29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якое месца Беларусь на самай справе займае сярод «сяброў» Кітая?

14
Якое месца Беларусь на самай справе займае сярод «сяброў» Кітая?

Эпітэт «жалезныя браты» мала што значыць.

Прыехаўшы ў Менск, сябра палітбюро кампартыі Кітая, сакратар цэнтральнай камісіі КПК праверкі дысцыпліны Чжаа Лэцзі сказаў Аляксандру Лукашэнку тое, што той хацеў пачуць:

«Як вы правільна заўважылі, нашы краіны - жалезныя браты, жалезныя сябры».

Udf.by тлумачыць, чаму беларускія ўлады дарма казыраюць адмысловымі стасункамі з Кітаем.

Беларускія ўлады - не адзіныя «жалезныя браты» для кітайцаў

Лукашэнка і яго памочнікам напэўна вельмі прыемна, што кіраўніцтва звышдзяржавы дае такую ацэнку сумеснаму супрацоўніцтву. Але наогул кітайцы на такія эпітэты не скупыя. Напрыклад, яны называюць «жалезным братам» Пакістан.

Эканамісты, дарэчы, бачаць у гэтым падвох. Financial Times напісала на днях, што маштабнае крэдытаванне Пакістана можа мець непрыемныя наступствы.

«Кіраўнікі Пакістана апісалі свае стасункі з Кітаем як «жалезныя браты» з сувязямі, якія «вышэйшыя за Гімалаі, глыбейшыя, чым самы глыбокі акіян і саладзейшыя за мёд».

Але гэтая гіпербалічная рыторыка маскіруе той факт, што Пакістан цяпер фактычна з'яўляецца кліенцкай дзяржавай Кітая.

Многія ўнутры Пакістана адкрыта асцерагаюцца, што яго залежнасць ад Пекіна ўжо ператварае яго ў калонію свайго вялізнага суседа», - цытуюць Financial Times украінскія СМІ.

Ці няпраўда, сітуацыя з кітайскімі крэдытамі ў Пакістане нагадвае беларускую?

Сі Цзіньпін сустракаецца з усімі запар

На сустрэчы ў Менску прадстаўнік Кітая перадаў Лукашэнку прывітанне «ад старога сябра, добрага сябра старшыні КНР Сі Цзіньпіна». Дзяржаўная прэса падае гэты факт як яшчэ адно пацвярджэнне асаблівым стасункам.

Але наогул, нягледзячы на тое, што Сі Цзіньпін з'яўляецца адным з сусветных лідараў, ён рэгулярна асабіста праводзіць процьму перамоў з кіраўнікамі іншых дзяржаў. І сустракаецца не толькі з Лукашэнкам, але і з кіраўнікамі іншых, маленькіх па мерках Кітая, дзяржаў.

У гэтыя дні ў кітайскім Цяньцзіне праходзіць эканамічны форум «Усходні Давос».

Сі Цзіньпін ужо правёў на ім сустрэчы з прэзідэнтамі Латвіі, Сербіі, Самоа. А вось кіраўніка Беларусі сярод удзельнікаў форуму чамусьці не было.

Таксама паўторымся: кіраўнікі кампартыі Кітая не шкадуюць гучных эпітэтаў. Напрыклад, яны называюць «братамі» такія краіны як Мазамбік і Экватарыяльная Гвінея.

Шосты чалавек у Кітаі не пакідаў краіну адмыслова дзеля сустрэчы з Лукашэнкам

На сустрэчы з Лукашэнкам Чжао Лэцзі сказаў:

«Праз мой візіт вы адкарэктавалі сваю кароткую замежную паездку, велізарнае вам дзякуй за гэта».

Тут важна разумець, што Чжао Лэцзі знаходзіцца далёка не ў ліку першых кіраўнікоў Кітая. Экспэрт Маскоўскага цэнтра Карнегі Аляксандр Габуеў называе чыноўніка шостым чалавекам у іерархіі кітайскай улады. Але важна памятаць, што новую пасаду той заняў толькі летась, таму апаратную вагу адэкватную сваёй пасадзе ён наўрад ці паспеў набраць.

Важна таксама ведаць кантэкст, у рамках якога адбылася сустрэча Лукашэнкі і Чжао Лэцзі. Прадстаўнік Кітая здзяйсняе цэлае турнэ: пасля Беларусі ён паляціць у Лаос і В'етнам.

Па мерках Кітая таваразварот паміж краінамі мізэрны

З кім Кітай сябруе на самай справе? Гэта лёгка зразумець са звестак аб тавараабароце гэтай краіны з іншымі дзяржавамі. Паводле вынікаў 2017 года першую дваццатку замкнула Італія - яе таваразварот з Паднябеснай склаў бліз 50 мільярдаў даляраў.

Для параўнання: у Беларусі з Кітаем усяго 3 мільярды.

Наша краіна не вылучаецца нават сярод постсавецкіх краін. Таваразварот паміж Украінай і Кітаем склаў летась блізу 7 мільярдаў даляраў, паміж Казахстанам і Кітаем - блізу 10.

І хто тут «жалезныя браты»?

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках