28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэальныя заробкі ў Беларусі нават ніжэйшыя за «мінімалку»

45
Рэальныя заробкі ў Беларусі нават ніжэйшыя за «мінімалку»
КАРЫКАТУРА: КАЦЯРЫНА МАРЦІНОВІЧ

Гэта ганебны вынік кіравання Лукашэнкі.

З новага года ў Беларусі мінімальны заробак на паперы вырас з 305 да 330 рублёў ($152). Нягледзячы на такое «шчодрае» падвышэнне, у параўнанні з суседнімі краінамі Беларусь апынулася на самым апошнім месцы паводле ўзроўню «мінімалкі». Нават у суседняй Украіне, якая ваюе, ён вышэйшы.

Пракаментаваць сітуацыю, якая склалася сайт Charter97.org папрасіў эканаміста Льва Марголіна:

- Такі мінімальны заробак - ганьба для дзяржавы і гэта пры тым, што «мінімалку» кожны год падвышаюць. Скажу так, галоўны жах сітуацыі нават не ў тым, што ў нас «мінімалка» ўсяго 330 рублёў і гэта менш, чым у суседніх краінах, а ў тым, што ў многіх населеных пунктах, асабліва раённых цэнтрах, паселішчах людзі не маюць магчымасці атрымаць нават гэты мізэр.

Яны атрымліваюць 150-200 рублёў. Працадаўцы вельмі лёгка абыходзяць абмежаванне. Хоць, здавалася б, згодна з законам нікому нельга плаціць менш, чым мінімальны заробак. Людзей проста пераводзяць на 0,5 стаўкі, на 2/3 стаўкі, гэта значыць на столькі, наколькі ў працадаўцы ёсць сродкаў. Калі ёсць магчымасць плаціць на 2/3, значыць чалавек атрымае 220 рублёў ($110) на законных падставах, калі не, то 165 рублёў - перавядуць на паўстаўкі.

Сітуацыя выглядае так, што ў нашай краіне мінімальны заробак вельмі малы, але і ўзняць яго пакуль нельга. Гэта вынік кіравання Лукашэнкі. Калі зрабіць мінімальны заробак, напрыклад, 400-500 рублёў, то проста ўсе пагалоўна будуць працаваць няпоўны працоўны дзень і няпоўны працоўны тыдзень. Эканоміка такога мінімальнага заробку проста не пацягне. Вось у такім мы становішчы. На мой погляд, пакуль эканоміка не будзе рэфармаваная - сітуацыя не зменіцца.

- Чаму мінімальны заробак у Беларусі носіць фармальны характар? Бо пражыць на такія грошы пры сённяшніх коштах проста нерэальна.

- Рэч у тым, што калі б у нас была рынкавая эканоміка, то тады дзяржава была б абавязаная абараняць правы працоўных. У варунках жа, калі большая частка эканомікі і належыць гэтай дзяржаве, то такі паказчык, як мінімальны заробак - становіцца чыста фармальным.

Беларусь уваходзіць у розныя міжнародныя арганізацыі і прафзвязы, каб там не было прэтэнзій, павінен быць зафіксаваны мінімальны заробак. На паперы. Хоць ён, як я ўжо казаў, нічога не адлюстроўвае.

- У 1990-ыя гады Беларусь, Літва і Польшча знаходзіліся ў роўных эканамічных умовах. Чаму ж мы так адсталі ад краін-суседак?

- Відавочна, Польшча смелымі крокамі рушыла шляху рэформаў, а ўрад Беларусі надумаў прысмактацца да суседняй Расеі і паразітаваць на яе целе. Да таго часу, пакуль Расея «квітнела», мы так-сяк побач з ёй існавалі. Калі ж пачаліся праблемы ў РФ, то на Беларусі яны адбіліся з падвойнай сілай.

Падкрэслю, пакуль не будзе ўзяты курс на смелае, кардынальнае, сістэмнае рэфармаванне эканомікі, выніку не будзе.

- У свеце адзін з паказчыкаў узроўню жыцця - гэта тое, якая частка заробку застаецца пасля аплаты асноўных выплат. У гэтым годзе ў Беларусі запланаванае падвышэнне камуналкі ў два этапы, а шмат жа хто кажа, што пасля аплаты плацяжоў на жыццё застаецца вельмі сціплая сума. Што ж рабіць людзям, якія атрымліваюць $152?

- Упэўнены, што дыспрапорцыя паміж «камуналкай» і заробкам будзе толькі расці. Я б вылучыў тут дзве прычыны. Па-першае, таму што ў нас камунальныя плацяжы - гэта абсалютная «чорная скрыня». Ніхто не ведае адкуль бяруцца тарыфы і як яны ўстанаўліваюцца. То нам заяўляюць, што мы плацім ужо 80 адсоткаў сабекошту ЖКП, у наступным жа годзе высвятляецца, што ўсяго 60 адсоткаў. У гэтай сферы ў нас усё вельмі непразрыста і, на жаль, няма канкурэнтнага асяроддзя.

Гэтая сітуацыя будзе доўжыцца да таго часу, пакуль народ будзе трываць. Як толькі ён перастане гэта рабіць, то тут жа адкруціць паказчыкі назад. Трэба, каб беларусы абурыліся і сталі змагацца!

Улады ж як робяць? Не адразу значна падвышаюць кошт, а патрошку, правяраючы рэакцыю. Узгадайце толькі, як 28 разоў за мінулы год падвышаліся кошты бензіну.

Беларусі дасталася ў спадчыну савецкая сістэма ЖКГ. Яе трэба рэфармаваць. Гэта не павінна быць сістэма, а рынкавае асяроддзе, дзе юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі канкуравалі б між сабой за права выконваць паслугі.

Я вас запэўніваю, гэтыя паслугі цалкам маглі б быць рэнтабельнымі. Калі б выканаўца паслуг завышаў кошты, то з ім можна было б разарваць дамову, перайсці да іншага пастаўшчыка. Людзі б ад гэтага значна здабылі.

Мне здаецца, дзяржава павінна пазбавіцца ад гэтай нагрузкі - жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Увогуле, уся наша эканоміка патрабуе кардынальнага рэфармавання і ЖКГ не з'яўляецца тут выключэннем.

- Як вы думаеце, што было б з чыноўнікамі і міністрамі, калі б ім давялося пабываць у шкуры простых беларусаў і пражыць месяц на 152 даляры?

- Натуральна, яны на такія грошы не пражылі б. Пісаць лічбы на паперы лёгка, а вось адчуць на сабе - іншая рэч. Хоць, запэўніваю вас, што ў сельскай мясцовасці многім даводзіцца жыць і на меншыя сумы. Людзі вымушаныя весці падсобную гаспадарку, збіраць грыбы, ягады.

Чыноўнікі проста непахісныя, далёкія ад праблем насельніцтва. Яны знойдуць тысячы адгаворак, апраўданняў. Тэт-а-тэт яны б абмяркоўвалі, што эканоміку трэба рэфармаваць, але ў нас усё залежыць ад аднаго чалавека і пакуль народ не прымусіць яго прыняць такую пастанову, мы будзем жыць у такой сітуацыі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках