19 красавiка 2024, Пятніца, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калмыкі: Як адзіны ў Еўропе будысцкі народ абараняе сваю мову

5
Калмыкі: Як адзіны ў Еўропе будысцкі народ абараняе сваю мову

Калмыкі прадаўжаюць змагацца з асіміляцыяй.

Часам здаецца, што экзатычныя, далёкія ад нас народы і культуры знаходзяцца дзесьці на вялікім аддаленні ад Беларусі. І каб адчуць і ўбачыць уласнымі вачыма абсалютна адрозную цывілізацыю, неабходна ехаць на іншы кантынент, на іншую частку зямнога шара. Неймаверна, але ўсе гэтыя стэрэатыпы лёгка руйнуюцца адной расейскай рэспублікай — Калмыкіяй, піша nn.by.

Калмыкія ва ўяўленні беларуса - гэта нейкая далёкая ад яго зямля. Наўрад ці многія беларусы могуць паказаць на мапе хоць бы прыблізна, дзе ж гэтая рэспубліка знаходзіцца. Дзіўна, але адлегласць ад Беларусі да Калмыкіі крыху больш за тысячу кіламетраў.

КАЛМЫКІЯ НА МАПЕ РАСЕІ

І, напэўна, наўрад ці на такой адносна невялікай адлегласці знойдзеш іншую краіну, больш непадобную на Беларусь, чым Калмыкія. Гэта адзіны рэгіён у Еўропе, дзе большая частка насельніцтва вызнае будызм. Сучасныя калмыкі з'яўляюцца заходнімі манголамі (айратамі). Айратаў прыкладна пароўну пражывае ў Манголіі, Кітаі і Расеі. Гэтыя людзі з'яўляюцца фактычна адзіным народам, адрозніваюцца толькі іх назвы: у Манголіі аймакі, у Кітаі элюты, а заходнія манголы, якія жывуць у Расеі, на беразе Волгі, называюцца калмыкамі.

Нават само слова «калмык» паказвае на геаграфію іх рассялення. Саманазва калмыкаў «хальмг» паходзіць ад цюркскага слова «калмак» («той, які аддзяліўся»). І сапраўды, волжскія калмыкі жывуць за 4000 кіламетраў ад сваіх супляменнікаў у Кітаі і Манголіі.

Калмыкі сталі перабірацца на еўрапейскія землі, у раён Волгі, з Джунгарыі (Уйгурыі) у XVII стагоддзі. Аднак ужо ў 1771 годзе прыкладна палова калмыкаў вярнулася назад на сваю гістарычную радзіму ў Джунгарыю, а палова засталася ў Расеі. Такім чынам, калмыкі (або айраты) жывуць сёння на тры краіны.

Цяпер калмыцкая мова і культура ў заняпаду, прызнае папулярызатар калмыцкай мовы Віктар Манджыеў.

ВІКТАР МАНДЖЫЕЎ

«Старэйшае пакаленне мову ведае, але не бачыць асаблівай патрэбы у тым, каб на ёй размаўляць. Моладзь імкнецца, але для практыкі мовы трэба час, якога не заўсёды стае. Важны тут і эканамічны фактар — часам людзі больш зацікаўленыя ў вывучэнні замежных папулярных моў», — кажа Манджыеў.

Свядомая адмова ад роднай мовы ў калмыкаў пачалася яшчэ пры СССР, бо тады гэта быў фактычна адзіны спосаб выжывання народа. Сапраўднай катастрофай стала масавая дэпартацыя калмыкаў і ліквідацыя Калмыцкай АССР у 1943-1944 гадах. Савецкая ўлада палічыла, што калмыкі недастаткова актыўна змагаліся супраць гітлераўцаў. Амаль увесь kalmyk народ перасялілі на Урал і ў Сібір. Невялікі народ быў рассеяны на велізарных прасторах Расеі. Расейскі парламент нават прыняў у свой час пастанову, ахарактарызаваўшы дэпартацыю калмыкаў як «акт генацыду». У 1956 годзе калмыкаў рэабілітавалі, але за гады ссылкі рэпрэсаваныя калмыкі паступова гублялі сваю ідэнтычнасць.

ДЭПАРТАЦЫЯ КАЛМЫКАЎ

Пад рэпрэсіі траплялі нават тыя калмыкі, што змагаліся ў шэрагах Чырвонай арміі і савецкіх партызанскіх атрадаў. Паказальны жыццёвы шлях Міхаіла Хонінава, які быў у партызанах і забіў блізу 300 нацыстаў. Але нават ён трапіў пад савецкую рэпрэсіўную машыну і быў дэпартаваны. Дарэчы, Міхаіл Хонінаў захаваў сувязь з Беларуссю і перавёў на kalmyk мову вершы Янкі Купалы.

МІХАІЛ ХОНІНАЎ У БЕЛАРУСІ

Віктар Манджыеў кажа, што з калмыкамі Кітая і Манголіі стасункі падтрымліваюцца. Лепш за астатніх традыцыйную культуру і мову захавалі мангольскія калмыкі, бо яны жывуць на тэрыторыі незалежнай Манголіі. А кітайскія калмыкі, як і расейскія, асімілююцца.

Ужыванне мовы ў сферы адукацыі вельмі абмежаванае — школ з калмыцкай мовай навучання няма, яны былі ліквідаваныя яшчэ ў гады СССР. Цяпер школьнікі вывучаюць kalmyk мову толькі як асобны прадмет па дзве-тры гадзіны на тыдзень.

Але папулярызатар мовы мяркуе, што ў нашы дні ніякага прыгнёту з боку расейскіх уладаў няма — нацыянальную мову падтрымліваюць на дзяржаўным узроўні. Існуе шэраг грантавых праграм для падтрымкі калмыцкай мовы і культуры: можна выдаваць кнігі на роднай мове і праводзіць розныя падзеі.

«Ніякай забароны на ўжыванне мовы няма. Самае галоўнае тут — дастукацца да свядомасці людзей. Асабліва важна пераканаць старэйшае пакаленне размаўляць па-калмыцку, сярод іх шмат тых, хто ведае мову вельмі добра», — кажа Віктар.

Моладзь цяпер таксама імкнецца захаваць родную мову. Выдатны таму прыклад — мабільнае дастасаванне для вывучэння калмыцкай мовы, якое распрацаваў IT-спецыяліст Аляксей Зуноў. Аляксей цяпер працуе ў транснацыянальнай кампаніі ў Тайландзе. Ён стварыў мабільнае дастасаванне «Хальмг келн» у 2014 годзе у час пражывання ў Маскве. Тады ён заўважыў, што яму не выстарчала практыкі — Аляксей стаў забываць асобныя словы, выразы, таму ў яго і ўзнікла ідэя стварыць мабільны дадатак, з якім можна было б штодня падтрымліваць свой узровень калмыцкай мовы.

АЛЯКСЕЙ ЗУНОЎ

Ідэя стала развівацца, туды дадалі прыказкі і прымаўкі, песні, узоры вуснай народнай творчасці і гэтак далей.

Мабільная праграма стала запатрабаванай сярод калмыкаў і атрымала шмат водгукаў. Яе спампавалі блізу 14 тысяч разоў (усяго калмыкаў у Расеі налічваецца блізу 180 тысяч).

На думку Аляксея, сітуацыя з мовай у Калмыкіі паступова выпраўляецца. Ён мяркуе, што грамадзянская супольнасць і дзяржава многае робяць для развіцця калмыцкай мовы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках