19 красавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Вайсковых могілак знікаюць магілы, а Мінкульт маўчыць

8
З Вайсковых могілак знікаюць магілы, а Мінкульт маўчыць

Валанцёры абараняюць могілкі ад знішчэння.

Некалькі дзён таму Яўгенія Дудзіна прыйшла наведаць магілу сваёй сястры Веры, якая памерла ў 1935 г. ва ўзросце пяці гадоў. Але адбылося тое, што немагчыма было нават уявіць: жанчына... не знайшла магілу сястры, паведамляе Еўрарадыё.

"Я нават пра гэта не думала, што прыйду на пустое месца, – разводзіць рукамі разгубленая бабуля. – З кім цяпер разбірацца? Хто мне адновіць гэтую магілку? Я яе нядаўна вычысціла!"

Надмагілле, дзе быў бетонны кветнік і крыжык, ставілі бацькі Яўгеніі Дудзінай. Звесткі пра пахаванне і яе сваякоў занесеныя ў базу могілак, гэта значыць адміністрацыя могілак мела магчымасць звязацца з гэтай сям'ёй. Але супрацоўнікі Спецкамбіната КБА без папярэджання проста знішчылі надмагілле сястры Яўгеніі Дудзінай, прыкрываючыся добраўпарадкаваннем, якое цяпер праходзіць на Вайсковых могілках.

"Гэта Божачка мілыя! Мы тады хадзілі, нам гарвыканкам зацвердзіў. Не было нашага нумара, але ўпісалі ў кампутар. Дачка хадзіла, падпісвала паўсюль дакументы. Я нават не думала ўзяць іх з сабой!"

Валанцёры, якія абараняюць Вайсковыя могілкі ад знішчэння, выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі на могілкі не спяшаліся, але калі ўсё ж даехалі, прынялі ў Дудзінай заяву і склалі пратакол.

Тумба, якую камунальнікі зрабілі для магілы яе сястры, знайшлася за шэсць метраў ад месца пахавання. Калі б Дудзіна не разабралася ў сітуацыі, праз абыякавасць чыноўнікаў і працоўных пасля так званага добраўпарадкавання на Вайсковых могілках яна прыходзіла б плакаць над нечай чужой магілай.

Прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкама Наталля Ганусевіч пацвердзіла, што заява ў міліцыі ёсць:

"Ёсць гэтая заява ў Савецкім ГУУС, у гэты момант праводзіцца праверка".

Фото: facebook.com

Гэта не першая сумная сітуацыя, прычынай якой стала добраўпарадкаванне на Вайсковых могілках

Мы ўжо апавядалі пра мянчанку, якая прыехала на Вайсковыя могілкі, каб наведаць магілу сваёй бабулі. Тая выратавала ўнучку ў гады нямецкай акупацыі. Аднак знайсці пахаванне мянчанка не змагла ўвогуле – так удала яго адрэстаўравалі.

А кіраўнік Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч тры гады спрабуе даведацца ў чыноўнікаў, што зрабіць, каб магілы ягоных сваякоў не чапалі. Ён прыйшоў у Спецкамбінат КБА з пытаннем: як можна самому прывесці надмагіллі ў парадак, адразу пасля таго, як на могілках з'явіліся папераджальныя таблічкі. Але парады яму так і не далі.

"Па-першае, трэба даказаць сваяцтва, а па-другое, там настойліва рэкамендуюць выкарыстоўваць паслугі спецкамбіната", – расказвае Еўрарадыё Дарашэвіч.

Алгарытм дзеянняў, што рабіць, каб надмагілле не знішчылі, так і застаўся для яго незразумелым:

"Там вельмі расплывістыя патрабаванні. Напрыклад, да агароджы. Я так разумею, некаторыя зразаюць, іншыя не зразаюць. Цяпер там увогуле нешта незразумелае адбываецца, непразрыстая працэдура. Толкам растлумачыць, што трэба зрабіць для таго, каб магіла меркавалася прыведзенай у парадак, мне не сказалі".

Чаму так адбываецца?

На нашу думку, рэч у тым, што беларускае Міністэрства культуры вельмі вузка і вельмі спецыфічна разумее паняцце "гістарычна-культурная каштоўнасць" у дачыненні да Вайсковых могілак.

"З пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці пахаванняў, помнікаў, як вы кажаце, трэба глядзець што такое гістарычна-культурная каштоўнасць. Гэта перш за ўсё месца пахавання, помнік гісторыі. Не архітэктуры, не горадабудаўніцтва. Калі паглядзець пашпарт гістарычна-культурнай каштоўнасці, дзе апісаны яе асаблівасці, то гэта, прабачце мне, само месца пахавання вядомых асобаў. Янкі Купалы, Якуба Коласа, напрыклад. Сам факт пахавання, а не візуалізацыя", – расказвае Еўрарадыё намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.

Інакш кажучы, на думку Міністэрства культуры, з надмагіллямі можна рабіць усё што заўгодна, а значэнне для гісторыі мае толькі сам факт пахавання людзей. Такі падыход і спараджае сумныя сітуацыі.

"Спецкамбінат бытавога абслугоўвання тры гады прасіў сваякоў прывесці пахаванні ў парадак. Хто мог – адгукнуўся, але такіх было няшмат. Астатнім, мабыць, не было да гэтага справы. Вы ж цудоўна разумееце, што бюджэт – гэта не бяздонная бочка, у іх ёсць пэўныя рэсурсы, ліміты выдаткаў. Таму калі сваякі хочуць самі прывесці пахаванні ў парадак, то мы ўсімі рукамі за, будзе эканомія бюджэтных сродкаў. Вядома ж, спецкамбінат будзе ўсімі рукамі за. Усе астатнія, безгаспадарныя, падлягаюць добраўпарадкаванню", – прадаўжае Аляксандр Яцко.

Парадокс: Мінкульт кажа пра эканомію бюджэтных сродкаў, але ў той самы час не супраць выдаткаў на замену помнікаў, якія гараджане хацелі б бачыць у нязменным выглядзе.

"Перад тым як прымаць пастанову, што мяняць, а што не, была праведзеная інвентарызацыя. Кожнае пахаванне зафіксаванае, мы ў Міністэрстве культуры разглядалі і ўзгаднялі правядзенне працаў для замены толькі тых надмагілляў, якія не падпадаюць пад аднаўленне", – не здаецца намеснік міністра.

Гэта значыць магілы вядомых дзеячаў будуць захаваныя, іх толькі прывядуць у парадак?

– Вось была там грамадская гісторыя з [магілай] Апанскага [намеснік старшыні ГПУ Іосіф Апанскі. – Еўрарадыё], нібыта з яго агароджу ўжо знеслі. Так яе знялі на рэстаўрацыю! Проста пра гэта, можа быць, грамадскасць не папярэдзілі, таму падняўся шум. Усе адметныя, асаблівыя помнікі, якія, як вы кажаце, гістарычна каштоўныя, павінны быць захаваныя – гэта факт.

– Дакладна?

– Прынамсі Міністэрства культуры дэмантаж гістарычных помнікаў не ўзгадняла. Калі там будуць перагібы на месцах, то выканальныя ўлады павінны гэта адсочваць.

– Але вы гэта кантралюеце?

– У меру кампетэнцыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках