28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гандлёвыя сеткі пазбаўляюць беларускіх фермераў заробку

10
Гандлёвыя сеткі пазбаўляюць беларускіх фермераў заробку
ФОТА: TASS.RU

Беларускія фермеры заклапочаныя тым, што вялікія рытэйлеры не прымаюць іхнюю прадукцыю.

У выніку гародніна папросту гніе на складах. Напрыклад, у аднаго фермера праз адмову прыняць ягоны тавар у краму змарнавалася 500 тон капусты. Вырасціць ураджай у цяперашнім нестабільным надвор'і ён здолеў, а прадаць - не, паведамляе ctv.by.

Тэхналогію для вырошчвання капусты ў беларускім клімаце прафесар Аляксандр Авутка распрацаваў асабіста шмат гадоў таму. Сёння шмат хто з фермераў паспяхова працуе паводле ягонай методыкі. Ураджай у 2017 годзе добры, але вялікія гандлёвыя сеткі ў ім не зацікаўленыя. Тавар браць у фермераў не хочуць. Аргументаў не падаюць.

Аляксандр Авутка, галоўны навуковы супрацоўнік Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, удакладняе: «Гэта розныя адказы. Могуць, што мы маем ужо прадукцыю. Якасных аргументаў гандаль сёння не мае. Ёсць фермы, дзе сотнямі тон прадукцыя потым вывозіцца на сметнік як незапатрабаваная. Таму што захоўванне - таксама працэс дарагі. Кажуць, а што застаецца рабіць, бо гандлёвыя сеткі выбіраюць імпартнае».

Супрацоўнікі праграмы зайшлі ў адну з менскіх крам спраўдзіць, якая прадукцыя на паліцах. Пекінская капуста - польская. Беларускай няма. Белакачанная капуста мясцовая. Яшчэ адна крама. Пекінская капуста імпартная. Морква на выбар - і айчынная, і імпартная. Коштам, дарэчы, адрозніваюцца ўдвая. Беларуская таннейшая. А вось яшчэ адзін папулярны гіпэрмаркет. Тут беларускім вытворцам у месцы на паліцах не адмаўляюць.

Варта адзначыць, што Мінсельгасхарч зарання даводзіць да гандлёвых сетак, якія аб'ёмы і якой прадукцыі выгадуюць беларускія аграрыі. Аб'ём ураджаю для аддзелаў закупак крам не з'яўляецца сюрпрызам.

«У крамне вырабляецца шырокі асартымент агародніннай прадукцыі - да 40 найменняў. Хацелася б, каб было нашай прадукцыі больш на паліцах гандлёвых сетак, бо асартымент сапраўды шырокі і якасць прадукцыі не горшая за імпарт. У краіне назіраецца павелічэнне дзелі вырабу агародніннай прадукцыі ў сялянскіх і фермерскіх гаспадарках», - кажа Андрэй Занеўскі, начальнік галоўнай управы раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Яшчэ адна крама - адна з найбольшых гандлёвых сетак Беларусі. На паліцы свежая морква з фермерскай гаспадаркі Гомельскай вобласці. Так што пра абсалютную адмову ў доступе фермерскай прадукцыі нават у вялікія гандлёвыя сеткі казаць нельга. Галоўнае патрабаванне раздробнага гандлю - сінхронныя бесперапынныя пастаўкі і вялікія партыі. Далёка не кожны фермер здольны выконваць гэтыя ўмовы. Менавіта таму, адзначаюць у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, гандлярам больш выгадна працаваць з вялікімі прадпрыемствамі.

«Уваходжанне на паліцу павінна быць вельмі празрыстым, зразумелым. Фермер мае ведаць, чаму ягоная прадукцыя не можа трапіць на паліцу. Цалкам не карэктна, калі яму не даюць адказ, чаму. А калі яму тлумачаць, што вы павінны нам у такі час такую колькасць тавару, тады яму будзе ясна, можа ён у гэтую сетку патрапіць ці не», - паведаміла Ірына Наркевіч, намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Каб стацца канкурэнтаздольным і выконваць абавязкі перад прадаўцом і пакупніком, вытворца павінен ведаць, чаму яму адмаўляюць у доступе на паліцы. У кожным канкрэтным выпадку негатыўная пастанова павінна быць дакладна аргументаваная. Толькі так вялікія прадпрыемствы і невялікія фермерскія гаспадаркі змогуць паклапаціцца аб збыце сваёй прадукцыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках