16 красавiка 2024, aўторак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перад вучэннямі «Захад – 2017» праз Нёман узвялі падазроны мост

13
Перад вучэннямі «Захад – 2017» праз Нёман узвялі падазроны мост

Што можа стаяць за будаўніцтвам моста ў пустэльнай мясцовасці на беларуска-літоўскай мяжы?

Праз некалькі тыдняў побач з дзяржаўнай мяжой Літвы пройдуць буйныя расейска-беларускія вучэнні «Захад – 2017», за падрыхтоўкай да якіх у Літве назіраюць з непакоем, паведамляе ЛРТ у перадачы «Спецыяльнае расследаванне» (пераклад – delfi.lt).

У такі неспакойны час побач з Нёманам, па якім праходзіць мяжа Літвы і Беларусі, быў пабудаваны новы мост праз раку, што ўпадае ў яго побач з Беларуссю. Хто і навошта пабудаваў мост коштам на чвэрць мільёна, калі вучэнні «Захад» ужо хутка?

Ля літоўскай мяжы Расея канцэнтруе шматтысячны кантынгент, ужо ў верасні тут пачнуцца ваенныя вучэнні «Захад – 2017»: узброеныя салдаты, танкі, бронетранспарцёры, іншая вайсковая тэхніка – усё гэта будзе ўсяго за некалькі кіламетраў ад Літвы.

Сітуацыя там, дзе сёння сканчаецца мяжа ЕЗ і NATO, вельмі сур'ёзная. «Я і сам у студзені не мог падумаць, што сітуацыя з сферы бяспекі так зменіцца. Сумняваюся, ці праектаваў хто-небудзь да акупацыі Крыма, што ў XXI стагоддзі можа так здарацца, што адна дзяржава ўрываецца ў іншую, адрывае кавалак яе тэрыторыі, прадаўжае агрэсіўную палітыку, якая на Захадзе называецца найбуйнейшай для сябе пагрозай, індактрынуецца ўласнае грамадства, кібернетычныя і інфармацыйныя атакі накіроўваюцца на краіны Еўропы», – кажа кіраўнік парламенцкага камітэта ў нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Вітаўтас Бакас.

Палітолаг, сябра Сойму ў фракцыі кансерватараў Лаўрынас Кашчунас запэўнівае, што ў першую чаргу трэба звярнуць увагу на тое, якой будзе Беларусь пасля вучэнняў.

«Ёсць шмат інтэрпрэтацыяў і думак, што самастойнасць Беларусі, асабліва ў ваеннай сферы, можа стаць яшчэ меншай, чым была да гэтага часу. Ужо цяпер рэальна адбылася ваенная інтэграцыя Расеі і Беларусі. Шмат хто кажа, што фатальная кнопка дзеянняў ужо нават не ў Менску, а ў Маскве, і ў любым выпадку Расея імкнецца яшчэ больш абсарбаваць Менск. Пытанне – ці сыдуць расейскія салдаты, якія ў гэты момант ужо пачалі прыбываць на вучэнні, ці не», – кажа палітолаг.

Ці няма небяспекі, што ў Літве паўторацца сцэнары Грузіі і Украіны: паводле словаў Кашчунаса, мы не павінны забывацца на балючы гістарычны досвед, калі, прыкрываючыся ваеннымі вучэннямі, Расея ўварвалася ў Грузію.

«Вучэнні мы можам ацэньваць як рэгулярныя, якія праходзяць кожныя чатыры гады. Я падкрэсліў бы, што яны наступальнага характару. Трэба гістарычна ацэньваць некалькі рэчаў: былі такія вучэнні “Каўказ – 2008”, у якіх удзельнічала 59-я расейская армія, а праз некалькі тыдняў яна ўжо стаіць за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Тбілісі. Не хачу сказаць, што тут ёсць нейкая аналогія, паколькі мы ўсё ж краіна NATO і валодаем усімі інструментамі стрымлівання, аднак гэта досвед, які трэба мець на ўвазе», – упэўнены Кашчунас

Аднак пакуль шараговыя памежнікі ўдзень і ўночы назіраюць і ахоўваюць дзяржаўную мяжу, іх кіраўніцтва ў прамым сэнсе слова цягне мост у Расею.

Вёска Свенціянск – ля мяжы Літвы і Беларусі. Тут мяжа ідзе па рацэ Нёман, а праз ўпадалую ў яе раку Балтоі Анча (Baltoji Ančia) некалькі тыдняў таму быў узведзены новы мост, які абышоўся на чвэрць мільёна еўраў. Заказчык – Друскеніцкае самакіраванне. Сродкі на мост былі вылучаныя з бюджэту праграмы для догляду за дарогамі мясцовага значэння Літоўскай аўтамабільнай і дарожнай дырэкцыі.

Віцэ-кіраўнік КНБА (Камітэт нацыянальнай бяспекі і абароны) Арвідас Анушаўскас не хавае свайго здзіўлення, што сотні тысячаў еўраў былі ўкладзеныя ў мост на нежылой тэрыторыі побач з мяжой з Беларуссю.

Стараста сянюніі Капчамесчэ Лаздзійскага раёна Відмантас Дамбраўскас занепакоены не толькі самой задумкай, але і тэмпамі, а таксама часам будаўніцтва: мост пабудавалі за некалькі месяцаў, і, як спецыяльна, цяпер, калі на носе вучэнні «Захад – 2017».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках