26 красавiка 2024, Пятніца, 7:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскае сяло: цяжка знайсці работніка і за €1000

15
Літоўскае сяло: цяжка знайсці работніка і за €1000

Літоўскія фермеры наракаюць, што ім цяжка знайсці даярку за 1000 еўраў «на рукі».

Фермеры Скуадаскага раёна гатовыя плаціць работнікам большы заробак, аднак нават за 1000 еўраў «на рукі» і пражыванне знайсці добрага работніка няпроста, піша delfi.lt.

«Вельмі складана. Работнікі ёсць, але калі хочаш, каб чалавек працаваў сумленна і добра, такога знайсці складана. Працаўнікам прапаноўваюць не толькі заробак, але і пражыванне, акрамя таго, летам плануем бясплатнае харчаванне. Ёсць ахвочыя працаваць, але прыходзяць такія, хто не адрознівае карову ад цёлкі, нічога не ўмеюць. Што з імі рабіць, вучыш, вучыш. А яны нічому не вучацца. Мала такіх, якія разбіраюцца ў сваёй справе», - сказала заатэхнік Вілма, якая шукае даярак.

З ейных слоў, праблема і ўзрост. Калі чалавек малады, то мала хто разумее ўсю адказнасць працы. Добрыя даяркі немаладыя - амаль усе яны навучыліся гэтаму яшчэ за савецкім часам.

«Можна знайсці чалавека за 45 гадоў. Маладых цікавяць толькі грошы. Цяпер працуюць 10 чалавек, частку змянілі, бо былі такія, якія нічога не разумеюць у працы. Прапануем такі заробак, бо хочам зацікавіць добрых работнікаў. Але знайсці ўсё роўна цяжка», - сказала Вілма. Яна не стала называць назву гаспадаркі, каб не прыцягнуць толькі тых, каго цікавяць грошы.

Акрамя таго, гаспадарка прапануе працу і трактарыстам. Патрэбны тыя, хто ўмее карміць жывёлу пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі, але гэта ўмеюць нямногія.

Гаспадарка можа трымацца толькі за кошт добрых і працавітых людзей. Вілма сказала, што фермеры не толькі шчодрыя, але і патрабавальныя - калі чалавек п'е, то за няяўку на працу належыць штраф сумаю 100 еўраў. Такія санкцыі дзейнічаюць.

Буйныя фермеры кажуць, што знайсці добрага работніка не вельмі складана, калі прапануеш афіцыйны заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі.

«Мы столькі не прапануе, мы столькі плацім, - сказаў пра заробак у 1000 еўраў Пятрас Пускунігіса, які кіруе сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Шакяйскім раёне.

- Добрыя спецыялісты добра і зарабляюць. Мы кажам пра тое, колькі плацяць «на рукі». Асноўная праблема - буйных фермераў лаюць, быццам яны дрэнныя, але толькі яны плацяць усе падаткі - буйныя фермеры і кампаніі. Многія малыя гаспадаркі плацяць работнікам заробкі «ў канвертах». Гэтай вясной высветлілася яшчэ адна праблема - моладзь бяжыць адтуль, дзе плацяць нелегальныя заробкі. У нас усё легальна».

З ягоных слоў, людзі не хочуць працаваць як рабы, хочуць купіць жыллё, таму афіцыйны заробак для іх важны.

«Ну і што, калі ёсць грошы, а калі браць крэдыт, з'яўляюцца праблемы, калі афіцыйны заробак 200 еўраў, а астатняе «ў канверце». Пракантраляваць ўсіх немагчыма», - заўважыў ён.

Са слоў Пускунігіса, буйныя гаспадаркі не толькі абавязваюцца плаціць немаленькія заробкі, але і захаваць работніка ўвесь год, бо не хочуць адпускаць падрыхтаваных спецыялістаў.

Акрамя таго, навучанне новага таксама каштуе грошай, таму і хочацца іх утрымаць.

Са слоў Пускунігіса, сяло вымірае не праз недахоп працы, а праз несумленныя невялікія фермерскія гаспадаркі і прадпрымальнікаў, якія не даюць людзям магчымасці зарабіць на жыццё.

ФОТА: DELFI
Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках