29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці адкажа генерал Раўкоў за смерць шарагоўца Коржыча?

49
Ці адкажа генерал Раўкоў за смерць шарагоўца Коржыча?
АНДРЭЙ РАЎКОЎ
ФОТА: БЕЛТА

Як выкараніць «дзедаўшчыну» ў беларускім войску.

У Беларусі разгарнулася кампанія збору подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.

Пад зваротам зняць з пасады кіраўніка міністэрства абароны на платформе сайта Zvarot.by падпісаліся 11 000 чалавек, піша zautra.by.

Масавую незадаволенасць беларусаў выклікала гібель маладога вайскоўца Аляксандра Коржыча.

Чаму трагедыя ўскалыхнула беларускае грамадства?

- Гэта стала кропляй, якая перапоўніла цярпенне людзей. - адзначае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. - У вайсковай частцы ў Печах гэта быў не першы выпадак гібелі жаўнера. Наколькі я ведаю, там было ўжо чатыры падобныя трагедыі.

Са слоў юрыста, былі асцярогі, што і гібель Аляксандра Коржыча могуць спісаць на суіцыд.

- Хоць, ёсць падставы ўважаць, што было здзейсненае забойства маладога жаўнера стараслужачымі, - кажа Міхаіл Пастухоў.

- У чым прычына жорсткага абыходжання з маладымі жаўнерамі ў беларускім войску?

- Гэта адлюстраванне жорсткасці, незадаволенасці, цынізму якія назіраюцца ва ўсім грамадстве. Фактычна мы жывём у стане неабвешчанай грамадзянскай вайны. Супрацьстаянне нарастае.

Сітуацыю пагаршае эканамічны крызіс, калі многія людзі вымушаныя гібець і весці паўжабрацкае існаванне, не могуць сябе рэалізаваць. Усюды іх караюць, за ўсё яны баяцца. Такая незадаволенасць знаходзіць выйсце ў войску ў дачыненнях паміж вайскоўцамі.

Наша грамадства сур'ёзна хварэе, яго трэба лячыць: правесці аздараўленчыя рэформы, пераўтварэнні, даць больш свабоды, дэмакратыі, больш дабрыні ў стасунках паміж уладай і грамадзянамі. У нас жа цяпер фактычная варожасць ва ўсіх сферах.

Час рэформаў прыйшоў і ў войска, якое - усяго толькі злепак грамадства, які паказвае, што і там усталявалася стаўленне да маладых хлопцаў як да рабоў. Усе разумеюць, што гэтыя хлопцы, прайшоўшы войска, могуць гэтак жа сябе паводзіць і на «грамадзянцы». Усе гэтыя «дэмбелі», «дзяды» цалкам могуць прыйсці служыць у міліцыю і гэтак жа здзекавацца з мірных грамадзян.

- Як вы думаеце, хто галоўны віноўнік гібелі маладых жаўнераў у мірны час?

- На мой погляд, асноўная прычына - халатнасць з боку афiцэрскага складу. Камандаванне надае недастаткова ўвагі сваім падначаленым, жаўнеры пасля адбою фактычна прадстаўленыя самім сабе. Як высвятляецца, сяржанты нават прыводзяць у казарму жанчын лёгкіх паводзінаў, здзекуюцца з маладых жаўнераў, ладзяць розныя разборкі і збіцці.

Я думаю, што войска, якое дасталася нам у спадчыну ад СССР, даўно сябе вычарпала. Асновай Узброеных Сіл Беларусі павінны стаць прафесіяналы. Хай іх будзе няшмат, але яны свядома пойдуць служыць і будуць добрасумленна вучыцца абараняць краіну.

А маладых людзей можна было б заклікаць толькі на кароткатэрміновыя зборы, каб навучыць валодаць зброяй і іншым вайсковым навыкам.

Дарэчы, неабходныя адметныя прыкметы беларускага войска ў форме адзення, традыцыях, мове, нацыянальнай сімволіцы. Трэба ажыццяўляць шырокае ўзаемадзеянне з узброенымі сіламі іншых краін, а не толькі з Расеяй.

- Ці дазваляе беларускае заканадаўства наўпрост прыцягваць да крымінальнай адказнасці камандзіраў за «дзедаўшчыну», за парушэнні правоў чалавека?

- На жаль, у нашым заканадаўстве прамога адказу на гэтае пытанне няма. Ёсць толькі артыкул за нестатутныя адносіны, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Ёсць артыкулы за злоўжыванне ўладай, але ў іх гаворка ідзе аб службовых асобах. Пакараць стараслужбоўца, які здзекаваўся з маладога жаўнера, могуць толькі ў выпадку, калі адбылося забойства, альбо за давядзенне да самагубства. Але ў выпадку з гібеллю Аляксандра Коржыча ўлады, відаць, хацелі б абмежавацца нейтральным артыкулам: за нестатутныя адносіны паміж вайскоўцамі.

- Ці можа адстаўка міністра абароны радыкальна змяніць да лепшага сітуацыю ў вайсковых частках, дзе квітнее «дзедаўшчына»?

- Не. Трэба патрабаваць не проста пакарання непасрэдна вінаватых, але і камандавання частак, якія патураюць нестатутным узаемаадносінам. Можа быць, варта нават расфармаваць вайсковую частку, дзе часта гінуць жаўнеры. У любым выпадку, міністр абароны павінен зрабіць высновы з гэтых трагедый.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках