27 красавiка 2024, Субота, 3:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

4
Менчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара
ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Людзі кладуцца пад бульдозер.

У двары дома №15 на сталічнай вуліцы Кульман пачалося «добраўпарадкаванне» тэрыторыі. Гэта калі высякаюцца велічныя каштаны і бярозы, а на іх месца кладзецца чысценькая тратуарная плітка. Гэта значыць ранейшы шыкоўны двор з баскетбольнай пляцоўкай, цяньком і лавачкамі стане суцэльнай паркоўкай з пляцоўкай, дзе можа разгортвацца спецтэхніка і будуць стаяць кантэйнеры для смецця, піша euroradio.fm.

Тыдзень таму жыхарка дома Інэса Барысевіч легла пад колы бульдозера і такім чынам выратавала два каштаны і пазбавіла двор ад "нікому не патрэбнай дарожкі з пліткі".

"Калі я легла пад бульдозер, то намеснік кіраўніка ЖКГ Савецкага раёна хутка ўнёс карэктаванне ў праект... Больш за ўсё абурае тое, што праект добраўпарадкавання не ўзгадняўся з намі. Чаму, атрымаўшы нязгоду жыхароў з такім планам рэканструкцыі нашага двара, працы ўсё роўна вядуць? Мы просім: не закопвайце грошы, пакіньце глыток свежага паветра! Нас спрабуюць зрабіць шчаслівымі сілком!" – эмацыйна кажа Інэса Барысевіч.

Пра тое, што вялікі зялёны двор збіраюцца "рэканструяваць", жыхарам стала вядома ў кастрычніку 2017 года. Агульнага сходу жыхароў дома, на якім гарадскія ўлады прапанавалі б праект рэканструкцыі двара, не праводзілася. У адміністрацыю Савецкага раёна была запрошаная ініцыятыўная група жыхароў, якая адхіліла праект. Прапанова паставіць у двары кантэйнеры для смецця і зрабіць разваротную пляцоўку для праезду смеццявоза была катэгарычна адпрэчаная.

"З вонкавага боку дома 40 гадоў стаяць кантэйнеры для смецця. Гэта ўсіх задавальняла. Рабіць разваротную пляцоўку ўнутры двара, дзе гуляюць дзеці, ходзяць людзі, ствараць новыя месцы для збору смецця – гэта абсурд", – абураецца яшчэ адзін жыхар, Аляксандр Язвінскі.

Дом №15 на Кульман – легендарны. Тут жыў сам Максім Танк, ягоныя суседзі – беларускія навукоўцы, акадэмікі, прафесары. 40 гадоў таму добраўпарадкаваннем двара займаліся самі жыхары – пасадзілі каштаны і бярозы. Усе яны цяпер выступаюць супраць рэканструкцыі.

"Балюча адчуваць сябе дразафілай, якая зусім не патрэбная гэтай дзяржаве, таму што твой голас не чуюць, – амаль са слязамі на вачах кажа Інэса Барысевіч. – Трэба разабрацца, хто стаіць за закупкамі, хто пастаўляе сюды тратуарную плітку. Навошта тут патрэбныя бетонныя дарожкі, якія вядуць у нікуды?!

Адзіная дарога, якая тут была патрэбная, – да бібліятэкі Янкі Купалы. Але яе не пракладваюць!"

Працы "ў добраўпарадкаванні" вядуцца ў двары дома ўжо месяц. Прычым, сцвярджаюць мясцовыя, суперхуткімі тэмпамі. Ужо ссечана 13 дрэваў. Многія з яшчэ жывых – пашкоджаныя. За гэта жыхары двара збіраюцца змушаць да адміністрацыйнай адказнасці падрадчыка. Самі працоўныя кажуць, што яны тут ні пры чым:

"Мы робім сваю працу", – адзінае, што могуць сказаць яны, уцякаючы ад камеры "Еўрарадыё".

Мясцовыя ўвогуле настроеныя ваяўніча. Разаслалі лісты і ў адміністрацыю Савецкага раёна, і ў пракуратуру, і ў адміністрацыю кіраўніка. Плануюць звяртацца ў Камітэт дзяржкантролю і Дэпартамент фінансавых расследаванняў, "каб было вызначана, хто прапхнуў гэты бяздарны праект, каму выгодна закапаць мільёны і пры гэтым не слухаць меркаванне жыхароў".

"Мы робім не для сябе, а для дзяцей, каб яны разумелі, што з бязмежжам трэба змагацца", – далучаецца да размовы Алена Войтава. За паўгадзіны яна сабрала 23 подпісы супраць "рэканструкцыі".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках