29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр працы: Грошы пенсіянераў ідуць на рэзідэнцыі Лукашэнкі

45
Экс-міністр працы: Грошы пенсіянераў ідуць на рэзідэнцыі Лукашэнкі

Беларусы ўжо адчулі на сабе «дзірку» ў ФЗСН.

За шэсць гадоў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) вырас у дзевяць разоў. Недахоп жа сродкаў стала складае блізу 10%. Пра гэта на нарадзе з кіраўніцтвам урада прагаварыўся Лукашэнка.

Беларусы ўжо адчулі на сабе «дзірку» ў ФСАН і стварылі петыцыю, у якой заяўляюць, што фонд неправамерна пазбаўляе работнікаў права на дапамогу.

Пракаментаваць сітуацыю сайт Charter97.org папрасіў былога міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Саснова:

- Праблема з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва сапраўды існуе. Хачу адзначыць, што яна была бачная яшчэ 25 гадоў таму. На жаль, уладам тады не хацелася яе развязваць. Хоць менавіта ў той час была магчымасць абыходзіцца нейкімі іншымі сродкамі і сапраўды развязваць гэтыя праблемы.

Цяпер жа сітуацыя абвастрылася. Эканоміка ў краіне не працуе. Павялічваць адлічэнні ў фонд немагчыма. Бо гэта азначала б павелічэнне сабекошту прадукцыі, якую і так ніхто не бярэ.

Улады давялі сітуацыю да таго, што я не бачу асаблівых перспектыў, каб развязаць нейкім іншым чынам існую праблему з ФСАН, акрамя як павысіць пенсійны ўзрост або паскорыць сыход пенсіянераў у іншы свет. На жаль, менавіта да гэтага прывёў беларусаў урад за 25 гадоў.

- Аляксандр Віктаравіч, а як вы ацэньваеце пенсійную сістэму Беларусі агулам?

- Не сакрэт, што яна ў нас нерэфармаваная. У Беларусі засталася старая савецкая сістэма. Пасля развалу СССР пенсійную сістэму трэба было рабіць па-новаму, ствараць хаця б часткова страхавую частку.

Ведаеце, гэта ўсё планавалася 25-26 гадоў таму, але прыйшла новая ўлада і яна нічога ў гэтым кірунку не хацела рабіць. Яны спрабавалі заткнуць існыя дзіркі, абсалютна не развязваючы ўсур'ёз пытанні пенсійнай сістэмы.

- Нядаўна беларусы стварылі петыцыю, заявіўшы, што ФСАН незаконна пазбаўляе работнікаў права на дапамогу. Ці звязанае гэта з дэфіцытам у фондзе?

- Сітуацыя выглядае так, што ўлады могуць знайсці нейкія капейкі, драбкі на выплату бальнічных. Але гэта ўсё паліятыўная дапамога, а не развязанне праблем. Нават калі яны і знойдуць нейкія драбкі, гэта не ўратуе сітуацыю. Наша эканоміка гніе. Такі вось тэрмін выкарыстоўваецца і ў дачыненні да гэтай сітуацыі. Беларусы не раз адчуюць на сабе «эфекты» праўлення дзейнай улады.

- Як вы думаеце, каму ў першую чаргу могуць скараціць пенсіі ў сувязі з «дзіркай» у ФСАН? Якая група можа трапіць пад удар?

- Не думаю, што ўлады наважацца наўпрост скарачаць пенсіі. Але гэта можна зрабіць не наўпроставым скарачэннем, а з дапамогай розных хітрыкаў. Напрыклад, узмацненнем інфляцыі, друкаваннем грошай. Пры гэтым для адных павялічваць выплаты, а іншым пакідаць, як ёсць. Аднак, не думаю, што будуць ушчэмленыя інтарэсы былых сілавікоў.

Так што, трэба гатавацца да таго, што сітуацыя будзе пагаршацца. Пад удар трапяць усе.

- Які б вы прапанавалі выхад з гэтай сітуацыі?

- Ведаеце, а я абсалютна нічога не хачу прапаноўваць. Калі 25 гадоў таму прапаноўвалася, то яно не было прынятае. Няхай цяпер самі выкарабкваюцца з сітуацыі, у якую ўляпаліся.

- На ваш погляд, што кажа аб «сацыяльна-арыентаванай» дзяржаве дапамога па беспрацоўю 24 рублі?

- Мне смешна чуць пра нібыта «сацыяльна-арыентаваную» палітыку ўладаў. Вось Швэцыю, Нарвегію, Данію сапраўды можна назваць такімі, а ў нас палітыка арыентаваная толькі на дабрабыт набліжаных да ўрада людзей.

У Беларусі ўладу захапілі людзі, якія нават не разумеюць, куды рухаецца сусветная эканоміка, таму нічога добрага ад іх чакаць нельга.

Дапамога ж у беспрацоўі 12 даляраў паказвае ўсю сутнасць дзейнай улады і яе стаўленне да беларусаў. Людзі проста вымушаныя выязджаць за мяжу або скарачаць і так невысокі ўзровень спажывання.

Увогуле, дрэнная сістэма, дрэнныя вынікі. Усё ўпіраецца ў тое, што эканоміка не працуе.

- У такім выпадку, а куды ж напраўду ідуць адлічэнні беларусаў у ФСАН?

- Глядзіце, адлічэнні беларусаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ідуць у бюджэт. Бюджэтам распараджаецца ўлада. Можна сказаць, што беларусы атрымліваюць мізэрныя пенсіі і дапамогі таму, што грошы з бюджэту ідуць на «патрэбы» ўладаў.

Напрыклад, з бюджэту бяруцца сродкі на будаўніцтва рэзідэнцый Лукашэнкі. Беларусы проста спансуюць будаўніцтва ягоных шматлікіх палацаў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках