26 красавiка 2024, Пятніца, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскія Тэрмапілы

3
Магілёўскія Тэрмапілы

Як 200 гусараў стрымлівалі 30-тысячнае войска Масквы.

Пры нашэсці персаў на Эладу ў 480 г. да н. э. кароль Леанід са сваімі 300 адважнымі спартанцамі некалькі гадзін мужна стрымліваў пад Тэрмапіламі шматтысячнае войска ворага.

А 27 чэрвеня 1581 года 200 гусараў Рэчы Паспалітай з роты Марціна Казаноўскага цэлых 7 гадзін паспяхова абаранялі Магілёў ад 30-тысячнага войска маскоўцаў (расейцаў). Абаранялі не за каменнымі мурамі, а ў голым полі!!! Калі ж да гэтых крылатых "спартанцаў" на дапамогу прыбыў аддзел лёгкай кавалерыі, які складаўся з трохсот коннікаў, вораг кінуўся ва ўцёкі, піша postavyiokrestnosti.blogspot.com.

У 1581 годзе войскі караля польскага і вялікага Князя літоўскага Стэфана Баторыя распачалі трэці, папераджальны, паход супраць Вялікага Княства Маскоўскага. Два папярэднія закончыліся поўным поспехам. Быў вызвалены Полацк і захопленыя Вялікія Лукі. Цэллю трэцяга паходу быў Пскоў. Ужо ў канцы жніўня войска Рэчы Паспалітай стаяла пад мурамі гэтага места.

Перад гэтым, у чэрвені войска Івана Жахлівага ўварвалася ў гістарычную Літву. Яе колькасць гісторыкі ацэньваюць па-рознаму. Некаторыя пішуць пра 40-45 000 "маскавітаў і татараў", але найбольш верагоднай падаецца лічба 30 000, якую называў Маркоўскі, паручнік гусарскай роты Марціна Казаноўскага, што ваяваў супраць маскавітаў ля муроў Магілёва.

Армія захопнікаў хоць і была шматлікай, але не з'яўлялася дзейснай баявой адзінкай. Складалася яна збольшага з лёгкай маскоўскай, татарскай і казацкай кавалерыі. "Людцы нікчэмныя, разбойныя..." - так адгукаўся аб іншаземных ваяках сучаснік, ксёндз Ян Пятроўскі. Армія маскавітаў пасавала хіба што для рабаванняў цывільнага насельніцтва, і, нягледзячы на наяўнасць пэўнай колькасці гармат, была не здольная да доўгачасовай аблогі ўмацаваных местаў і замкаў.

Хоць спробы такія, мабыць, у разліку на эфект раптоўнасці, і рабіліся. І ўсё ж у голым полі, дзякуючы сваёй шматлікасці, гэта войска несла значную пагрозу для літвінаў (беларусаў) і палякаў, бо тыя не мелі ў мясцовасці, якая падпала пад напад, вялікіх вайсковых сіл.

У лісце Стравінскага да польскага караля, які той пісаў з Магілёва, ёсць спіс камандзіраў маскавіцкай (расейскай) арміі: гэта ваяводы Міхайла Кайтэраў, Андрэй Хварасценін, Раман Бутурлін, князь Міхайла Наздраваты, Іван Волхаўскі, Марцулей Шчарбаты, Іван Батурлін, Фёдар Фустаў, Міхайла Глебаў-Салтыкоў, Іван Барацінскі, Кулянчук-Чэрмікой (татарын), Уладзімір Халовіч, Васіль Янаў – данскі казацкі атаман, Ярмак Цімафеевіч – казацкі атаман, і нейкі Ізмайлаў.

У лісце Стравінскага называецца і колькасны склад войскаў ворага: «.. з якімі было люду татарскага, то бок цемнікаўскіх, кадомскіх, касімаўскіх, ваямаскіх, свіяжскіх і чабаксарскіх, а таксама маскавітаў 45 000, стральцоў маскоўскіх і конных з Дона агулам 1000".

Гэтае войска 25 чэрвеня 1581 года пераправілася праз Дняпро, і 27 чэрвеня ўжо было ў ваколіцах Магілёва. У той жа дзень, з падпалу прадмесцяў, пачаўся штурм места. Далей зноў дамо слова Стравінскаму, які пісаў каралю: "Яны (маскавіты) да самага астрога спрабавалі праткнуцца, каб і яго спаліць, чаго мы, з дапамогай Божай, страляючы з замка і з самага астрога, а гэтак жа маючы стральцоў у найбліжэйшых дамах, агнём з стрэльбаў і вылазкамі паспяхова абаранялі. На шчасце вашай каралеўскай міласці, і з Божай дапамогай, у гэтым прадмесці страт у людзях мы не мелі, і ў палон нікога з нашых яны не захапілі, а толькі дваіх паранілі і папалілі некалькі сотняў дамоў. Затое самі, як пад мурамі замка, так і астрога, шмат людзей страцілі».

Аднак наўрад жыхары Магілёва змаглі б доўга і паспяхова супрацьстаяць варожай арміі, калі б ім на дапамогу не прыйшлі прафесійныя вайскоўцы-гусары (рота Марціна Казаноўскага, якая налічвала 200 коннікаў) , а сям'ю гадзінамі пазней лёгкая кавалерыя (рота Цямрука Шымковіча, якая налічвала 164 коннікаў) і рота Крыштапа Радзівіла (150 коннікаў).

Падрабязнасці бітвы кавалерыі пад мурамі Магілёва дайшлі да нашых дзён дзякуючы шляхціцу Галоўчынскаму, які з спаленага Галоўчына, 30 чэрвеня 1581 года пісаў каралю: «Вашай каралеўскай міласці, Магілёва і прадмесцяў магілёўскіх некалькі соцень дамоў (маскавіты) папалілі, і людзей пабілі тых, якія не змаглі ўціснуцца ў замак і схавацца ў горадзе. Аднак жа з Божай дапамогай, вашай каралеўскай міласці жаўнеры роты яснавяльможнага пана Троцкага (Крыштапа Радзівіла), пана Казаноўскага і пана Цемрука, адразу ж сабраліся і далі адпор ворагу, і абаранілі замак і места, і бітву з імі мелі".

Ліст Галоўчынскага дапоўніў ксёндз Ян Пятроўскі, які пісаў 11 ліпеня 1581: "Сёння адтуль прыехаў Маркоўскі, паручнік роты Казаноўскага, які паведаміў, што 27 чэрвеня да Магілёва падышлі маскоўцы і татары, агульнай колькасцю блізу 30 000 чалавек. Людцы нікчэмныя, разбойныя, прыйшлі, каб Магілёў здабыць. А рота Казаноўскага, без ротмістра, прыбыла на дапамогу месту. У той дзень яны цэлых 7 гадзін з ворагамі біліся, адагнаўшы іх ад места і не даючы падступіць да яго зноў. Потым на дапамогу гусарам прыйшла рота пана Цемрука.

Маскавіты, губляючы мноствах людзей, адступілі да пераправы праз Дняпро. Нашы на гэтай пераправе білі іх і на другі бок прагналі, захапіўшы пры гэтым палонных, якіх згаданы мною пан Маркоўскі каралю адправіў. Рота Маркоўскага мела страты ў конях і параненымі - маскавіты ў іх з лукаў і стрэльбаў стралялі. Забітых, з ласкі Божай, ніводнага. Хоць у роце Казаноўскага таксама не знік ніхто, аднак жа, у роце Крыштапа Радзівіла, у якой паручнікам быў Халібек, іншых забілі, а траіх жывымі злавілі (паланілі): Гульскага, Жбікоўскага і Кураеда. І па той бітве Магілёў ацалеў...».

Адступіўшы ад Магілёва, маскавіты пайшлі на Оршу, руйнуючы і спальваючы на шляху вёскі. Урэшце 30 тысячнае войска-арда пайшла з Літвы, але Іван Жахлівы не згадзіўся з паразай. Таму неўзабаве... больш чым 100 тысячнае войска Рэчы Паспалітай уступіла ў межы Вялікага Княства Маскоўскага, і рушыла на Пскоў. Па ворагу быў нанесены папераджальны ўдар.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках