28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Alekseev: Гэта вялікая адказнасць - прэзентаваць Беларусь на «Еўравізіі»

4
Alekseev: Гэта вялікая адказнасць - прэзентаваць Беларусь на «Еўравізіі»

Украінскі выканаўца прэзентуе Беларусь на конкурсе ў Лісабоне з баладай «Forever».

Ён выступіць у першым паўфінале 10 траўня. Тут барацьба за выхад у фінал, на думку журналістаў, якія асвятляюць конкурс, разгорнецца куды больш вострая, чым у другім паўфінале. Дагэтуль прадстаўнік Беларусі толькі адзін раз увайшоў у топ-10 «Еўравізіі» - у 2007 годзе, калі Дзмітрый Калдун заняў на конкурсе шостае месца. У большасці ж выпадкаў удзельнікі ад Беларусі не праходзілі ў фінал. 24-гадовы Alekseev мяркуе, што прычынай тут не толькі музыка і спевы. Пра гэта ён распавёў, між іншым, у інтэрв'ю DW.

- Мікіта, чаму ў тваім сцэнічным імені засталося толькі прозвішча - Alekseev?

- Мне здаецца, публіцы так лягчэй скандаваць і клікаць мяне на сцэну.

- Ты жывеш ва Украіне, у Кіеве, там ты стаў вядомы з песняй «Пьяное солнце». Чаму раптам наважыў выступаць на «Еўравізіі» ад Беларусі?

- Песня «Пьяное солнце» сапраўды стала маім квітком на вялікую сцэну і дала мне магчымасць выступаць у розных краінах. Я пабываў з канцэртамі больш чым у 15 краінах і ўпэўнены, што кожную я мог бы прэзентаваць на «Еўравізіі». Але з Беларуссю ў мяне асаблівыя стасункі, вельмі цёплыя. Прыём там заўсёды незвычайна шчыры, і там неяк, ведаеце, усё па-сямейнаму адбываецца.

Акрамя таго, сёлета я быў ганараваны ўзнагародай «Спявак года» адной з вядучых музычных тэлекампаній Беларусі. Гэта вельмі прыемна. Мне захацелася падзякаваць усёй аўдыторыю, усіх маіх гледачоў і фанатаў, якія падтрымліваюць мяне ў Беларусі, а іх вельмі шмат.

- Нягледзячы на гэта, не ўсё склалася гладка. Падчас нацыянальнага адбору былі прэтэнзіі да тваёй песні, незадаволенасць выклікала і тое, што ты перайшоў дарогу беларускім выканаўцам. Гэта цябе моцна закранула?

- Не, гэта мяне зусім не закранула. Я знаходжуся ўнутры вельмі згуртаванага калектыву, вялікай каманды прафесіяналаў, якія дапамагаюць мне, падтрымліваюць мяне. І я быў засяроджаны выключна на творчасці, выключна на музыцы. Гэтая падтрымка дапамагла мне не адцягвацца на непатрэбныя рэчы.

- У тваёй камандзе - і крэатыўны прадзюсар Алег Бандарчук. Ён пастаноўшчык нумару на «Еўравізіі». Падчас аднаго з выступаў на сцэне ты ўжо вырабляў - пры дапамозе тэхнікі - сапраўдныя цуды эквілібрыстыкі. Іх нам таксама чакаць у Лісабоне з «Forever»?

- Не, гэта будзе зусім іншы нумар. Мы падрыхтавалі вельмі асабістую гісторыю, эмацыянальны, трапяткі выступ, якім, упэўнены, мы здзівім.

- У дыскусію, звязаную з тваім удзелам у нацыянальным беларускім адборы, умяшаўся і Лукашэнкам. Ён падтрымаў цябе. Чаму ў Беларусі кіраўнік уважае патрэбным браць такі дзейны ўдзел у «Еўравізіі»?

- Я магу толькі сказаць, што я быў гэтым вельмі прыемна здзіўлены. Гэта заўсёды важна, калі ты атрымліваеш падтрымку ад кіраўніка. Я думаю, вы разумееце, пра што я кажу.

- Калі шчыра, то - не...

- (смяецца) У любым выпадку, я ведаю, што гэта вялікая адказнасць - прэзентаваць такую вялікую краіну, як Беларусь, на «Еўравізіі». Шмат людзей вераць у мяне, многія мяне падтрымліваюць, таму я павінен зрабіць усё для таго, каб апраўдаць іх надзеі.

- Не страшна? Бо Беларусь 14 разоў выступала на «Еўравізіі» і толькі адзін раз пакуль пала ў першую дзясятку...

- Не. Я разумею, што гэта конкурс, што трэба браць пад увагу ўсе нюансы кулуарных нейкіх момантаў, магчыма, нават - не зусім музычных. Але я чалавек творчасці, чалавек гармоніі. Цяпер я знаходжуся на самым цудоўным этапе сваёй творчай дзейнасці.

Адзіна, што мне хочацца, дык гэта дарыць сваю музыку, мне вельмі хочацца быць пачутым, каб еўрапейская аўдыторыя паверыла мне. Я буду старацца рабіць усё для таго, каб мы знайшлі агульную мову, і каб атрымаць месца як мага вышэй.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках