20 красавiка 2024, Субота, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за сто пасажыраў чартарнага авіярэйсу з Егіпта затрымаліся ў Берасці

8
Больш за сто пасажыраў чартарнага авіярэйсу з Егіпта затрымаліся ў Берасці

У берасцейскім аэрапорце цяпер знаходзіцца больш за сотню гарадзенскіх турыстаў.

Больш за сотню гарадзенскіх турыстаў, якія ляцелі чартэрным рэйсам з Хургады ў Горадню, затрымаліся на паўдарогі дадому праз моцны туман. Цяпер пасажыры незадаволеныя дзеяннямі перавозчыка, які не паклапаціўся пра тое, каб хутчэй даставіць людзей у Горадню, паведамляе newgrodno.by.

Людзі прызнаюцца, што новай прапановай паляцець у Хургаду напрамую з Горадні скарысталіся дзеля камфорту, каб не ездзіць у іншыя гарады і зэканоміць час і нервы. А атрымалася наадварот.

Сёння чартэрны самалёт, які ляцеў з Хургады, не змог прызямліцца ў Горадні праз моцны туман, таму яго прыняў берасцейскі аэрапорт.

«Спачатку мы паўгадзіны сядзелі ў самалёце, потым выйшлі ў залю чакання. Ніхто да нас не выйшаў, каб растлумачыць, што нам рабіць - ні з «Белавія», ні з турфірмы, ні ад тураператара JoinUp. Мы селі а 12:40. І то цяпер, калі ўсе паелі ў буфеце за свае грошы, прадстаўнік аэрапорта паведамляе, што харчаванне нам арганізуе праз 4 гадзіны», - кажа Вольга. Жанчына, як і многія турысты, незадаволеная якасцю паслуг і тым, як развязваюцца праблемы пасажыраў.

Са слоў суразмоўніцы, у самалёце было шмат пасажыраў з дзецьмі, бо многія паляцелі ў Егіпет на час восеньскіх вакацый, ёсць жанчына інвалід. Праз дзве гадзіны незразумелага чакання ў многіх пачалася паніка, бо не было талковага тлумачэння, як перавозчык будзе развязваць пытанне дастаўкі турыстаў у Горадню.

Частка падарожнікаў не стала чакаць і з'ехалі ў Горадню на таксі або маршрутках. Таксісты аэрапорта згаджаюцца адвезці ў Горадню за 200-300 рублёў. Плаціць такія грошы гатовыя не ўсе.

Тым, хто застаўся, паабяцалі, што ў Горадню іх адвязуць на аўтобусах, на якіх павінна прыехаць новая партыя турыстаў, якія накіроўваюцца ў Хургаду. Аўтобус блізу 15 гадзін дня выехаў з Горадні ў Берасце, на дарогу сыдзе не менш за чатыры гадзіны. Паводле падлікаў гарадзенскіх турыстаў, выехаць дадому яны змогуць толькі праз сем-восем гадзін пасля прызямлення, яшчэ прыкладна пяць гадзін спатрэбіцца, каб прыехаць у Горадню.

Пасажыры ўпэўненыя, што пытанне з транспартам перавозчык мог вырашыць нашмат хутчэй і не знясільваць людзей шматгадзінным чаканнем у аэрапорце. Яны бачылі, што яшчэ да вылету іх самалёта з Хургады ў інтэрнэце пачалі з'яўляцца паведамленні пра тое, што рэйсы адкладаюцца праз туман.

«Ведаючы гэта, кампанія не распачала ніякіх дзеянняў, каб нас даставіць дадому хутчэй, вырашыць пытанне з транспартам. У іх было як мінімум паўтары гадзіны, пакуль мы ляцелі. Прадстаўнікі аэрапорта кажуць, што пытанні вырашаюцца. Кім? Якім спосабам? Ніхто нічога не тлумачыць», - кажуць людзі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках