26 красавiка 2024, Пятніца, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэса Брытаніі: Ці будзе Пуцін помсціць Захаду?

5
Прэса Брытаніі: Ці будзе Пуцін помсціць Захаду?

На адкрытае супрацьстаянне Расея цяпер няздольная.

Агляд асноўных тэмаў брытанскай прэсы ў панядзелак падрыхтавала расейская служба ВВС.

Кіберпомста Масквы

Брытанскія спецслужбы паведамілі, што краіне трэба быць гатовай да кібератакі з Расеі ў адплату за ўдзел у паветраных ударах па сірыйскіх ваенных аб'ектах, піша Daily Telegraph.

Выданне адзначае, што Масква можа таксама звярнуцца да распаўсюджвання кампрамату на брытанскіх палітыкаў. Збор кампрамату заўсёды быў неад'емнай часткай працы расейскай выведкі, і, як мяркуецца, Крэмль з ягонай дапамогай звяртаўся да шантажу палітыкаў па ўсім свеце.

Летась адбыўся скандал, калі стала вядома пра дасье на Дональда Трампа, складзенае экс-супрацоўнікам брытанскай выведкі і экспертам у Расеі Крыстаферам Стылам. У ім ён сцвярджаў пра нібыта наяўныя ў расійскіх спецслужбаў кампраметавальныя відэазапісы сэксуальнага характару на прэзідэнта ЗША, якія маглі быць выкарыстаныя супраць яго. Трамп заявіў, што такіх відэа не існуе.

Таксама летась чалец парламента ад партыі лейбарыстаў Крыс Браянт апавёў, што падобную тактыку паспрабавалі ўжыць на ім. Ён упэўнены, што агенты, якія працуюць на расейскую дзяржаву або звязаныя з ім, спрабавалі сабраць кампрамат на прадстаўнікоў брытанскага ўрада, адзначае газета.

Мяркуецца, што адной з галоўных мэтаў кібератакі можа стаць нацыянальная сістэма аховы здароўя. Год таму многія кампутары ў лякарнях былі выведзеныя з працы праз вірус, у выніку чаго давялося скасаваць 19 500 запісаў да лекараў. Расследаванне выявіла, што, калі сістэма аховы здароўя не зробіць захады для паляпшэння абароны кампутарных сістэмаў, паўтарэнне падобнай сітуацыі неўнікнёнае.

Структуры бяспекі таксама заклікалі кіраўнікоў энэргетычнай інфраструктуры краіны ўзмацніць яе абарону праз страх, што кібератака з боку Расеі можа вывесці з ладу электрастанцыі або ўсю энэргасістэму Брытаніі.

У студзені міністр абароны Гэвін Уільямсан папярэдзіў пра магчымасць падобнага нападу. Ён сказаў, што Расея вывучае сістэму пастаўкі электраэнэргіі і газу ў Брытанію з кантынентальнай Еўропы. У інтэрв'ю Daily Telegraph ён сказаў тады, што Крэмль можа паспрабаваць вывесці з ладу падводныя кабелі і злучальныя трубаправоды, якія забяспечваюць энэргіяй тры мільёны домаўладанняў краіны.

Уільямсан сказаў, што рэалізацыя пагрозы можа адбыцца пры дапамозе кібератакі, падводнай атакі і нават запуску кіраванай ракеты.

Паводле словаў кіраўніка мінабароны, пад удар могуць патрапіць глыбакаводныя камунікацыйныя кабелі. Ёсць рызыка, што іх перарэжуць расейскія караблі, што прывядзе да адключэння інтэрнэту і камунікацыйных сістэмаў. З 2010 года ў Брытаніі няма самалётаў, якія адсочваюць перамяшчэння падводных лодак. Прыкладна 97% міжнародных камунікацый праходзіць праз падводныя кабелі, якія вельмі ўразлівыя, адзначае выданне.

Мяккая помста Пуціна

Пасля авіяўдару ЗША, Брытаніі і Францыі па ваенных аб'ектах у Сірыі варта чакаць помсты Уладзіміра Пуціна, мяркуе аглядальнік Daily Mail Марк Элманд.

Тое, што Крэмль не пачаў страляць у адказ, зусім не азначае, што Пуцін спакойны і не збіраецца помсціць. Гэта чалавек, які аддае перавагу звядзенню рахункаў, а не істэрыцы на публіцы. Ён выразна пралічвае суадносіны сілаў. Расейская армія ведае, што не зможа перамагчы ў адкрытым супрацьстаянні з амерыканцамі, піша аўтар.

Пуцін разумее, што няма сэнсу пачынаць сутыкненне, і не хоча выпраўляць свае войскі на бойню. Але нельга спісваць з рахункаў наступствы нашага нападу на яго хаўрусніка. Не варта чакаць, што ён паступіць аналагічна – Пуцін любіць здзіўляць. Расея, хутчэй за ўсё, будзе наносіць шкоду інтарэсам Захаду і вышукваць слабыя месцы, мяркуе аглядальнік.

Пуцін будзе разважаць, як ён можа нашкодзіць Захаду, але так, каб гэта не адбілася на расейскай эканоміцы або яе становішчы ў свеце.

Адна з галоўных задачаў Пуціна – павага з боку заходніх краінаў. Гэта адна з прычынаў, чаму Расея так моцна хацела займець Чэмпіянат свету ў футболе. Ён не захоча, каб такія моцныя футбольныя дзяржавы, як Нямеччына, Францыя ці Гішпанія, у апошнюю хвіліну абвесцілі байкот чэмпіянату, таму ён будзе мець гэта на ўвазе, выношваючы свой план помсты, мяркуе аўтар.

Наўрад ці варта чаго-небудзь чакаць там, дзе мы асцерагаемся сапраўдных праблемаў, напрыклад на мяжы Расеі з Усходняй Еўропай, піша аглядальнік Daily Mail.

Увод войскаў у краіны Прыбалтыкі прывядзе да наземнага канфлікту, якога Пуцін імкнецца пазбегнуць. Але, знаходзячы праломы ў нашай сістэме кібераховы і шкодзячы нашым інтарэсам у свеце, Крэмль будзе святкаваць перамогу, пакуль Пуцін прадоўжыць кансалідаваць сваю ўладу там, дзе гэта для яго найбольш важна – у сябе дома, рэзюмуе Элманд.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках