24 красавiка 2024, Серада, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы пратэстуюць супраць закрыцця крамаў у вёсках

34
Як беларусы пратэстуюць супраць закрыцця крамаў у вёсках

У Беларусі масава зачыняюцца сельскія крамы.

У розных рэгіёнах Беларусі зачыняюцца сельскія крамы. Спажывецкае таварыства тлумачыць людзям, што ў малых паселішчах крамы ўтрымліваць нявыгадна. У некаторых вёсках людзі пратэстуюць, пасля чаго ўлады вымушаныя крамы адкрываць, піша «Радыё Свабода».

Замест стацыянарных гандлёвых пунктаў у малыя вёскі тры разы на тыдзень прыязджаюць аўтакрамы спажывецкага таварыства. Аднак вяскоўцы кажуць, што гэта вельмі нязручна. Сярод іх шмат пенсіянераў, якія мусяць чакаць на холадзе аўтакраму, што прыязджае паводле пэўнага раскладу.

Івацэвіцкі раён. Вяскоўцы пра рэнтабельнасць крамы: «Плацяць па 200 рублёў пенсіі — што мы за іх можам купляць?»

Журналісты наведалі вёску Гічыцы Івацэвіцкага раёна. Тут, за 10 кіламетраў ад райцэнтра, жыве больш за 100 чалавек. Нядаўна мясцовую краму закрылі.

Калі журналісты падышлі да аўтакрамы, каля якой сабраліся вяскоўцы, старыя людзі пачалі абурацца, апелюючы да Лукашэнкі.

«Трэба Лукашэнку сказаць, каб загнаў нас у хлеў і падпаліў. Тады не трэба будзе ні пенсію плаціць, нічога... Сто чалавек яшчэ ў вёсцы, і каб крамы не было!» - скардзіцца бабуля.

Жыхары Гічыц распавялі, што ў вёсцы ёсць і кандыдатура прадавачкі ў краму, яна гатовая працаваць і за невялікія грошы. Але краму ўсё роўна зачынілі.

«Гэтая прадавачка ў нас працавала за 90 рублёў і з Яглевічай [8 км] ездзіла. А ў іх столькі расходу ідзе на гічыцкую краму, што няма магчымасці ўтрымліваць», - кажа жыхарка Гічыц.

«Пытаюцца: чаму, маўляў, вы нічога не бяраце? Так плацяць па 200 рублёў пенсіі - што мы за іх можам купляць? Макароны, хлеб, батон і цукар», - абураецца іншая пажылая жанчына.

Людзі кажуць, што самае неабходнае могуць купіць і ў аўтакраме, якая прыязджае тры разы на тыдзень, але тут ёсць нязручнасці.

«І гэта добра. Але не нам, старым, як замяце дарогі, тут стаяць...» - наракае жанчына, якая кажа, што ісці да аўтакрамы ёй блізу кіламетра, а потым яшчэ і стаяць пад адкрытым небам.

Пасля закрыцця крамы, кажуць вяскоўцы, у Гічыцах, фактычна не засталося ніякай інфраструктуры - медпункт, клуб і лазню тут пазачынялі ўжо даўно.

Бярозаўскі раён. Пасля збору подпісаў краму паабяцалі адкрыць, калі знойдуць прадаўца

У вёсцы Жычын Бярозаўскага раёна пражывае больш за 80 чалавек, у асноўным пенсіянеры. Краму тут зачынілі 26 кастрычніка.

Мясцовы «дэпутат» Першамайскага сельсавета, сябра аргкамітэта партыі БХД Валерый Білібуха сабраў подпісы жыхароў Жычына і накіраваў зварот у Бярозаўскі райвыканкам.

«Мы, у асноўным пенсіянеры, павінны стаяць на холадзе з хворымі нагамі па некалькі гадзін, каб купіць набор няхітрых прадуктаў. Няўжо мы не заслужылі ў дзяржавы годнага сацыяльнага абслугоўвання?» - спыталі вяскоўцы.

Мясцовыя ўлады правялі ў Жычыне сход, дзе патлумачылі людзям, што крама зачыненая, бо няма кандыдатуры прадаўца.

На сходзе пенсіянеры называлі і яшчэ адну нязручнасць аўтакрамы: «Калі забыўся нешта купіць, то ўжо не вернешся і не купіш».

Неўзабаве «дэпутату» Білібуху прыйшоў і адказ з райвыканкама, дзе патлумачылі, што калі знойдуць прадаўца, то крама будзе адкрытая.

«Так бы ціхенька ўсё і прайшло б. Зачынілі - і ўсё, ідзіце да аўтакрамы. Я ж буду сачыць за сітуацыяй і дамагацца, каб стацыянарная крама ў Жычыне адкрылася», - сказаў Білібуха.

Ганцавіцкі раён. Крама адкрыецца пасля пагрозы вяскоўцаў не ўдзельнічаць у «выбарах»

У Ганцавіцкім раёне пасля закрыцця крамы ў вёсцы Красінічы жыхары склалі зварот у райвыканкам, у якім прыгразілі, што не пойдуць на «выбары» ў выпадку, калі краму не адкрыюць.

У сітуацыю мусіў умяшацца нават старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў.

На сходзе мясцовых жыхароў кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства заявіла, што краму зачынілі, таму што яна не прыбытковая. Вяскоўцам прапаноўвалі пашыраць асартымент тавараў у аўтакраме. Але вяскоўцы стаялі на сваім: «Адчыняйце краму!»

Нарэшце старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў паабяцаў людзям, што крама ў Красінічах адкрыецца наноў 15 снежня.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках