20 красавiка 2024, Субота, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

CES 2018.: Робаты выходзяць за рамкі проста тэхналагічных штуковінаў

2
CES 2018.: Робаты выходзяць за рамкі проста тэхналагічных штуковінаў
Фота: Getty Images

Штучны інтэлект перастае быць проста дарагой цацкай.

Калі вы калі-небудзь марылі, каб ваш дом пыласосіў робат, то на выставе навінак спажывецкай электронікі Consumer Electronic Show (CES), што заканчваецца ў Лас-Вегасе, ёсць, што вам прапанаваць, паведамляе bbc.com.

Робат Aeolus можа выконваць адразу некалькі працаў у доме: мыць падлогу, перасоўваць мэблю, адносіць на кухню брудны посуд – і гэта далёка не ўсё.

Аднак гэтая цуда-машына, як і многія іншыя прапанаваныя на выставе вынаходкі, не заўсёды апраўдвала чаканні.

"Aeolus пастанавіў, што з яго даволі", – напісаў у "Твітары" сталы аўтар прысвечанага тэхнічным распрацоўкам сайта Wirecutter Сін Брустар, які назіраў за тым, як робат нечакана застыў пасярод дэманстрацыі.

Такія няспраўныя моманты пераследавалі і прадукцыю аўтарытэтнай кампаніі LG. У ходзе прэс-канферэнцыі ў пачатку гэтага тыдня, а потым яшчэ двойчы хатні памочнік Cloi падвёў сваіх распрацоўнікаў.

Ён проста сядзеў нерухома, ніяк не рэагуючы на каманды персаналу.

"Cloi, прынясі рэцэпт курыцы", – прасілі яго. "Самі прынясіце", – быццам хацеў сказаць безуважны робат.

Няўдача напаткала і кітайскую фірму YYD, чый робат, закліканы даваць хуткую ацэнку стану здароўя чалавека, сам "захварэў" у непадыходны момант.

Як паведамляе з выставы карэспандэнт праграмы Бі-бі-сі Click Спэнсэр Кэлі, твар-экран робата "перакасіла" паведамленне пра памылку ў сістэме.

"Сёлета робаты атрымалі не такую добрую адзнаку спецыялістаў праз мноства няўдачаў", – кажа аналітык рынку тэхналогіяў Бэн Стэнтан.

Ён мяркуе, што шматфункцыянальнасць, якая прыпісваецца многім прыладам, моцна перабольшаная. Акрамя таго, спосабы ўзаемадзеяння з спажыўцом нават у самых крутых робатаў запазычаныя з мінулага досведу, новага прыдумана вельмі мала, кажа спецыяліст.

А ў век сацыяльных сетак непаладкі не маглі прайсці незаўважанымі, дадае ён.

Аднак былі ў Лас-Вегасе і незвычайныя экспанаты, якія спалучаюць у сабе даволі просты экстэр'ер і арыгінальную ідэю функцыянавання. Такім з'яўляецца робат Luka, які чытае дзецям на ноч кніжкі, у якога ёсць доступ да базы з дзясяткамі тысячаў ілюстраваных дзіцячых кніг.

Многія бацькі, праўда, мяркуюць, што лепш самім праводзіць з дзецьмі час за кнігай.

Honda – адна з фірмаў, якая сёлета здолела набыць добразычлівасць прэсы. Яна прапанавала адразу некалькі прыладаў, створаных для выкарыстання ў канкрэтных спецыфічных сітуацыях.

Напрыклад, чатырохколавы робат 3E-D18 можа прыйсці на дапамогу будаўнікам або службам выратавання для перамяшчэння цяжараў. А 3E-B18 – удалая альтэрнатыва інваліднага крэсла, здольная даць пажылым і людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш мабільнасці.

Сярод робатаў, якія пераканалі адмыслоўцаў у іхняй эфектыўнасці, таксама былі:

– Winbot X from Ecovacs – бесправодная прылада для мыцця вокнаў, якая не мае патрэбы ў падзарадцы.

– Robo Mantis – чатырохногі робат на колах, прызначаны для выкарыстання ў ходзе выратавальных аперацыяў.

– Aflac – робат-качка, створаная, каб дарыць пазітыўныя эмоцыі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі.

– Totem Spider – робат-канструктар ад брытанскай фірмы Binary Bots, збіраючы які, дзеці могуць развіваць навыкі праграмавання.

Аднак робаты, прыдуманыя для выканання больш штодзённых задачаў, могуць не знайсці ў публікі вялікага водгуку, мяркуе аналітык кампаніі Creative Strategies Караліна Міланезі.

"Машына, якая прыносіць вам піва або газету, не будзе таннай. Зусім іншая справа, калі гаворка ідзе пра прылады, якія палягчаюць жыццё. Значна большай увагі заслугоўваюць робаты, здольныя дапамагаць у доме людзям з абмежаванымі магчымасцямі", – кажа Міланезі.

Распрацоўнікі, якія арыентуюцца на сапраўдныя патрэбы спажыўца, паўплываюць на рынак больш, мяркуе спецыялістка.

Яна прызнаецца, што атрымала вялікае задавальненне ад гульні з новай версіяй робасабакі Aibo кампаніі Sony. Сабачка імгненна рэагаваў на пагладжванні і казытанне падбароддзя. Але ўсё роўна, кажа Караліна, не пакідала адчуванне, што гэта проста дарагая цацка.

Аналітык рынку тэхналогіяў Бэн Стэнтан мяркуе, што самых рэвалюцыйных робатаў увогуле не прывозяць на выставу CES. Паводле ягонага меркавання, іх варта шукаць на мерапрыемствах, якія арганізуюцца Нацыянальнай федэрацыяй рытэйлераў ЗША, адно з якіх пройдзе на наступным тыдні.

"Там можна знайсці прылады, якія робяць цудоўныя рэчы: правяраюць наяўнасць той ці іншай прадукцыі ў крамах ці дапамагаюць у транспартаванні, напрыклад. Большасць інавацыяў сёння нацэленыя на камерцыйнае выкарыстанне", – кажа Стэнтан.

Паводле ягонага меркавання, людзі павінны сур'ёзна задумацца над сваёй будучыняй і больш хвалявацца не пра тое, каб займець новага сябра ў доме, а пра тое, што хутка робат зможа заняць іхняе працоўнае месца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках