29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы адчынілі цэнтр бальных танцаў непадалёк ад Нью-Ёрка

2
Як беларусы адчынілі цэнтр бальных танцаў непадалёк ад Нью-Ёрка

У Амерыку Царовы прыехалі ў 1993 годзе.

У пасёлку Бедфард-Хілс штата Нью-Ёрк з 2002 года працуе студыя бальных танцаў New York Ballroom Dance Center. Усіх ахвотных далучыцца да гэтага віду актыўнасці тут навучаюць беларусы, піша belmir.by.

Юры і Алена Царовы пазнаёміліся, калі ім было 15 і 13 гадоў. Абое займаліся ў Беларусі танцамі, і трэнер Юрыя парэкамендаваў яму ўзяць у партнёркі Алену.

«Ён сказаў, што ў яе будзе добра атрымлівацца. І я сказаў "добра"», – апавядае ў адным з інтэрв'ю Цароў, як быццам гэта само сабой зразумела.

Ці была тое інтуіцыя трэнера, ці падарунак лёсу, але з таго моманту Юры і Алена апынуліся звязаныя разам не толькі на танцавальнай пляцоўцы, але і ў жыцці.

Гэтая «хімія» дапамагла ім стаць сяміразовымі чэмпіёнамі бальных танцаў у Беларусі. А сёння ў іх на дваіх уласны цэнтр у Злучаных Штатах.

Царовы прыехалі сюды ў 1993 годзе. Яны апынуліся ў той хвалі танцораў з Усходняй Еўропы, якія эмігравалі ў Амерыку пасля развалу СССР у 1991-м.

«Гэтая ідэя заўсёды жыла дзесьці там у галаве, – кажа Юры. – У мяне было шмат сваякоў у ЗША. І калі мы прыехалі сюды на чэмпіянат свету, то пастанавілі застацца».

Пры гэтым у Царовых не было ніякіх сумневаў, у якой менавіта сферы тут сябе ўжыць. «Танцы – не проста праца, – тлумачаць яны. – Гэта наша жыццё, можна сказаць, наша рэлігія».

У Юрыя і Алены былі некаторыя кантакты з танцавальнай студыяй Fred Astaire Dance Studios Inc., якую заснаваў у 1947 годзе знакаміты танцор і актор Фрэд Астэр.

Гэтая студыя была першай у Амерыцы, якая распачала запрашаць усходне-еўрапейскіх майстроў у сваю вялікую сетку школаў у якасці выкладчыкаў.

І ў 2002-м беларуская пара адчыніла паводле франшызы ад Fred Astaire сваю ўласную студыю. Яна існуе і да гэтага часу. Акрамя Царовых, тут працуюць яшчэ беларусы Андрэй і Іна Савенкі.

Як апавядаюць у цэнтры бальных танцаў, адметная рыса іхняга метаду навучання – у ненавязлівым і сяброўскім падыходзе да сваіх вучняў.

– Два крокі наперад – вы гэта робіце кожны дзень. Два крокі назад – таксама задача простая. Бываеце ў кіно, як ідзяце да крэсла? Крок бокам, яшчэ адзін, – кажа Іна Савенка. – Усе могуць танчыць».

Акрамя ўрокаў, цэнтр арганізуе выезды на прыроду. Усе разам ходзяць у паходы, разам абедаюць, разам п'юць кактэйлі. А калі ў кагосьці паўстала цяжкая паласа ў жыцці, то і прыйдуць на дапамогу.

Гэтая сямейная атмасфера прывяла да таго, што многія танчаць у студыі Царовых ужо дзясятак гадоў. Паводле словаў Юрыя, ніхто не хоча прапускаць заняткі.

Аднойчы падчас снегападу ў цэнтры знікла электрычнасць. Тады да дзвярэй падкацілі машыну і асвяцілі пляцоўку святлом фараў, а танцавалі пад музыку з iPod і бесправадных калонак.

– Людзі прыходзяць сюды, рыхтуючыся да вяселля, на параду лекара і з многіх іншых прычынаў. А калі прыходзяць, то пачынаюць разумець выгоды танца і застаюцца, – тлумачыць Іна Савенка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках