўнераў вайсковай часткі 39 864 вучэбнага цэнтра ў Печах. - Чаму ён тут? З дзяцей здзекуюцца: патрабуюць грошы, крадуць асабістыя рэчы. А я зарабляю надта мала, сын такую сітуацыю ўспрымае блізка да сэрца. Ён разумее: мне цяжка на свае 250 рублёў купіць прыстойныя рэчы.

Са слоў мамы, яе сын не рабіў спроб самагубства, у асабістай гутарцы з кіраўніцтвам сказаў: «Магу больш не вытрымаць. Што-небудзь з сабой зраблю».

- Сыну высылаю грошы не толькі я, але і родныя, ягоная дзяўчына. З яго здзекаваліся маральна, фізічна. Вядома, пайду на размову з кіраўніцтвам, маўчаць не буду, раз маё дзіця пайшло ў войска здаровым, то хачу атрымаць назад таксама здаровага хлопца, - кажа мама жаўнера. - Цяпер сын стаў маўклівым, дрыжыць і баіцца нешта сказаць.

З гэтай жа часткі 39 864 у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя на лячэнні знаходзіцца яшчэ адзін жаўнер. У размове з журналістамі ягоныя родныя адразу адзначылі: хлопцу вельмі падабалася войска, ён захоплена распавядаў пра службу, пакуль яму не зрабілі аперацыю.

- Сыну няправільна ўскрылі фурункул над вокам, занеслі інфекцыю, пачалося заражэнне крыві. Яго ратавалі ў рэанімацыі вайсковага шпіталя. Фізічна сына вылечылі, але маральнае здароўе было падарванае. Прасіў аб дапамозе, а 5-га кастрычніка яго паклалі ў Навінкі, - кажа мама жаўнера з Печаў. – Цяпер войска – гэта вымаганне грошай. Ёсць грошы - ты ў пашане, няма - ты ніхто. Было б прасцей адкупіцца ад службы, чым высылаць туды.

Сам жаўнер, са слоў маці, не бачыў нічога страшнага ў тым, што трэба было плаціць тым, хто ў званні вышэй. Грошы яму высылалі і мама, і брат. Перад службай сына жанчына зрабіла жаўнеру другую картку, куды пералічваўся яе заробак. Большую частку яна здымала, астатнімі грашыма мог распараджацца сын.

- Часам хадзіў у чыпок (буфет. - заўв.) па 5 разоў на дзень, я яшчэ гаварыла: «Гэта карова можа столькі з'есці, а не ты». Абуралася, ён казаў, што гэта жыццё. Дарэчы, сын запэўніваў, што ніхто нікога там не біў. Цяпер дзедаўшчына ў войску не ў тым, каб кагосьці біць, яна - у грошах. Аднойчы за два дні сышло 45 рублёў, бо сяржант дазволіў патэлефанаваць дадому, схадзіць у чыпок. На месяц недзе сыходзіла па 100 рублёў.

Cтала вядома, што ў Навінкі таксама накіраваны яшчэ адзін жаўнер, які зрабіў спробу самагубства.

Нагадаем, цяпер Следчы камітэт расследуе гібель Аляксандра Коржыча ў Печах, адпрацоўваюцца тры версіі, сярод якіх - забойства. Крымінальная справа ўзятая на асабісты кантроль дыктатара.

- Сапраўды, на лячэнні ў Навінках цяпер знаходзяцца тры чалавекі, у тым ліку маладзён, які напярэдадні гібелі вайскоўца (Аляксандра Коржыча. - Заўвага.) спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але спроба была папярэджаная службовымі асобамі 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра. І было выяўлена, што да службы ў войску ён чатыры разы спрабаваў учыніць суіцыд, што было ўтоена сваякамі, як ні сумна гэта прызнаваць, - каментуе Уладзімір Макараў, прэс-сакратар галоўнай управы ідэалагічнай работы Мінабароны. - Акрамя таго, пасля вясновага прызыву вайсковым міністэрствам было выяўлена, што 3,5% жаўнераў знаходзіліся на ўліку ў псіхіятра.

- Якім чынам яны тады трапілі ў войска?

- Заканамернае пытанне, з гэтай нагоды праводзіцца праверка.

Раней у СМІ з'явілася інфармацыя, што жаўнер, які знайшоў цела Коржыча, таксама трапіў у РНПЦ у Навінках. Мінабароны гэтую інфармацыю не пацвярджае.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках