25 красавiка 2024, Чацвер, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі эксперт: БелАЭС першапачаткова была палітычным праектам

Польскі эксперт: БелАЭС першапачаткова была палітычным праектам

Варшава павінна заняць цвёрдую і салідарную з Літвой пазіцыю ў пытанні байкоту Астравецкай АЭС.

Атамная станцыя ў Астраўцы толькі павялічвае залежнасць Беларусі ад геапалітычных авантураў Крамля. Пра гэта ў інтэрв'ю Biznes Alert распавяла прадстаўніца Польскага інстытута міжнародных стасункаў Ганна Дынер.

– Наколькі праект будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў беларускім Астраўцы носіць палітычны, а наколькі эканамічны характар?

– Першапачаткова гэты праект быў палітычным. Калі яго запусцілі, гэта значыць у 2009–2011 гадах, свае АЭС даволі блізка адна ад адной збіраліся пабудаваць тры краіны: Беларусь, Літва і Расея. Ужо тады было ясна, што расейцы імкнуцца пры дапамозе балтыйскай і беларускай электрастанцыяў заблакаваць літоўскі праект. Тры электрастанцыі з падобнымі магчымасцямі, размешчаныя ў адным раёне, у плане продажу энэргіі нікому не былі патрэбныя. Важна таксама тое, што ў той перыяд стасункі Расеі з краінамі рэгіёну, у тым ліку з Польшчай і Нямеччынай, выглядалі зусім інакш. З'явілася нават ідэя, што Балтыйская АЭС зможа прадаваць электраэнэргію немцам.

Потым абстаноўка пачала мяняцца, цяпер далей за ўсё прасунулася будаўніцтва электрастанцыі ў Астраўцы. Палітычны аспект страціў значэнне, паколькі Літва адмовілася ад свайго праекту. Беларуская электрастанцыя стала інструментам іншага кшталту: у першую чаргу яна павялічыць залежнасць Беларусі ад Расеі. Гэты аб'ект будуецца на расейскія крэдыты, паводле расейскіх тэхналогіяў, там будзе стаяць расейскі рэактар і выкарыстоўвацца расейскае паліва.

Што самае важнае, на АЭС у Астраўцы паўстануць лішкі электраэнэргіі, якую Менск захоча прадаць (пажадана суседзям). Аднак з палітычных прычынаў гэтую электраэнэргію не стануць набываць ні Польшча, ні Нямеччына, ні Літва. У якасці патэнцыйных пакупнікоў цяпер называюцца Латвія і Украіна.

Літоўцы звяртаюць увагу, што электрастанцыя размешчаная занадта блізка ад Вільні і ўяўляе для яе небяспеку. У выпадку атакі на яе літоўская сталіца апынецца ў зоне радыеактыўнага заражэння. Улічваючы кантэкст пагрозы развязвання Расеяй гібрыднага канфлікту, можна сказаць, што асцярогі Літвы маюць пад сабой падставы.

– Ці можа з'яўленне АЭС у Астраўцы паўплываць на стасункі паміж краінамі Балтыі і іхнія кантакты з Польшчай?

– Я не думаю, што яна ўскладніць стасункі паміж краінамі Балтыі. Латвія пагадзілася толькі на перадачу энэргіі праз свае сеткі. У сваю чаргу, Літва некаторы час таму заявіла, што яна пры пасярэдніцтве Еўрапейскай камісіі пастараецца дамагчыся забароны на імпарт электраэнэргіі з гэтай электрастанцыі ва ўсе краіны ЕЗ, паколькі гэты аб'ект знаходзіцца ў небяспечным месцы, а тэхналогіі, выкарыстаныя пры яго будаўніцтве, выклікаюць пытанні.

Што тычыцца стасункаў Літвы і Латвіі з Беларуссю, тут мы бачым канкурэнцыю У беларусаў няма выйсця да мора, таму яны карыстаюцца літоўскімі і латвійскімі партамі, так што калі стасункі паміж Менскам і Вільняй сапсуюцца, беларускія кампаніі пачнуць часцей карыстацца партамі ў Латвіі.

– Польшча зрабіла слушна, заняўшы ў спрэчцы вакол электрастанцыі бок Вільні?

– Калі Польшча ўсё ж такі пастановіць імпартаваць электраэнэргію з Беларусі, ёй у любым выпадку спатрэбіцца стварыць дадатковую інфраструктуру, цяпер такія пастаўкі пачаць немагчыма. Наступная праблема звязаная з тым, што АЭС у Астраўцы – гэта расейскі праект, такім чынам, імпарт гэтай электраэнэргіі павялічыць залежнасць Польшчы ад Расеі. Важнае таксама і пытанне бяспекі. Мы ўсе памятаем падзеі ў Чарнобылі, а Астравец таксама знаходзіцца непадалёк ад польскай мяжы.

– Кіраўнік МЗС Вітальд Вашчыкоўскі нядаўна падкрэсліў, што Польшча не будзе набываць электраэнэргію ў Астраўцы. Адначасова ў расейскіх СМІ з'явіліся сцвярджэнні, быццам Польшча збіраецца ўступіць у канкурэнцыю з Беларуссю ў энэргетычнай галіне, а таму пераводзіць тэму ў палітычную плоскасць і адмаўляецца прызнаваць за Менскам права на вядзенне ўласнай эканамічнай палітыкі.

– Гэта поўная бязглуздзіца. Мы не можам канкураваць з Беларуссю ў сферы энэргетыкі, паколькі самі адчуваем дэфіцыт электраэнэргіі. Мяне не здзіўляе, што расейцы імкнуцца пасварыць палякаў і беларусаў, бо палітыка Масквы заключаецца ў тым, каб, пераследуючы ўласныя інтарэсы, нацкоўваць розныя краіны адна на адну. Яна не зацікаўленая ў нармалізацыі польска-беларускіх стасункаў.

Тэзісы, якія вылучаюць расейцы, памылковыя. У 2010–2011 гадах у Польшчы актыўна абмяркоўвалі перспектыву будаўніцтва ўласнай АЭС, але электрычнасць не планавалася накіроўваць на экспарт, яна павінна была пакрыць нашы ўласныя патрэбы. Так што праект не канкураваў з электрастанцыямі ў Калінінградскай вобласці, Беларусі і Літве. Цяпер расейцы спрабуюць раздзьмуць канфлікт паміж Менскам і Варшавай штучна.

– Польскае кіраўніцтва падкрэслівае, што яно хоча наладзіць стасункі з Беларуссю. Ці можа дапамагчы гэтаму набыццё электраэнэргіі з Астраўца?

– Беларускі бок на гэта спадзяваўся, але ў нашых двухбаковых стасунках застаецца шмат іншых неразвязаных праблемаў, а за апошні час менавіта польскі бок стаў часцей ісці на саступкі. Адначасова варта адзначыць, што паляпшэнне стасункаў з Беларуссю можа адбіцца на кантактах з Літвой, паколькі літоўцы выступаюць рэзка супраць АЭС у Астраўцы. Так што зводзіць усю тэму да стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю – моцнае спрашчэнне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках