19 красавiка 2024, Пятніца, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Справа загінулага жаўнера з Калінкавічаў знаходзіцца на грамадскім кантролі

3
Леанід Судаленка: Справа загінулага жаўнера з Калінкавічаў знаходзіцца на грамадскім кантролі
ЮРЫ БЯЎЗЮК
ФОТА: Леанід Судаленка

Сваякі загінулага звярнуліся па дапамогу да праваабаронцы.

Працягваецца папярэдняе расследаванне крымінальнай справы паводле факта смерці шарагоўца Міхаіла Бяўзюка з Калінкавіцкага раёна, які быў знойдзены павешаным у салдацкай казарме ў Печах у сакавіку 2015 года. Пра гэта на запыт брата загінулага Юрыя Бяўзюка паведаміў намеснік начальніка следчага ўпраўлення УСК Менскай вобласці, палкоўнік юстыцыі bМармузевіч Д.Я.

Пасля грамадскага рэзанансу, які набыла справа гібелі ў Печах вайскоўца Аляксандра Коржыча сваякі загінулага тут жа Міхаіла Бяўзюка звярнуліся па дапамогу да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Той дапамог брату загінулага скласці заяву ў Следчы камітэт, 17 лістапада 2017 года была распачатая крымінальная справа паводле артыкула 145 КК РБ (давядзенне да самагубства).

«Прайшло два месяцы, сям'і загінулага жаўнера нічога аб ходзе расследавання не паведамілі, таму падрыхтавалі запыт следству пра вынікі. 12 лютага атрыманы адказ пра тое, што расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Мы будзем трымаць гэтую справу на грамадскім кантролі», - заявіў сайту «Гомельская Вясна» праваабаронца Леанід Судаленка.

«Цяпер крымінальная справа, распачатая 17.11.2017 г. паводле факта смерці Бяўзюка М. А. знаходзіцца ў вытворчасці следчага ўпраўлення УСК РБ Менскай вобласці. Дагэтуль папярэдняе расследаванне паводле ўказанай крымінальнай справы не скончанае. Да заканчэння папярэдняга расследавання інфармацыя пра яго ход і вынікі ўдзельнікам крымінальнага працэсу не падаецца», - гаворыцца ў атрыманым адказе.

Нагадаем, дагэтуль не скончана расследаванне рэзананснай крымінальнай справы паводле факта смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, які быў знойдзены павешаным у пятлі з дзягі ў склепе медроты 72-га аб'яднанага навучальнага цэнтра (АНЦ) у Печах. Ён быў са звязанымі нагамі і майкай на галаве.

19 сакавіка 2015 года шараговец Міхаіл Бяўзюк, які навучаўся ў Печах на наводчыка БМП, патэлефанаваў брату Юрыю з просьбай прыехаць да яго ў найбліжэйшыя выходныя. Ён прадыктаваў, што яму трэба прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат што-небудзь са спісу запытаных рэчаў. А раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часткі і спыталі нумар мамы, бо адбылася «невялікая надзвычайная сітуацыя - Міхаіл павесіўся».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках