28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі экспэрт: Беларусь накліча на сябе эканамічныя санкцыі праз пагадненне з Расеяй аб СПА

12
Украінскі экспэрт: Беларусь накліча на сябе эканамічныя санкцыі праз пагадненне з Расеяй аб СПА
ДЗМІТРЫЙ СНЕГІРОЎ
ФОТА: EPA/UPG

Украіна мае намер апеляваць да Захаду аб увядзенні эканамічных санкцый супраць Беларусі, каб не дапусціць разгортвання тут вайсковых баз РФ.

Праект закона, які дазволіць РФ выкарыстоўваць комплексы супрацьпаветранай абароны на межах Беларусі з ЕЗ і Украінай - цалкам прадбачаны крок.

Пуцін выцягнуў дамову у зручны момант - напярэдадні ўнясення ў Вярхоўную Раду законапраекта аб рэінтэграцыі АРДЛА. І падпісанне пагаднення аб СПА выкарыстоўваецца як рычаг псіхалагічнага ціску на ўлады Украіны.

Такое меркаванне тэлеканалу «24» выказаў вайсковы экспэрт Дзмітрый Снегіроў.

Як адзначае экспэрт, само пагадненне аб стварэнні сумеснага штаба па каардынацыі дзейнасці СПА РФ і Беларусі было падпісанае яшчэ ў 2016 годзе. Але Расея адклала ратыфікацыю да зручнага моманту. Гэта, кажа ён, вядома, чэкісцкая практыка Пуціна. Але, на думку Снегірова, кіраўніцтву Украіны не трэба паводзіць сябе як перапалоханаму чалавеку і нагнятаць істэрыю. Наадварот - гэтую сітуацыю трэба выкарыстоўваць на карысць Украіны. СПА - гэта не сілы наступу.

«Трэба апеляваць да нашых заходніх партнёраў аб увядзенні дадатковых эканамічных санкцый і палітычнай ізаляцыі Беларусі, каб не дапусціць разгортвання вайсковых баз Расеі супраць Украіны. Трэба не дапусціць выкарыстання тэрыторыі Беларусі і яе фактычнай заваёвы Крамлём як плацдарма для ўварвання РФ ва Украіну», - адзначае Дзмітрый Снегіроў.

Са слоў экспэрта, Беларусь гуляе на невыразнай пазіцыі МЗС Украіны і выкарыстоўвае сваю тэрыторыю для Менскіх перамоў. Гэта значыць выступае нейкім рэгулятарам і дыпламатам, чым здымае напружанне вакол сябе з боку ЕЗ і ЗША.

«Аднак Расея зрабіла вялікую памылку, прапанаваўшы менавіта цяпер зацвердзіць закон аб размяшчэнні СПА. Украіна мае магчымасць паказаць заходнім партнёрам ролю Беларусі як магчымага плацдарму для Расеі, а таксама захопніцкія планы Масквы ў дачыненні да самой Беларусі. Трэба разгортваць контрпрапаганду з улікам украінскіх інтарэсаў. Калі падпісваеце дамову з РФ аб размяшчэнні СПА, адпаведна, падпадаеце пад эканамічныя санкцыі», - падкрэсліў Дзмітрый Снегіроў.

Нагадаем, Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму праект закона, які дазволіць РФ выкарыстоўваць СПА на межах Беларусі з ЕЗ і Украінай. Прэзідэнт Расеі просіць Думу ратыфікаваць пратакол паводле артыкула «аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пагадненне паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб сумеснай ахове замежнай мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2009 года».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках