19 красавiка 2024, Пятніца, 6:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крымскі мост: апоры скачуць, швы трашчаць

30
Крымскі мост: апоры скачуць, швы трашчаць
ФОТА: ТАСС

Што адбываецца з расейскай «будоўляй стагоддзя».

Апоры Керчанскага моста рухаюцца адразу на трох адрэзках, што ставіць пад пагрозу будаўніцтва чыгуначнай часткі, акцэнтуюць увагу ў Міністэрстве ў пытаннях часова акупаваных тэрыторый Украіны, піша «Крым.Рэаліі».

Паводле звестак украінскага Міністэрства, апоры Керчанскага моста на асобных адрэзках за год перасунуліся на адлегласць да дзевяці сантыметраў. Зрушэнне адбылося недалёка ад узбярэжжа Крыму, у цэнтральнай частцы моста і крыху далей - на востраве Тузла.

«Зафіксаванае тое, што канструкцыя Керчанскага моста не з'яўляецца стабільнай... Частка апор, скажам, паднімаецца, частка апускаюцца. Гэта кажа аб тым, што ёсць дынамічныя змены», – распавёў першы намеснік міністра ў пытаннях часова акупаваных тэрыторый Украіны Юсуф Куркчы.

Апоры прасядаюць і падымаюцца з хуткасцю ад дзесяці да дзевяноста міліметраў за год. Гэта відаць на спадарожнікавых фота, апублікаваных украінскім міністэрствам у Facebook. Такія звесткі выклікалі гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках.

«Чарговы фэйк, колькі было размоў да пачатку і падчас будаўніцтва, колькі «экспэртаў» «довадаў», што мост немагчыма пабудаваць, што ён абрынецца і да таго падобнае. І нічога з гэтага не адбылося», - напісаў карыстальнік Дзіма Усачоў.

«Каб за паўгода яго існавання (аўтамабільнай часткі) можна было атрымаць такія дакладныя звесткі, у мяне паўсталі сумневы. Калі ж пашукаў у інтэрнэце, то зразумеў, што спадарожнікавыя радарныя звесткі існуюць і можна праводзіць іх маніторынг», – указаў у каментарах Мікалай Лемехаў.

Вылічыць міліметровыя зрушэнні ў канструкцыях мастоў, нават дыстанцыйна, цалкам магчыма, кажуць ва ўкраінскім міністэрстве.

«Калі, груба кажучы, Google можа 3D-карцінку маляваць з дакладнасцю да сантыметраў, то чаму мы не можам сачыць за стабільнасцю тых ці іншых канструкцый у тых жа вымярэннях?» - пацвярджае Куркчы.

Год таму на адной з апор моста спецыялісты зафіксавалі пазнаку з каардынатамі, ад яе прывязаліся да нерухомага пункта, напрыклад, вяршыні скалы, каардынаты якой вядомыя і стабільныя.

Цягам года рабілі спадарожнікавыя здымкі і за гэты час заўважылі, што апора істотна прасела. На колькі менавіта міліметраў, вылічыла кампутарная праграма.

Мостабудаўнік Пётр Каваль кажа, што прасяданне або ўзняцце асобных канструкцый мастоў ад аднаго сантыметра і да дзевяці - не крытычнае.

«На мастах абавязкова прадугледжваецца дэфармацыя. Дэфармацыі досыць значныя. Скажам, калі пралётны будынак моста – 100 метраў, то мяркуецца, што тэмпературныя дэфармацыі могуць быць да васьмі сантыметраў. Для гэтага ставяцца дэфармацыйныя швы, каб іх кампенсаваць», – кажа інжынер-мостабудаўнік.

Але ці выстаіць Керчанскі мост, інжынер прагназаваць не наважваецца. Кажа: трэба больш звестак, за аб'ектам неабходна ўвесь час назіраць.

«Іншая справа, што ўсё ж, калі гэтыя дэфармацыі будуць прагрэсаваць, калі яны будуць збірацца, тады могуць быць нейкія сур'ёзныя праблемы», – мяркуе Каваль.

У тым, што можа спыніцца будаўніцтва чыгуначнай часткі моста, перакананы расейскі гідрагеолаг Юрый Медавар. Калі апоры прасядаюць сінхронна - гэта нармальная з'ява, тлумачыць ён, але на Керчанскім мосце яны рухаюцца ў процілеглых кірунках.

«Вось у нас адна апора, праз 30 метраў - другая апора. Дык вось, адна апора прасядае, другая падымаецца. Гэта вельмі небяспечна для чыгуначнага моста, бо рэйкі там павінны быць ювелірна роўнымі. І калі ў вас адбудзецца такі вось перакос, рэйкі могуць «стаць дубка» – і цягнік сыдзе з рэек. Гэта вельмі небяспечна», – каментуе горны інжынер-гідрагеолаг Юрый Медавар.

Нераўнамерны рух апор ускладніць будаўніцтва чыгуначнага пераходу па мосце, мяркуюць і ў Міністэрстве ў пытаннях часова акупаваных тэрыторый Украіны.

«Калі гэтая дынаміка захаваецца, а ўсе перадумовы, што яна захаваецца, яны звязаныя з няўстойлівасцю грунтоў і з самай складанасцю канструкцыі, то, магчыма, мы будзем сведкамі таго, што будзе пераносіцца і далей пуск чыгуначнай часткі гэтага моста», – кажа Юсуф Куркчы.

Будавалі, будавалі і нарэшце...

У Расеі афіцыйна не каментавалі інфармацыю, распаўсюджаную ўкраінскім міністэрствам. Будаўнікі адрапартавалі, што скончылі будаўніцтва ўсіх трохсот сямі апор для чыгуначнага моста.

«Праца была даволі складаная, праходзіла ў няпростых умовах надвор'я. Але, нягледзячы на гэта, з невялікім апярэджаннем будаўнікі скончылі ўсе чыгуначныя апоры», - распавёў намеснік гендырэктара ў інфраструктурных праектах кампаніі «Будгазмантаж» Леанід Рыжэнькін.

Але нават калі чыгуначную частку дабудуюць, не факт, што мост здадуць у эксплуатацыю, мяркуюць экспэрты.

«Там праблемы пачнуцца, як толькі па чыгунцы пойдзе цягнік, прыкладна 100 тон, гружаны вагон (цягнік ідзе - прыкладна 60 вагонаў, гэта шэсць тысяч тон), тады трэба глядзець», - кажа Юрый Медавар.

А пакуль расейская «будоўля стагоддзя» трашчыць па швах. У красавіку, яшчэ да адкрыцця моста, трэснула адна з апор, і гэта фота трапіла ў Інтэрнэт. А ў пачатку кастрычніка ў ваду ўпаў увесь пралёт моста - паміж тузлінскай касой і востравам Тузлай. Тады ўсё спісалі на няспраўнасць дамкрата.

Керчанскі мост можа таіць і іншыя сюрпрызы. Бо яго не выпрабоўвалі належным чынам і поўнай нагрузкі на мост не давалі. Толькі Пуцін праехаў і дваццаць пустых КамАЗаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках