24 красавiка 2024, Серада, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму жаўнеры маўчаць пра дзедаўшчыну нават пасля «дэмбелю»

57
Чаму жаўнеры маўчаць пра дзедаўшчыну нават пасля «дэмбелю»
ФОТА: CENSORU.NET

Служачыя цяпер і звольненыя ў запас распавялі, чаму пабоі і паборы ў беларускім войску ўважаюцца нормай.

21-гадовага салдата тэрміновай службы Сашу Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у вучэбнай часці пад Барысавам. Сябры хлопца падазравалі, што ў часці квітнее дзедаўшчына, і нават выкрылі прапаршчыка ў тым, што ён здымаў грошы з банкаўскай карты свайго падначаленага. Але сам Коржыч з сярэдзіны ліпеня амаль не расказваў пра нестатутныя ўзаемаадносіны ні сябрам, ні маме. А ў апошнія дні жыцця проста супакойваў іх: «Засталося пацярпець ўсяго тры тыдні». І прасіў радзей прыязджаць у часць, піша euroradio.by.

Адзін з таварышаў Коржыча па службе на пытанне аб дзедаўшчыне ў Печах адказвае: «Яе няма, а калі і ёсць, дык самы мінімум. За любую драпіну могуць завесці крымінальную справу, нават калі ўбачаць, што хтосьці пхнуў салдата, могуць пасадзіць на губу адразу». Але менавіта ён крыху пазней раскажа, што прапаршчык роты, дзе служыў Саша, карыстаўся яго карткай (і «паехаў» за гэта на гаўптвахту), а двое сяржантаў наладзілі «гандаль» смартфонамі. Хочаш, каб твой тэлефон застаўся з табой да канца службы, — плаці 30 рублёў. Існаванне гэтай «стаўкі» пацвердзіў Следчы камітэт — паводле звестак ведамства, яна складала ад 20 да 40 рублёў.

У мяне ёсць сябар — рабочы з Барысава. У 1990-я ён адслужыў у войску два гады. Пытаюся: «Была ў тваёй частцы дзедаўшчына?». Ён адказвае: «Не». Але праз некалькі хвілін раптам агаломшвае мяне фразай: «Але за тое, што я так і не навучыўся хадзіць страявым крокам, мяне ўсе два гады білі...»

Чаму салдаты маўчаць пра дзедаўшчыну? Адкуль гэтая дэфармацыя свядомасці, якая прымушае лічыць пабоі і паборы нормай? Чаму «зарок маўчання» захоўваецца нават тады, калі «дэмбель» застаецца далёка за спінай? Паспрабуем знайсці адказы з дапамогай вайскоўцаў, якія служаць цяпер і звольненыя ў запас.

Каб не падводзіць пад ціск нашы крыніцы, усе каментарыі мы публікуем на ўмовах ананімнасці. Запісы размоў і скрыншоты перапісак ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё.

Кругавая парука

Першы і самы відавочны адказ: кругавая парука. «Дзяды» некалькі месяцаў здзекаваліся з цябе? Цяпер ты сам «дзед». Давай, карыстайся выпадкам. Перад спакусай «атрымаць кампенсацыю» за свае пакуты могуць выстаяць далёка не ўсе. Так салдаты аказваюцца павязаныя бесперапынным ланцугом дзедаўшчыны, які лёгка перакідаецца ад прызыву да прызыву.

«Усё залежыць ад людзей, але нестатутныя ўзаемаадносіны непазбежныя. Нельга жыць у адным калектыве выключна паводле статуту, — кажа В., які некалькі гадоў таму адслужыў у часці №43064, дзе загінуў Саша Коржыч. — [У нас] былі выпадкі. Але яны высвятляліся і спыняліся, заводзілі крымінальную справу. [Нас] вадзілі на суды па нестатутных адносінах. У мой прызыў баяліся і думалі».

«Бывае, што гвалт і не патрэбны»

Другі адказ: «пацанскі» кодэкс. Тое, што ёміста сфармулявана словамі «даносіць нягожа». Прынцып прыйшоў з блатнога свету. Маўчанне падаецца як атрыбут мужнасці: «Трымаеш рот на замку? Мужык!». «Паняцці» шырока пранікаюць у жыццё за сценамі «зоны», таму маўчаць працягваюць і тыя, хто звольніўся ў запас. А салдаты тэрміновай службы ў прынцыпе ўразлівыя, таму вымушаныя трываць самі і хаваць здзекі з іншых.

«Калі здаеш, цябе аўтаматычна пераводзяць у «чорты». Кшталту «казла» ў турме. А гэта жах. Жыцця не дадуць ні «чорту», ні яго калегам з малодшага перыяду, — распавядае А., які адслужыў у войску пасля ўніверсітэта. — Важна разумець, што дзедаўшчына — гэта не толькі фізічны гвалт. Яго ў прынцыпе можа не быць. Могуць не караць ніяк таго, хто непажаданы (здае, напрыклад). Наогул яго не чапаць. Але караць яго таварышаў па службе. Да прыкладу, «чорта» пасадзіць на крэсла і прымусіць глядзець, як яго таварышы чысцяць прыбіральні».

«Калі хоць бы кожны трэці казаў, а не трываў — даўно б вырвалі гэтую заразу»

Чым сталейшы вайсковец, тым спакойней ён ставіцца да дзедаўшчыны. Барацьба з ёй нагадвае паядынак Дон Кіхота з ветракамі.

«Нестатутныя адносіны — гэта бок вайсковай службы, які старанна хаваецца. У войску, як бы непераканаўча гэта ні гучала, з імі змагаюцца. І тэрміны даюць вельмі немалыя, — кажа Я. Ён служыў у Печах у 1990-я. — Калі хоць бы кожны трэці гаварыў, а не трываў — даўно б вырвалі гэтую заразу.

Са свайго боку, магу толькі запэўніць, што расследаванні па такіх справах ідуць вельмі жорстка і скрупулёзна. Выварочваюцца навыварат усе падрабязнасці. Следчы камітэт ніякім бокам не належыць да войска, і верагоднасць «прыкрыцця» якіх-небудзь фактаў мізэрная».

«Нармальны камандзір не можа не бачыць сінякоў і патухлых вачэй»

Як змагацца з дзедаўшчынай? Мы спыталі пра гэта ў палкоўніка запасу, які служыў у савецкім і беларускім войску:

«Праявы нестатутных узаемаадносін былі ў вайсковым асяроддзі заўсёды. Але ў адной і той жа часці ў розных падраздзяленнях сітуацыя можа моцна адрознівацца. Вельмі многае залежыць ад афіцэраў. Ад асобы камандзіра. Ад ўкладу жыцця.

Заўсёды нашмат больш праблем было ў падраздзяленнях, дзе няма нармальна арганізаванай напружанай баявой падрыхтоўкі, дзе узводны і ротны не жывуць разам з салдатамі ў палявых умовах і не ядуць з імі з аднаго кацялка. Нармальны камандзір не можа не бачыць праяў дзедаўшчыны — патухлых вачэй маладых салдат, сінякоў. А далей — справа гонару афіцэра: выявіць самых «заўзятых» дзядоў і даходліва растлумачыць ім усё.

«У нас ёсць сістэмныя праблемы ў грамадстве. У войску як частцы грамадства яны выяўляюцца ў поўнай меры. Афіцэры павінны пачаць цалкам па-іншаму выконваць свае абавязкі: не са страху перад пакараннем, а з пачуцця гонару, з любові да Радзімы і да сваёй прафесіі. А калі дзяржава не можа ўтрымліваць 10000 такіх афіцэраў, то трэба пакінуць іх 1000, а можа быць, і менш. Бяспека Радзімы не пацерпіць. Таму што спадзявацца, што падраздзяленне, у якім жаўнер за грошы купляе «права на жыццё», выканае баявую задачу, — утопія».

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках