Washington Post распавяла пра беларускія карані вядомага бейсбаліста
- 11.10.2018, 16:03
- 7,845
Сям'я Алекса Брэгмана прыбыла ў Балтымар з Пінска ў 1911 годзе.
Прадзядуля Алекса Брэгмана, аднаго з гульцоў бейсбольнага клуба «Х'юстан Астрас», прыехаў у ЗША з Беларусі. Аб гэтым піша газета Washington Post, паведамляе «Беларусь и мир».
Сям'я Бо Брэгмана прыбыла ў Балтымар з Пінска ў 1911 годзе. Тады продку цяперашняй зоркі аднаго з самых папулярных у Амерыцы тыпаў спорту было 4 гады.
Пасталеўшы, ён жыў у Вашынгтоне і стаў вядомы ў спартовых колах як букмекер, заўзятар іпадрома і баксёрскі агент, які працаваў, напрыклад, з Джо Льюісам і Білі Конам.
Бо таксама валодаў невялікай доляй «Вашынгтон Рэдскінз» - клуба амерыканскага футбола.
А вечарамі і ў выходныя ён ператвараўся ў маленькага, але задзірлівага гульца ў той ці іншай аматарскай бейсбольнай камандзе, самай вядомай з якіх была «Вашынгтон Ацтэкс».
Сын Бо - Стэн - вывучаў юрыспрудэнцыю ва Універсітэце Джорджа Вашынгтона і працаваў на выбарчыя кампаніі для Эдлая Стывенсана, Губерта Хамфры і Ліндана Джонсана.
Затым Стэн быў галоўным юрысконсультам бейсбольнага клуба «Вашынгтон Сенатарз». Ён пераканаў бізнэсоўца Боба Шорта набыць гэтую каманду, а затым наняць трэнерам Тэда Вільямса.
У сваю чаргу, адзін з сыноў Стэна - Сэм - гуляў у бейсбол спачатку за школьную каманду ў горадзе Бетэсдзе, штат Мэрыленд, а затым за Універсітэт Нью-Мексіка.
Пазней ён стаў выбітным адвакатам у Альбукерку, штат Нью-Мексіка, і атрымаў пасаду старшыні Дэмакратычнай партыі штата.
А 30 сакавіка 1994 года ў сям'і Сэма і ягонай жонкі Джэкі Брэгман з'явіўся на свет першы сын, якога назвалі Аляксандэрам. Ён і з'яўляецца сёння гульцом «Х'юстан Астрас».