19 красавiка 2024, Пятніца, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі беларусы зарабляюць на грыбах

26
Колькі беларусы зарабляюць на грыбах

Сёлета на беларусаў напала сапраўдная грыбная «ліхаманка».

Такога «ўраджаю» грыбоў, як прызнаюцца тыя, хто пабываў у лесе, не было даўно. Хтосьці хадзіў у лес, каб запасціся дарамі прыроды на зіму, хтосьці - каб пахваліцца ў Instagram. Tut.by знайшоў беларусаў, якія самастойна збіралі і прадавалі грыбы, і даведаўся, колькі ім атрымалася зарабіць за сезон і колькі часу яны правялі ў лясах.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

«За дзень на грыбах магу зарабіць столькі, колькі ў краме за тыдзень»

Мянчанка Алена працуе загадчыцай аддзелу ў краме. Аднак кожны год на некалькі месяцаў яна сыходзіць з асноўнай працы, каб збіраць грыбы і ягады і прадаваць іх. Гэтым мянчанка займаецца ўжо 30 гадоў.

- Прычына простая - хочацца падзарабіць. З чэрвеня да кастрычніка сыходжу з асноўнай працы: бяру адпачынак, адгулы за свой кошт - і пачынаю сезон у лесе: спачатку ідзе суніца, потым - чарніца, затым ужо - грыбы і журавіны. Муж, калі вольны, дапамагае мне.

Збіраць ягады і грыбы Алена ездзіць у Стаўбцоўскі раён. Там у сям'і ёсць дом - на тое, каб яго дабудаваць, мянчанка і зарабляе.

- Зараз у лес езджу праз дзень: дзень збіраю, дзень прадаю. А ўлетку, калі ідзе ягада, у лес хаджу кожны дзень. Падымаюся ў дзве гадзіны ночы, еду ў ягады, збіраю да 11 раніцы - і з лесу адразу вязу на рынак прадаваць. І так па крузе без выходных. Вельмі стамляешся за гэтыя некалькі месяцаў.

Колькі грыбоў удалося сабраць за гэты сезон, Алена падлічыць не можа: «Шмат, вельмі шмат, - кажа яна. - Неяк падлічыла, што прывезла з лесу больш за тысячу баравічкоў. І гэта за адзін раз!»

У Менску сабраныя ягады і грыбы Алена прадае на Камароўцы. Фіксаванай цаны няма - усё залежыць ад «якасці» і вонкавага выгляду тавару, і нават ад таго, хто прыйшоў купляць.

ФОТА: ІВАН ТКАЧУК

- Нядаўна сабрала вельмі прыгожыя баравічкі. Натуральна, такое вядро я прадала дорага: тры літры - за 30 рублёў. Прадаю і іншыя грыбы: лісічкі, апенькі, грузды. Лісічкі, напрыклад, - па 7-8 рублёў за трохлітровымі вядро, - распавядае Алена аб сваім цэнаўтварэнні. - Кошт залежыць ад пакупніка: камусьці прадаеш танней, камусьці - даражэй. Не магу ж я прадаваць па аднолькавай цане старэнькай бабулі і маладому чалавеку, які прыйшоў на рынак і грошай не лічыць. Таксама цана залежыць ад попыту: калі на рынку мала народа, я аддаю танней, каб хутчэй усё прадаць. Гэта ж мой тавар - я сама ўсталёўваю кошты.

Акрамя таго, Алена збірае ягады і грыбы на заказ: за 30 гадоў у яе з'явіліся пастаянныя кліенты, якія просяць нарыхтаваць «дары прыроды» адмыслова для іх. «Чалавек узяў адзін раз, узяў другі - яму спадабалася. Потым ён напрамую выходзіць на мяне і пакідае заяўкі», - кажа Алена.

Жанчына дадае, што «сёлета грыбоў было шмат як ніколі». Таму з'явілася шмат канкурэнтаў на рынку, аднак, як кажа Алена, на яе даход гэта не паўплывала, было шмат заказаў ад пастаянных кліентаў: «Дзякуючы знаёмствам і сваім багатым расейцам, якія замаўляюць у мяне, усё было выдатна», - удакладняе жанчына.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Цяпер Алена ўжо заканчвае сезон і выходзіць у кастрычніку на працу. Колькі яна зарабіла сёлета на ягадах і грыбах, не гаворыць. Пацвярджае толькі, што справа гэтая «вельмі выгадная».

- Магу толькі сказаць: тое, што на асноўнай працы атрымліваю за тыдзень, на грыбах і ягадах магу зарабіць за адзін дзень.

«Прадавалі, таму што не ведалі, што рабіць з грыбамі»

Пенсіянерка Ганна з Асіповічаў усё лета і пачатак восені праводзіць на лецішчы, якое знаходзіцца недалёка ад райцэнтра. «Калі ёсць жаданне і настрой», любіць схадзіць у лес у грыбы.

- Ходзім, вядома, не кожны дзень - часцей за ўсё па выходных. Але часам і ў будні дзень: муж прыязджае з працы і дзесьці а 17.30 мы ўжо ў лесе. Да васьмі вечара можам назбіраць два кошыкі грыбоў.

Сёлета Ганна закатала блізу 50 літраў грыбоў, нейкую частку замарозіла, нейкую - раздала дзецям і сваякам. І калі ўжо не ведала, што рабіць з грыбамі, наважыла іх прадаць.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

- Аднойчы мы пайшлі ў лес і назбіралі чатыры 10-літровых вядры. Ужо нікому з сям'і грыбы не патрэбныя былі - дачка прапанавала іх прадаць і апублікавала абвестку ў інтэрнэце. Мы прадавалі даволі танна (20 рублёў за 10 літраў) - адразу ж знайшлі пакупніка.

Потым пакупнікі, распавядае пенсіянерка, дзякавалі за добрыя грыбы і прасілі сабраць для іх яшчэ. Аднак пенсіянерка ў грыбы больш не хадзіла - зарабіць сёлета атрымалася 80 рублёў.

Мянчанка Наталля у лес ў грыбы сёлета трапіла ўсяго адзін раз і назбірала чатыры 10-літровых вядры. Столькі грыбоў сям'і не трэба было, таму два вядры наважылі прадаць.

- Сёлета аказалася вельмі шмат грыбоў - такога, па-мойму, не было ніколі. Сабралі нават занадта шмат, таму частку грыбоў вырашылі прадаць. Прадавалі па 50 рублёў за вядро.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Прадаваў грыбы - купіў тэлевізар

У пачатку верасня жыхар Горадні Юрый пайшоў у адпачынак. На адпачынак за мяжой, як кажа мужчына, грошай не хапіла, лецішча ў сям'і няма, таму два тыдні мужчына правёў у родным горадзе.

- Рабіць не было чаго, таму вырашыў паехаць у лес у грыбы. У першы дзень назбіраў столькі, што ледзь на электрычцы павёз. Парадокс у тым, што мне падабаецца сам працэс збору, а есці грыбы мы з жонкай не вельмі любім. Таму наважыў іх прадаваць - нямала тых, хто лянуецца сам хадзіць у лес.

Белыя грыбы Юрый прадаваў па 15-20 рублёў за кілаграм - у залежнасці ад таго, наколькі акуратныя і прыгожыя трапляліся капялюшыкі і ножкі. Лісічкі ў сярэднім - па 5 рублёў.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

У лес Юрый ездзіў кожны дзень на працягу тыдня. Грыбы мужчына прадаваў суседзям, калегам па працы і калегам сваёй жонкі - пакупнікоў шукалі па знаёмых.

- Усяго за тыдзень я назбіраў больш за сто кілаграмаў. І скажу шчыра: гэта вельмі нядрэнны заробак. Даўно хацеў купіць новую «плазму» - і дзякуючы грыбам нарэшце гэта зрабіў. Пасля куплі новага тэлевізара сякія-такія грошы нават засталіся, - распавядае мужчына.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках