26 красавiка 2024, Пятніца, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы фундавалі ў адабраны Лукашэнкам завод $20 мільёнаў

19
Украінцы фундавалі ў адабраны Лукашэнкам завод $20 мільёнаў
Фота: БелТА

Інвестара здзіўляе прынцып «узяць і забраць».

На Запарожскім прадпрыемстве «Матор Січ», якое належыць украінскаму бізнэсоўцу Вячаславу Багуслаеву і валодае 60 адсоткамі акцый Аршанскага авіярамонтнага завода, пакуль не каментуюць заяву Лукашэнкі аб нацыяналізацыі гэтага прадпрыемства, паведамляе «Радыё Свабода».

У той жа час стала вядома, што цяпер на прадпрыемстве адбываецца нарада.

У траўні прэзідэнт «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаеў лётаў у Менск на перамовы аб змене беларускага акцыянера Аршанскага завода. Паводле слоў дэпутата, які ўваходзіць у топ-25 найбольш заможных бізнэсоўцаў Украіны, менавіта «мясцовы інвестар» адмовіўся выконваць сваю частку інвестыцыйных абавязацельстваў.

«Таму ўвесь «сыр-бор». Сваю частку інвестыцыйных абавязацельстваў «Матор Січ» выканаў на 110% », - казаў Вячаслаў Багуслаеў украінскім журналістам у каментары ў траўні паведамлення пра магчымую перадачу кантрольнага пакета акцый Аршанскага авіярамонтнага завода дзяржаўнаму прадпрыемству «Белспецзамежтэхніка».

«Не разумею, адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Еўропа. Трэба разлічыцца з акцыянерамі», - сказаў у траўні Вячаслаў Багуслаеў. З ягоных слоў, Аршанскі авіярамонтны завод скончыў 2017 год з прыбыткам.

І тады ж прэзідэнт «Матор Січ» удакладніў, што з моманту набыцця ў 2012 годзе кантрольнага пакета акцый Аршанскага завода, на той момант праблемнага і выстаўленага ўладамі Беларусі на прыватызацыю, украінскае прадпрыемства ўклала ў развіццё авіярамонтнага завода прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Украінскія СМІ паведамлялі, што Вячаслаў Багуслаеў пасля апошняга раунда перамоваў вымушаны быў вярнуцца з Менска ў Кіеў рэйсавым самалётам, бо ягоны «Як-40» арыштавалі на аэрадроме ў Воршы ў якасці закладу, каб прымусіць яго адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій да беларускага завода і да таго ж выплаціць «няўстойку» за нібыта невыкананне інвестыцыйных абавязацельстваў. Пазней, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, украінскі бізнэсовец не паехаў на сустрэчу ў адміністрацыю беларускага дыктатара абмяркоўваць умовы перадачы акцый Беларусі, хоць і пацвердзіў сваю гатоўнасць адмовіцца ад акцый.

Ва Украіне шэраг экспэртаў рынку не выключаюць, што беларускія ўлады вызначылі нацыяналізаваць Аршанскі авіярамонтны завод, бо падазравалі, што ён можа перайсці ва ўласнасць Расеі з прычыны продажу 56% акцый украінскага «Матор Січ» кітайскай карпарацыі Beijing Skyrizon Aviation Industry Investment Co.

Тая ўгода летась стала прадметам крымінальнай справы, якую распачала Служба бяспекі Украіны. Са слоў следчых, тое, што акцыі ўкраінскага прадпрыемства прадаваліся замежнікам пакетамі па 10% праз афшоры, выклікала падазрэнні, што новым рэальным уласнікам найважнейшага для абароны Украіны прадпрыемства можа выявіцца зусім не тая кампанія, што была заяўленая.

У той жа час украінскія экспэрты выключаюць, што беларускія ўлады нацыяналізуюць беларускія актывы Вячаслава Багуслаева на заказ свайго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі. Хутчэй за ўсё справа ў тым, што на магутнасцях Аршанскага авіярамонтнага завода рыхтаваліся выпускаць мадыфікацыю верталёта «Мі-8», які дзякуючы новаму ўкраінскаму рухавіку значна перасягаў бы расейскага канкурэнта «Мі-17». І гэта ўжо не магло спадабацца Расеі.

Паводле інфармацыі асобных крыніц, Аршанскі авіярамонтны завод пасля банкруцтва будзе аб'яднаны ў холдынг з аналагічным прадпрыемствам у Баранавічах і перададзены ў склад дзяржпрадпрыемства «Белспецзамежтэхніка». Выказваецца і такая версія, што Аршанскі авіярамонтны завод, дакладней, яго ўзлётна-пасадачная паласа вельмі спадабаўся беларускай кампаніі «Брэміна груп», якая будуе побач мультымадальны лагістычны цэнтр.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках