20 красавiка 2024, Субота, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Deutsche Welle»: Ці адкажа Пуцін за «Вагнера»

«Deutsche Welle»: Ці адкажа Пуцін за «Вагнера»

Дыскусія аб загінулых у Сірыі пакуль ідзе ў вузкім коле.

Пад амерыканскімі бомбамі ў Сірыі загінулі расейцы, гэта ўжо бясспрэчна. Пытанне ў тым, колькі было забіта і як адрэагуе на гэта Крэмль - такое меркаванне выказаў палітолаг Іван Праабражэнскі ў каментары DW.

Першая расейска-амерыканская ўмоўна наўпроставая баявая сутычка ў Сірыі скончылася гібеллю расейцаў і іх хаўруснікаў. Гэта яшчэ не новая сусветная вайна, але ўжо падобна на В'етнам, дзе, як у савецкім анекдоце, змагаюцца з амерыканскай ваеншчынай «в'етнамцы» Лі-Сі-Цын і Сі-До-Роў. Праўда, тады ЗША супрацьстаялі вайсковыя дарадцы і рэгулярныя войскі. Тут жа Мінабароны РФ заяўляе, што «расейскіх вайскоўцаў у гэтым раёне сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор няма». Так што ў Сірыі амерыканцы, відавочна, маюць справу з расейскімі прыватнымі ваеннымі кампаніямі (ЧВК).

Прыхільнікі «Вагнера»

Самай вядомай нашай ЧВК з'яўляецца кампанія Вагнера. Да любімага кампазітара Адольфа Гітлера яна дачынення не мае, затое, паводле звестак расейскіх і замежных медыя, звязаная з бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным, якога таксама называюць «поварам Пуціна». Актыўна загаварылі аб гэтай ЧВК з пачаткам ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны, але і пра яе ўдзел у баях у Сірыі ёсць дзясяткі публікацый. У тым ліку, і пра страты ЧВК Вагнера, якія расейскае міністэрства абароны ў сваіх зводках не ўлічвае, што не перашкаджае ўладам часам пасмяротна ўзнагароджваць ці то гэтых добраахвотнікаў, ці то наймітаў.

Прынцыповая розніца паміж расейскім войскам і прыватнай ваеннай кампаніяй закладзеная ў назве. Вайскоўцы павінны абараняць інтарэсы Расеі. Ну а расейцы, якія загінулі ў Сірыі, мяркуючы з наяўнай інфармацыі, штурмавалі нафтаперапрацоўчы завод, які можа быць цікавы Прыгожыну, расейскаму хаўрусніку Башара Асада, але відавочна знаходзіцца па-за зонай інтарэсаў Расейскай Федэрацыі.

Так што сказаць, што ў Сірыі 7-га ці 8-га лютага расейцы загінулі, абараняючы чыясьці прыватныя інтарэсы, будзе простай канстатацыяй факту. У адпаведнасці з Міжнароднай канвенцыяй аб барацьбе з вярбоўкай, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наймітаў (прынятай у снежні 1989 года рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН) загінулыя з'яўляюцца наймітамі. З усімі вынікаючымі наступствамі, у тым ліку і для Расеі, хоць яна і імкнецца ад іх дыстанцыявацца.

Найлепшая абарона - дэзінфармацыя

Раз загінулі не вайскоўцы, ці павінны расейскія ўлады адказваць за іх смерць? Кандыдат у прэзідэнты ад партыі «Яблык» Рыгор Яўлінскі мяркуе, што так. Часта калегі па апазіцыі абвінавачваюць яго ў згодніцтве з уладамі, але пакуль менавіта ён дакладна адрэагаваў на тое, што здарылася, запатрабаваўшы адказу ад Уладзіміра Пуціна.

Яўлінскі патрабуе ад прэзідэнта справаздачы «аб дзеяннях расейскіх вайскоўцаў у Сірыі цяпер, аб колькасці загінулых расейскіх грамадзян, незалежна ад таго, у якім фармальным статусе яны неслі службу». Таксама, з улікам пагрозы «выпадковага ці наўмыснага непасрэднага ваеннага сутыкнення паміж Расеяй і ЗША», патрэбная «публічная справаздача і пра ўзаемастасункі з ЗША».

Улады замест гэтага вядуць класічную кампанію дэзінфармацыі. Спачатку Мінабароны адмаўляла, што хтосьці наогул загінуў. Затым, калі хаваць стала бессэнсоўна, ананімныя телеграм-каналы распавялі пра сотні загінулых. Нарэшце, былы камандуючы баявікамі ў Данбасе Ігар Гіркін (Стралкоў) назваў на сваёй старонцы «В Контакте» лічбу 600 загінулых, пры тым, што амерыканцы раней казалі, што ў нападзе агулам удзельнічала блізу 500 чалавек.

У вядучыя дзяржаўныя СМІ, тым больш на тэлевізію, інфармацыя аб гібелі расейцаў у Сірыі, вядома, не патрапіла. Але ў сацсетках адразу загаварылі пра дэзінфармацыю, якая дыскрэдытуе Расею. Ужо без назвы крыніцы стала згадваліся то 200, а то і 600 загінулых. Паспрабуй жа цяпер давесці, што хтосьці наогул загінуў. Адразу ў вочы ткнуць гэтымі міфічнымі шасцю сотнямі. Усе вы хлусіце, скажуць крамлёўскія прапагандысты, то ў вас 600, то ў вас 200. Ну а пецярых ці крыху больш, чыю гібель ужо ўтаіць не атрымаецца, напэўна, афіцыйна прызнаюць і пахаваюць.

Тры Расеі

У выніку, дыскусія пра загінулых у Сірыі пакуль ідзе ў вузкім коле. Кіроўны клас кіруе і, магчыма, зарабляе на сірыйскай вайне, пры гэтым старанна ўтойваючы інфармацыю. Невялікі гурток палітычных актыўных грамадзян, як лаяльных Крамлю, так і апазіцыйна настроеных, абмяркоўвае расейскія страты на кухнях і ў сацсетках. А большасць, дзякуючы эфектыўнасці крамлёўскай дэзінфармацыі і цэнзуры, проста нічога не ведаюць.

Не ведаюць, але вялікай вайны асцерагаюцца. У канцы 2017 года большасць расейцаў нездарма называла заканчэнне сірыйскай вайны галоўнай падзеяй года. Як гэтыя людзі будуць паводзіць сябе, калі даведваюцца, што вайна ў Сірыі ператвараецца ў падабенства Афганістана, а рызыка наўпроставага канфлікту з ЗША значна вырасла? Мы пакуль не ведаем, ці збунтуецца гэтая трэцяя Расея ці прадоўжыць пастаўляць кадры для ЧВК, каб паміраць у далёкай краіне за чужыя інтарэсы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках