29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады не прыйшлі на сустрэчу з вілейчанамі, якую самі ініцыявалі

4
Улады не прыйшлі на сустрэчу з вілейчанамі, якую самі ініцыявалі
ФОТА: KRAJ.BY

Чыноўнікі не палічылі патрэбным з'яўляцца да народа, паведаміўшы людзям праз абвестку на слупе.

18 жніўня а 18.00 на вуліцы Каралёва ў Вілейцы планавалася сустрэча жыхароў з прадстаўнікамі Вілейскага райвыканкама і ЖКГ, але ўлады на сустрэчу не прыйшлі, піша kraj.by.

Жыхары мікрараёна Волкаўшчына сабраліся ў прызначаным месцы ў прызначаны час: роўна а 18.00 на вуліцы Каралёва, як гэта прапаноўвалі ўлады.

Нагодай для сходу сталі праблемныя дарогі ў мікрараёне. Між іншым, гаворка ішла пра вуліцы Каралёва, Чарняхоўскага, Меліяратараў і завулак Чарняхоўскага і Каралёва.

Падтрымаць жыхароў Волкаўшчыны прыехаў актывіст грамадскага аб'яднання «Дзея», кандыдат у «дэпутаты» ў «палату прадстаўнікоў» Вілейскай выбарчай акругі №74 Максім Ціханаў.

Пачаў актывіст з перадгісторыі:

- Я хварэю за гэты горад і па-ранейшаму настроены дапамагаць людзям. Да мяне звярнуўся мясцовы жыхар Іван Марынюк і расказаў, што вуліца Каралёва - цэнтральная дарога ў мікрараёне Волкаўшчына - разбітая, па ёй немагчыма ездзіць, у машыне ламаецца падвеска. Я склаў зварот да ўладаў, а Марынюк сабраў 55 подпісаў жыхароў мікрараёна. Гэты зварот мы накіравалі ў Вілейскі райвыканкам, каб камунальнікі ўсё ж такі адрамантавалі дарогу.

Са слоў Максіма Ціханава, праз два тыдні з ім па тэлефоне звязалася прадстаўніца ЖКГ і папрасіла яго арганізаваць сустрэчу з мясцовымі жыхарамі.

- Гэта была ініцыятыва ўладаў. Яны самі ўсталявалі час і дату - 18.00, вуліца Каралёва, сёння, 18 жніўня, - каб абмеркаваць з жыхарамі праблемную дарогу, - патлумачыў актывіст.

На сустрэчу, са слоў Максіма Ціханава, павінны былі прыйсці прадстаўнікі Вілейскага ЖКГ і райвыканкама. Людзі сабраліся, а ўлады на сустрэчу так і не прыйшлі, «не палічылі патрэбным з'яўляцца да народа», паведаміўшы людзям праз абвестку на слупе.

За 20 хвілін да пачатку абмеркавання актывіст звязаўся з той жа супрацоўніцай ЖКГ, з якой да гэтага абмяркоўваў сустрэчу. Па тэлефоне яна патлумачыла, што «сустрэча скасоўваецца з тэхнічных прычын».

- Тэхнічнымі прычынамі яна назвала негатыўную рэакцыю райвыканкама на такія сходы, таму што ЖКГ, з яе слоў, ужо пачало рамантаваць дарогі ва ўсім мікрараёне. Калі скончаць, тады сход з жыхарамі і правядуць, каб даведацца ў іх, ці спадабаўся рамонт дарог, - удакладніў Ціханаў.

- Сапраўды! А навошта размаўляць з намі? - пасыпалася з натоўпу. - Яны тут не ездзяць і не ходзяць! Хай бы прайшліся ў сваіх туфлях на абцасах! Мы ж не можам хадзіць у нармальнай абутку па нашых дарогах, - не спынялі ўдзельнікі сходу.

Жыхарка мікрараёна Волкаўшчына распавяла, што нядаўна яе сваячка звярнулася з нагоды дарогі ў адміністрацыю кіраўніка. Ёй адказалі, што зварот пераадрасаваны ў райвыканкам, а адтуль прыйшоў адказ, што рамонт дарогі правядуць у 2018 годзе.

Праўда, да сустрэчы, якая не адбылася, са слоў жыхароў Волкаўшчына, «камунальнікі рэзка ўзяліся за рамонт». За гадзіну да абмеркавання падлаталі асфальт на Каралёва, завулак Чарняхоўскага пасыпалі пяском, два дні таму прайшліся грэйдэрам па Меліяратараў. Але такі «бюджэтны» рамонт задаволіў не ўсіх.

Сход завяршылася а 19.00. Атрымаць каментар у прадстаўнікоў райвыканкаму не ўдалося.

- Так як прадстаўнікі ўлады не прыйшлі на запланаваную імі ж сустрэчу, мы будзем працягваць дзейнічаць. Пра гэты факт паведамім ў Мінаблвыканкам і ў СМІ, - адзначыў пасля сустрэчы актывіст Максім Ціханаў. - Мы будзем дапамагаць вам, запісалі агучаныя праблемы і маем намер падаць звароту, каб у вас з'явіліся ў тым ліку аптэка, інфакіёск і банкамат. Але пры гэтым чакаем і вашай актыўнасці, каб пры неабходнасці вы не адмаўляліся ставіць подпісы пад зваротамі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках