20 красавiка 2024, Субота, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адмаўляюцца пускаць у дом «агентаў Лукашэнкі»

134
Беларусы адмаўляюцца пускаць у дом «агентаў Лукашэнкі»

Перапіс насельніцтва паказаў татальны ўзровень недаверу да дзяржаўных інстытутаў.

– Нічога я ім не раскажу. Прыйдуць перапісчыкі – не адчыню. Трэба мне, каб потым супраць мяне гэта выкарыстоўвалі, – падслухала ў тралейбусе размову мужчынаў сярэдняга веку журналістка «Заўтра тваёй краіны».

Падобныя думкі выказваюць карыстальнікі форумаў і сацыяльных сетак. Галоўны страх у тым, што пададзеную падчас перапісу інфармацыю могуць перадаць іншым дзяржаўным органам (падатковай, КДБ, міліцыі) і выкарыстаць супраць грамадзянаў.

Якіх маштабаў дасягнуў недавер насельніцтва да дзяржорганаў – пра гэта апавялі сацыёлаг Алена Арцёменка і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Беларусы не давяраюць чыноўнікам

– Я б падзяляла недавер да дзяржаўных інстытутаў і асцярогі за захаванасць асабістых звестак. Адносна асабістых звестак непакой ёсць, у тым ліку праз навізну гэтай тэмы. З іншага боку, варта было б баяцца хутчэй таго, што асабістыя звесткі стануць даступныя ашуканцам, чым органам унутраных справаў або дзяржкіравання, і задавацца пытаннем пра механізмы абароны, – адзначае сацыёлаг Алена Арцёменка.

Перапіс насельніцтва выклікае павышаную ўвагу і насцярожанасць у сілу таго, што ён праводзіцца даволі рэдка, адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У той самы час асцярогі часткі насельніцтва пацвярджае той невысокі ўзровень даверу дзяржаўным інстытутам, які неаднаразова паказвалі вынікі розных апытанняў.

– Сацыёлагі часта аперацыяналізуюць давер як гатоўнасць звярнуцца ў складанай жыццёвай сітуацыі: паводле вынікаў гэтага даследавання да сям'і б звярталіся 82% беларусаў, да калег і знаёмых – 39%, а да міліцыі – 27%. Гэта не такі ўжо нізкі адсотак, у параўнанні з мясцовымі (14%) і цэнтральнымі (5%) уладамі, – адзначае Алена Арцёменка.

Аляксандр Класкоўскі нізкі ўзровень даверу дзяржаўным інстытутам тлумачыць агульнай палітыкай уладаў у дачыненні да насельніцтва.

– Дзяржава ў аднабаковым парадку ўразае свае абавязальніцтвы і сацыяльныя гарантыі, дзейнічае паводле прынцыпу «круціцеся самі». Да таго ж Беларусь – гэта класічная паліцэйская дзяржава, якая праз сваіх чыноўнікаў (і ў пагонах, і цывільных) даволі бесцырымонна залазіць у асабістае жыццё чалавека і не заўсёды пры гэтым прытрымліваецца літары закону, – кажа эксперт.

Узмацняе незадаволенасць і сумневы яшчэ і сацыяльнае расслаенне, якое часам выбудоўваецца не натуральным шляхам, а праз несумленныя механізмы, сувязі і карупцыю.

– Мы бачым «царскія сёлы», як раз за разам ловяць высокапастаўленых карупцыянераў, у той час як у дэпрэсіўных рэгіёнах людзі не могуць знайсці працу хоць бы за 300–400 рублёў, – дадае Аляксандр Класкоўскі.

Стаўленне людзей для ўлады – не навіна

У той самы час кіраўніцтва краіны ведае пра рэальную карціну і нізкую ступень даверу да дзяржінстытутаў. Нават калі ўлады ўбачаць у справаздачнасці перапісчыкаў, што пра гэта думае насельніцтва, гэта не стане для іх адкрыццём.

– Не думаю, што там так ужо ўразіла, пасыплюць галаву попелам і пабягуць прасіць прабачэння перад шырокімі народнымі масамі, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт мяркуе, што рана спадзявацца на пазітыўныя змены, паколькі сістэма сама сабой не дэмакратычная. Ды і чыноўнікі адчуваюць адказнасць не перад народам, а перад кіраўніком.

Алена Арцёменка падкрэслівае: умацаванне даверу – гэта доўгі працэс, у якім важная прадказальнасць дзеянняў уладаў, захаванне ўсіх прынцыпаў прававой дзяржавы і ўвага інстытутаў да меркавання людзей.

– А ў нас закон аб зваротах ёсць і фармальна працэдуры выконваюцца, але рэальнае развязанне пытанняў залежыць ад волі чыноўнікаў, – адзначае сацыёлаг.

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках