23 лiпеня 2018, пн 1:32

бел рус eng

Сын і ўнук Змітрака Бядулі падтрымалі ініцыятыву пераносу ў Беларусь праху пісьменніка 3

13:12 12.08.2017 — Грамадства

Класік беларускай літаратуры пахаваны ў Казахстане.

Каардынатар культурных праектаў Глеб Лабадзенка ініцыяваў перанос на радзіму праху выдатнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі.

Літаратар памёр у 1941 годзе па дарозе ў эвакуацыю недалёка ад горада Уральск у Казахстане.

«Некаторы час таму трапіліся на вочы здымкі магілы Змітрака Бядулі, - напісаў Глеб Лабадзенка ў Фэйсбуку. - У 1941-м яго пахавалі ва Уральску: вайна, не да таго было, каб думаць, як вярнуць прах на радзіму. З тых часоў, кажуць, пару раз узнікала ідэя перанесці астанкі класіка ў Беларусь. Але далей размоў нічога не ішло... Калі я гляджу на фота той магілы, у мяне няма пытанняў да ўлады: чаму яны не робяць? У мяне ёсць пытанні да нас: чаму мы не робім? Не ведаю, як вам, а мне сорамна глядзець на ўсё гэта».

Глеб Лабадзенка распавёў, што звязаўся з 83-гадовым Яўхімам Плаўніком, сынам Змітрака Бядулі. Той сказаў, што вельмі хацеў бы, каб магіла бацькі была перанесеная ў Беларусь. Пацвердзіў, што гэтая тэма сапраўды некалькі разоў падымалася, але нічога не зрушылася. Сам ён на месцы пахавання быў вельмі даўно - усё ж да Уральска 2000 кіламетраў.

А сёння на ініцыятыву Лабадзенкі адрэагаваў Канстанцін Плаўнік, унук Змітрака Бядулі.

«Вельмі ўзрушаны - атрымаў ліст ад унука Змітрака Бядулі, Канстанціна Плаўніка. Ён дзякуе за ініцыятыву ў пераносе магілы класіка ў Беларусь і выказвае гатоўнасць усяляк далучыцца да гэтай справы. Раней пра гэта пытанне я гутарыў з сынам пісьменніка Яўхімам Плаўніком. Ён сказаў, што будзе вельмі рады, калі яго бацька знойдзе спакой у роднай зямлі. Такім чынам, абодва сваякі Бядулі, якія сёння жывуць у Беларусі, выказалі сваю падтрымку і далучыліся да справы пераносу магілы бацькі і справы на радзіму».

Таксама Глеб Лабадзенка патэлефанаваў у Казахстан. Тамтэйшыя чыноўнікі адказалі, што пра магілу беларускага класіка ведаюць, як могуць даглядаюць. Распавялі, што пару разоў прыязджалі беларусы, абяцалі паставіць новы помнік. Але не атрымалася.

Тым, хто ў пасляваенны час усталёўваў помнік, складана было разабрацца ў нязвыклым беларускім вымаўленні. Таму Змітрок ператварыўся на манер прозвішча ў «Змітроў», а Бядуля, адпаведна, выглядае як імя. Некаторыя літары збітыя, сама пліта патрэскалася і патрабуе радыкальнага абнаўлення. Год нараджэння пададзены з памылкай - 1889 замест 1886.

Са слоў Глеба Лабадзенкі, перанос праху будзе каштаваць грошай, таму, як і раней, прыйдзецца аб'яднаць высілкі.

«Змітрок Бядуля шмат зрабіў для Беларусі і беларускай літаратуры. Натуральна, што ён не планаваў спачыць на чужыне і заслужыў права вярнуцца ў сваю родную зямлю. Усё гэта рэальна», - перакананы Лабадзенка, нагадваючы, што не так даўно атрымалася вярнуць на радзіму прах Магдалены Радзівіл.

Напісаць каментар (3)