25 красавiка 2024, Чацвер, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсовец Аляксандр Кныровіч з абвінавачваннямі не згодны

6
Бізнэсовец Аляксандр Кныровіч з абвінавачваннямі не згодны
АЛЯКСАНДР КНЫРОВІЧ
ФОТА: ONLINER.BY

Кныровіч разам з абаронцамі і эканамістамі мае намер даводзіць сваю невінаватасць.

Як стала вядома «Народнай Волі», Аляксандр Кныровіч не прызнае выстаўленыя яму абвінавачванні ў прычыненні шкоды.

Нагадаем, што вядомага бізнэсоўца «абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме».

Вядома, што шкода, якая першапачаткова была выстаўленая Кныровічу паводле вынікаў падатковай праверкі, даўно кампенсаваная часткамі, і нават з лішкам. Але тады гаворка ішла зусім не пра мільёны даляраў.

- З 2014 да 2017 года ўсё, што нам інкрымінавалі - 74 тысячы беларускіх рублёў, - распавёў журналістам бацька бізнэсоўца Станіслаў Кныровіч. - Гэта за тры гады! У гэтую лічбу ўваходзіць нявыплата падаткаў, пеня, штрафныя санкцыі. Гэтая сума была выплачаная, як толькі скончылася падатковая праверка. Пры абарачэнні, скажам, 90 мільёнаў рублёў - гэта ўсяго толькі 0,08 адсотка. Гэта чыста арыфметычная памылка...

Са слоў блізкіх Кныровіча, ён супрацоўнічаў са следствам. Праўда, чаму яму так і не змянілі меру стрымання і не выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе або пад заклад - пытанне. Магчыма, адна з прычын, паводле якой Кныровіч дагэтуль застаецца за кратамі, - сума інкрымінаванай яму шкоды. Паводле інфармацыі з атачэння бізнэсоўца, канчатковыя лічбы шкоды мала адрозніваюцца ад тых, якія агучвалі на тэлевізіі практычна адразу пасля ягонага затрымання. Кныровіч разам з абаронцамі і эканамістамі мае намер давесці сваю невінаватасць.

«Атрымліваецца, што калі Аляксандру выставяць суму шкоды, якую агучвалі, то нават калі ён прадасць усё, што мае і цалкам пазбавіцца свайго бізнэсу, можна сказаць, застанецца ні з чым, і ўсё адно не назбірае такіх грошай», - выказваюць сваё меркаванне людзі з найбліжэйшага атачэння бізнэсоўца.

Як паведамлялася, у мінулую восень Аляксандру Кныровічу дазволілі спатканне з сяброўкай. Бацька і маці Аляксандра спатканняў з сынам не мелі.

«Саша сапраўдны баец! - напісала Аляксандра ў сацыяльных сетках пасля сустрэчы. - Ён выдатна трымаецца і верыць у лепшае! Вялікі дзякуй усім, хто піша яму лісты! Гэта вельмі падтрымлівае!»

Родныя спадзяваліся ўбачыць Аляксандра на свабодзе перад Новым годам. Але, на жаль...«Давядзецца ж такі сустракаць гэты Новы год у адзіноце...», - казала сяброўка бізнэсоўца напярэдадні Новага года.

Аляксандр Кныровіч быў затрыманы 25 студзеня за ўхіленне ад выплаты падаткаў, разам з ім у справе праходзяць пяцёра супрацоўнікаў кампаніі «Сармат Тэрма-Інжынірынг», якую ён узначальваў.

Згодна з інфармацыяй прэс-службы КДБ, Кныровіча абвінавачваюць у недаплаце падаткаў на суму, не меншую за 2,8 мільёна рублёў.

Паводле інфармацыі КДБ, з 2014 года прадстаўнікі «Сармат ТІ» шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацый энэргетыкі забяспечвалі правядзенне «заказных» біржавых таргоў для рэалізацыі дарагой прадукцыі - папярэдне тэрмаізаляваных труб (ПІ-труб). Паводле звестак установы, заказчыкі з ліку службовых асоб ЖКГ і энэргетыкі атрымлівалі «адкаты», сумы якіх закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі. Узнагароджанні за афармленне «заказных» таргоў і іх правядзенне праз біржу атрымлівалі і біржавыя брокеры, «якія працавалі ў інтарэсах кіраўніцтва СТІ».

Як паведамлялася, цягам 2014-2016 гадоў «Сармат ТІ» паставіла арганізацыям рэспублікі прадукцыі (труб) на суму звыш 90 млн рублёў, сума нявыплачаных падаткаў, паводле ацэнак КДБ год таму, складала 2,8 млн рублёў.

Як паведамлялася, у дачыненні да кампаніі «Сармат Тэрма-Інжынірынг», якую ўзначальваў Кныровіч, распачатая справа аб эканамічнай неплатаздольнасці.

Дарэчы, інтарэсы Аляксандра Кныровіча абараняе той жа адвакат, які раней абараняў бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках