23 красавiка 2024, aўторак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Лукашэнку няма на каго абаперціся

53
Яўген Афнагель: Лукашэнку няма на каго абаперціся

Як памяняць уладу.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (БНК), каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- На пасяджэнні Рады БНК у чацвер вы падтрымалі вылучэнне Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Чаму?

- Выбары - не галоўнае. Важна гатоўнасць людзей, апазіцыі і яе лідараў абараняць вынікі выбараў, дамагацца выканання пастаўленых задач і рэальнай перамогі над дыктатурай.

Мікалай Статкевіч - моцны, смелы, сумленны і адказны палітык, які ўжо не раз узначальваў пратэсты і дамагаўся пастаўленых задач. Яго баіцца дыктатар, яму давяраюць людзі. Мікалай Статкевіч гатовы змагацца, ён верыць у перамогу і ў яго перамогу верыць яго асяроддзе - як з партыі «Народная Грамада», так і з іншых арганізацый, якія ўваходзяць у БНК.

На пасяджэнні Рады БНК я казаў пра настроі звычайных людзей, не звязаных з апазіцыяй. Яны ненавідзяць Лукашэнку, але шукаюць, хто мог бы стаць альтэрнатывай. Беларусам, у сілу традыцый, менталітэту важная персаніфікацыя тых, хто хоча перамен у Беларусі. «Хто можа перамагчы Лукашэнку?» - гэта адно з самых распаўсюджаных пытанняў. Нашым суайчыннікам трэба бачыць прыклад асабістай мужнасці. А Мікалай Статкевіч дэманстраваў яе неаднойчы.

- А якія цяпер настроі ў людзей? Пра што яны гавораць на сустрэчах з вамі, з вашымі калегамі па апазіцыі? На чыім яны баку?

- На самай справе адказ на гэта пытанне вядомы большасці насельніцтва Беларусі. Вельмі складана не тое, што знайсці чалавека, які ўважае, што Лукашэнка папулярны, а нават таго, хто ўважае, што такое пытанне дарэчнае.

Большасць людзей ненавідзяць дыктатара і ягоных набліжаных многія хочуць змяніць тое становішча рэчаў, якое цяпер склалася. Вядома, далёка не ўсе з іх гатовыя прама цяпер выйсці на вуліцы пратэставаць. Але пытанне пра давер Лукашэнкі ў Беларусі ўжо даўным-даўно не стаіць. Гэта паказалі і маршы абураных беларусаў у 2017 годзе, гэта відаць і з выказванняў людзей цяпер.

Аб'ектыўнай сацыялогіі ў Беларусі цяпер няма, але ва ўмовах дыктатуры добра працуе «сарафаннае радыё», людзі маюць зносіны паміж сабой. Старэйшае пакаленне беларусаў памятае сітуацыю, калі ў познім СССР пераважная большасць насельніцтва краіны смяялася са састарэлых архаічных палітыкаў, якія спрабавалі рабіць выгляд, што ўсё яшчэ кантралююць сітуацыю.

Мы ведаем, да чаго гэта прывяло: так пачыналася перабудова і развал Савецкага Саюза. У той час як прапагандысты на цэнтральнай тэлевізіі казалі пра тое, што «краіна развіваецца», большасць людзей не верылі ім і даведваліся на кухнях, ля пад'ездаў, у завадскіх «курылках». Тое ж самае адбываецца цяпер.

З моманту стварэння БНК мы адсочваем настроі людзей, бо для нас вельмі важна ўцягнуць у палітычнае жыццё тых, хто не з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных партый. Мы бачым рэальную карціну, якая склалася не толькі ў маленькіх населеных пунктах, але і ў гарадах-статысячнік, і ў абласных цэнтрах, дзе рэальны заробак - 150 - 200, ад сілы 300 рублёў.

Мы ведаем сітуацыю ва Усходняй Беларусі, дзе 70% рэгіёнаў - дэпрэсіўныя раёны, насельніцтва якіх з'язджае на заробкі ў Расею і нават ва Украіну. Мы ведаем, як спрабуюць выжыць жыхары Берасця і Горадні пасля ўвядзення абмежаванняў на мяжы. Мы ведаем, колькі атрымліваюць работнікі на менскіх заводах, якія калісьці былі гонарам беларускай прамысловасці.

У Раду БНК уваходзяць прадстаўнікі ўсіх абласных цэнтраў і буйных гарадоў. Лукашэнку ненавідзяць больш за 80% беларусаў, гэтая ўпэўненасць заснаваная на рэальных зносінах з людзьмі.

- Вы казалі, што Мікалай Статкевіч і яго каманда нацэленыя на перамогу. Якім чынам можна перамагчы дыктатуру ў Беларусі?

- Шлях да перамогі будзем складаным. Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў краіне спрыяе пераменам, усім нам давядзецца прыкласці вельмі шмат высілкаў, каб скарыстацца гэтым момантам, перамагчы дыктатуру і здабыць незалежнасць для краіны.

Ужо цяпер мы пачынаем ствараць ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Мы звернемся да нашых старых паплечнікаў - тым, хто быў з намі ў 2010 і ў 2006 годзе - з заклікам падтрымаць нас у гэтай барацьбе. Мы звернемся да тых, хто выходзіў на акцыі пратэсту ў 2017 годзе. Самая галоўная задача - уцягнуць у кампанію новых прыхільнікаў перамен - большасць насельніцтва краіны.

Усім зразумела, што сумленных выбараў у краіне няма, ніхто не будзе па-сапраўднаму падлічваць галасы. Перамогу трэба будзе абараняць на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў.

Лукашэнка баіцца не толькі ўласнага народа - ён баіцца і яго рэальных лідараў. Таму рэжым спрабуе нейтралізаваць тых, хто карыстаецца рэальнай падтрымкай людзей: гэта і Мікалай Статкевіч, і Павел Севярынец, і Генадзь Фядыніч.

Для гэтага фабрыкуюцца новыя крымінальныя справы, праз гэта адмаўляюць у рэабілітацыі палітвязням - героям Плошчы 2010 года.

Першая задача - вярнуць нашым лідарам права на ўдзел у выбарах. Пасля гэтага нам трэба будзе перамагчы на выбарах і абараніць свой выбар.

- А ў чым заключаюцца слабасць пазіцыі вашага спаборніка?

- Лукашэнка раней неаднаразова называў, на каго ён абапіраецца, каго лічыць сваім электаратам. У розныя часы гэта былі пенсіянеры, прафсаюзы, жанчыны, часам - моладзь. Дыктатар называў самыя розныя сацыяльныя групы.

Звярніце ўвагу, што ў апошнія пару гадоў ён такога не кажа. Проста таму, што разумее, што страціў рэальную падтрымку практычна ўсіх сацыяльных груп.

Яго падтрымлівае толькі яго асяроддзе (і тое, выключна праз страх), прыдворныя алігархі і невялікая частка сілавікоў, на якіх і трымаецца ягоны рэжым. Цяпер у Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя: у Лукашэнкі няма сацыяльнай групы, на якую ён мог бы абаперціся. Для любога палітыка - гэта канец. Вобразна кажучы, дыктатар з найбліжэйшым асяроддзем замкнуўся ў абложанай крэпасці і аблогу трымае практычна ўвесь народ.

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках