20 красавiка 2024, Субота, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцяблянка нарадзіла дома і трапіла ў СІЗА

45
Віцяблянка нарадзіла дома і трапіла ў СІЗА
ФОТА: БЕЛСАТ

Жанчыну абвінавачваюць у смерці яе нованароджанай дачкі, хоць яна выклікала «хуткую».

Ад першых боляў да нараджэння дзіцяці прайшло не больш за 10 хв. Выклікалі хуткую дапамогу, але медыкі не дапамаглі. Праз 2 гадзіны дзіця памерла ў лякарні. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА. Яе абвінавачваюць у смерці дачкі, паведамляе Белсат.

Паводле інфармацыі УСК Віцебскай вобласці, Вольга планавала роды дома і не прадухіліла магчымыя негатыўныя наступствы. З гэтай прычыны яе абвінавачваюць у смерці яе нованароджанай дачкі. У канцы жніўня будзе суд. Ён адбудзецца ў Чыгуначным раённым судзе Віцебска. Жанчыну могуць асудзіць да выпраўленчых працаў тэрмінам да 2 гадоў або да абмежавання ці пазбаўлення волі да 3 гадоў.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільні або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Сваякі хочуць, каб працэс быў адкрытым, таму што не думаюць, што Вольга вінаватая ў смерці дачкі.

Адназначнага меркавання пра гэтую падзею няма

Апошні тыдзень гэтая трагедыя шмат абмяркоўваецца. Ад імя мянчанкі паўстала петыцыя ў падтрымку жанчыны з патрабаваннем вызваліць Вольгу з-пад варты, бо яна не ўяўляе ніякай небяспекі для навакольных і ў ёй мае патрэбу двухгадовае дзіця.

Надзея, маці Вольгі, пісала хадайніцтвы ў пракуратуру і Следчы камітэт, і ў дзяржаўныя, і ў мясцовыя структуры гэтых установаў, з просьбай змяніць меру стрымання ў дачыненні да дачкі. Але яе пакінулі ранейшай. Яна ўпэўненая, што дачка ні ў чым не вінаватая: гэта былі не запланаваныя хатнія роды, а імгненныя, падобныя на выкідак.

«Вольга сваю першую дачку нараджала дома. Яны жывуць з мужам у Санкт-Пецярбургу. Да гэтага цягам года яны праходзілі адмысловую падрыхтоўку. Яна не выключала хатнія роды і цяпер, але не сцвярджала, што не пойдзе ў радзільню. Запланаваныя хатнія роды праходзяць зусім інакш: побач павінен быць муж, павінна быць падрыхтаванае памяшканне: гарачая вада і ўсе неабходныя інструменты, і абавязкова кветкі і музыка – гэтым і адрозніваюцца хатнія роды, каб стварыць камфортныя ўмовы. А тут адбыліся вельмі хуткія роды, больш падобныя на выкідак», – кажа Надзея.

«17 лютага дачка была на планавай кансультацыі, там ёй сказалі, каб у панядзелак прыходзіла сама ў радзільны дом. Вярнулася з кансультацыі ў добрым настроі. З першага тыдня нараджэння першай дачкі яна насіла яе ў лазню. На гэты раз пайшла з унучкай я. Вольга таксама пайшла, яна не парылася, але была непадалёк ад дачкі, бо Насця была вельмі прывязаная да маці і без яе нікуды не хадзіла. – распавядае Надзея. – Каля 17-й гадзіны вярнуліся дадому. Павячэралі. Я з унучкай пайшла адпачываць, а Вольга прыбірала ў кватэры і закінула ў пральную машыну бялізну. Калі развешвала другую партыю, у яе рэзка забалеў жывот. Яна пайшла ў пакой. Я падумала, што ў яе пачаліся схваткі. Я ўзяла ўнучку, каб адвесці ў іншы пакой да свайго сына. І тут я пачула: “Мама, выклікай хуткую!”»

Паўторны званок у хуткую дапамогу знік

Надзея сцвярджае, што прайшло не больш за 10 хвілінаў пасля таго, як Вольга пайшла ў спальню і паклікала яе. Калі яна адчыніла дзверы, то ўбачыла, што дачка трымае на руках дзіця сінюшнага колеру.

«Я адразу стала тэлефанаваць у хуткую. Вядома, я вельмі спалохалася і ад гэтага крыкнула: “Хутчэй прыязджайце – нарадзілася мёртвае дзіця!” На што дачка паправіла: “Мама, яна не мёртвая – яна ў асфіксіі”. Я паўтарыла тое самае праз тэлефон у хуткую. Праз 10 хвілінаў я яшчэ раз патэлефанавала ў хуткую і сказала, што дзіця падае прыкметы жыцця. За гэты час дачка з нованароджанай перайшлі ў ванную, каб абмыцца пасля родаў і падрыхтавацца да прыезду медыкаў. Хуткая прыехала толькі праз 20 хвілінаў пасля майго другога выкліку. Але чамусьці запісу майго другога тэлефоннага званка ў хуткай дапамозе няма, хоць ён бачны ў раздрукоўцы мабільнага аператара», – распавядае жанчына.

Хуткая прыехала толькі праз 30 хвілінаў

Маці Вольгі была здзіўленая паводзінамі медыкаў хуткай дапамогі. Яны не аказалі на месцы ніякай дапамогі.

«І толькі пасля таго, як Вольга папрасіла мяне прынесці прыналежнасці, каб абрэзаць пупавіну, яны дасталі свае нажніцы і абрэзалі самі і проста стаялі да моманту прыезду рэанімабіля. У выніку дзіця было дастаўленае ў лякарню толькі хвілінаў праз 40–50 пасля родаў».

Што вы нам прывезлі труп?!

«Прыкладна праз гадзіну ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і ўсё сфатаграфавалі. Тут было відаць, што ніякіх хатніх родаў не было, – кажа Надзея. – А потым патэлефанаваў начмед з радзільні і пачаў крычаць: “Што вы нам прывезлі труп?!” Немаўля памерла ў радзільні ў 21:40».

Дома Вольга чакала дачку, якую яна карміла грудным малаком. Менавіта таму некалькі разоў падчас цяжарнасці Вольга адмаўлялася ад шпіталізацыі.

Вольгу арыштавалі ў дзень, на які прызначылі пахаванне дзіцяці

Раніцай 18 лютага прыехаў муж Вольгі з Санкт-Пецярбурга. Ён пайшоў у лякарню, каб паглядзець на дачку. Для яго гэта быў моцны шок. Дзіця ўжо аддалі на судмедэкспертызу. Ён спрабаваў больш падрабязна даведацца пра прычыны смерці, але ніхто не стаў яму тлумачыць. На што ён сказаў, што забярэ дзіця і зробіць судмедэкспертызу ў Расеі.

«Мабыць, гэта і была галоўная прычына, што нам так доўга не аддавалі дзіця. Яго аддалі толькі 5 траўня, калі прайшоў час і многія чыннікі ўжо нельга было вызначыць. Дзіця атрымалі ў вельмі дрэнным выглядзе: сапсаванае, памятае цела ў звычайнай скрынцы. На 6 траўня была замоўленая жалобная зала ў Віцебску і крэмацыя ў Менску. Але раніцай, 6 траўня, прыйшла міліцыя і арыштавала Вольгу. З таго дня, амаль 4 месяцы, яна знаходзіцца пад вартай у СІЗА. Ёй не далі пахаваць дзіця. Мяркую, што гэта спецыяльна так здзекуюцца», – кажа маці пацярпелай.

Прызнай, што нарадзіла мёртвае дзіця, тады ні ў каго не будзе праблемаў

«Дачцэ адразу сказалі: “Прызнай, што нарадзіла мёртвае дзіця. Тады ні ў каго не будзе праблемаў”. Але яна настойвала, што дзяўчынка была жывая, а медыкі нічога не рабілі. Следчы нам дазволіў толькі дзве сустрэчы з Вольгай, каб мы ўгаварылі яе прызнаць сваю віну», – кажа Надзея.

Двухгадовую дачку пазбавілі магчымасці быць разам з маці

Маленькая Насця жыве цяпер з татам і ягонымі бацькамі на лецішчы пад Санкт-Пецярбургам.

Развітацца з малодшай дачкой, якую назвалі Лізай, Вольга не змагла, родныя пахавалі яе толькі ў ліпені, бо зразумелі, што чакаць вызвалення Вольгі давядзецца яшчэ доўга.

Адвакат кажа, што Вольга дрэнна сябе адчувае. Анемія прагрэсуе, а яна не можа есці тое, што там даюць. Родныя маюць права на перадачы толькі да 30 кг у месяц, а гэта і ежа, і рэчы... У СІЗА кажуць, што падставаў для пераводу ў лякарню няма.

Маці Вольгі распавяла, што дачка прайшла ў Маскве медабследаванне. Узровень гемаглабіну ў яе ўпаў катастрафічна – да 6,20 г/дл пры норме не ніжэй за 11 г/дл. У такім стане здароўя яе і «закрылі» ў СІЗА.

У віцебскім СІЗА Вольга малюе алоўкамі партрэты родных.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках